Янка Маўр — Слёзы Тубі

Янка Маўр

Увага! Поўны змест

  Маленькі Тубі ўвесь свой маленькі век пражыў на беразе мора. Заўсёды перад яго вачыма была бязмежная прастора — то ціхая, ласкавая, то бурная, злосная. Сонца кожны дзень вылазіла з вады з правага боку, праходзіла над самай галавой і хавалася ў ваду з левага боку.
  I ўсё сваё жыццё Тубі чуў, як хвалі набягалі на нізкі пясчаны бераг і спявалі сваю адвечную песню. З ёю ён уставаў, з ёю ён клаўся спаць, яе ён чуў, калі прачынаўся ўначы, не заціхала яна і ў пякучы поўдзень, калі ўсё жывое хавалася ў цень. Ён і ўявіць сабе не мог, што дзе-небудзь на свеце можа быць такое месца, дзе не чуваць гэтай песні. Часамі, калі ўздымалася бура, гэтая песня пераходзіла ў злоснае выццё, але маленькі Тубі зусім не баяўся гэтага выцця, як не баялася вунь тая чайка, што лётае над морам.
  А ззаду, за спіной, за хацінамі, пачынаўся лес, а што было за ім — Тубі не ведаў. Чуў ён часам, як казалі пра нейкія землі, гарады, розныя дзіўныя краіны, але ўявіць сабе гэтага не мог. Ну, адкуль жа можа ўзяцца нешта другое, апрача яго берага і мора?
  Праўда, ён часта бегаў туды, каб сцягнуць какосавы арэх, банан ці яшчэ якую дробязь, але больш часу праводзіў у вадзе і адчуваў сябе ў ёй як рыба.
  Яны жылі ўдваіх з маткай у хацінцы з галля. Бацька памёр тры гады назад, калі Тубі было восем год.
  Ён добра памятаў свайго бацьку. Чорны, худы, як шкілет, і ўсё харкаў крывёю.
  Кожны год у красавіку наязджалі сюды людзі з чорнымі бародамі, у белых халатах, на белых лодках. Яны мелі шмат лодак, набіралі шмат людзей. У тым ліку быў і бацька Тубі.
  Лодкі ад’язджалі ў мора, станавіліся там у рад, і голыя чорныя людзі кідаліся ў мора, давалі нырца і праз мінуту-другую вылазілі. Кожны з іх меў пры сабе кошык, і ў гэты кошык яны збіралі на дне мора чарапашкі.
  Людзі з чорнымі бародамі і ў белых халатах сядзелі на беразе ў шатры. Перад імі стаялі розныя стравы і пітво, яны ў біноклі глядзелі на мора, часам аддавалі загады.
  У поўдзень рабілі перапынак. Лодкі пад’язджалі да берага, людзі зносілі ў шатры чарапашкі. Тут іх разбівалі і чагосьці шукалі ў сярэдзіне. Адны са злосцю адкідалі ўбок, у другіх знаходзілі нейкія бліскучыя, светлыя каменьчыкі. I тады дзядзькі ў белым пстрыкалі пальцамі, шчэрылі белыя зубы і казалі:
  — О, гэта добра!
  — Гэтая штукенцыя можа даць тысяч дваццаць!
  А людзі, што лавілі гэтыя чарапашкі, ляжалі на беразе ледзь жывыя.
  I шмат у каго з рота ішла кроў.
  Асабліва ў бацькі Тубі.
  Тубі падыходзіў да яго, плакаў, падносіў яму вады. Бацька ўсміхаўся, прабаваў жартаваць з сынам, але гэта неяк не ўдавалася.
  Праз гадзіну давалі сігнал, і людзі зноў адпраўляліся ў мора. Зноў пачыналася тое самае ныранне.
  Пад вечар бацька прыходзіў дахаты і як камень валіўся на пасцель. Маці клапацілася, даглядала яго, карміла, але яму нічога ў горла не ішло.
  I так было кожны дзень, цэлы месяц, без ніякага перапынку.
  У апошні дзень бацька прынёс маці трохі грошай. Выгляд яго быў ужо зусім дрэнны.
  Матка засумавала.
  А назаўтра бацька памёр.
  Яшчэ памятае Тубі, як бацька аднаго разу ўзяў яго з сабою, і раніцою, да святла, яны адны выехалі ў мора.
  Там бацька пакінуў Тубі ў лодцы, а сам нырнуў у мора.
  Але на беразе падняліся крыкі, шум; да іх выехалі дзве лодкі, бацьку схапілі, білі, пацягнулі кудысь. Ён вярнуўся толькі праз некалькі дзён. I доўга пасля таго бацька і маці былі сумныя і хмурыя.
  Тубі зразумеў толькі, што бацьку білі за тое, што ён нырнуў сам, адзін у чужое мора, што гэтае мора і чарапашкі належаць нейкаму пану.
  Некаторы час пасля гэтага Тубі баяўся купацца ў чужьш моры, але яго ніхто не ганяў, і ён тады супакоіўся.
 

* * *

  I вось аднаго разу маці сказала Тубі, што яму трэба вучыцца, што яму прыйдзецца хадзіць за тры кіламетры ў «школу». А потым маці павяла яго і пакінула ў «настаўніка».
  Гэты настаўнік, відаць, быў вельмі сярдзіты, бо заўсёды трымаў у руцэ бізун.
  Вучняў набралася чалавек пятнаццаць.
  Пачалося навучанне. Настаўнік узяў пяць белых, досыць вялікіх каменьчыкаў, даў хлопцам, каб яны добра прыгледзеліся да іх, кінуў каменьчыкі ў мора і загадаў пяці хлопчыкам, каб кожны з іх дастаў па каменьчыку.
  Хлопцы нырнулі, вынырнулі. Чатыры хлопчыкі прынеслі па каменьчыку, а пяты не знайшоў. Тады настаўнік сцебануў яго бізуном па голай шчуплай спіне… Дайшла чарга да Тубі. Ён плаваў і ныраў, можа, лепш за ўсіх хлопчыкаў, але пры думцы, што яму можа не пашанцаваць, што тады ён таксама атрымае бізуна,— пры гэтай думцы ў яго цямнела ўваччу.
  Раз, два, тры! Каменьчыкі паляцелі ў ваду, хлопцы — за імі. Тубі адразу заўважыў, што тутака зусім неглыбока і светла, і гэта супакоіла яго. Шырока раскрытымі вачыма стаў ён прыглядацца да дна. Зеленаваты колер вады, выгляд дна, мігценне святла — усё гэта яму было добра знаёмае. Бяда толькі, што на дне многа было другіх каменьчыкаў, сярод якіх цяжка было знайсці той, што кінуты.
  Вось ён заўважыў свой каменьчык і кінуўся да яго, але разам з ім кінулася туды нейкае страшыдла. Тубі аж адхіснуўся, але зараз жа сцяміў, што гэта яго таварыш. Той ужо працягваў руку да каменьчыка.
  У галаве Тубі агнём бліснула думка, што калі ён упусціць, дык атрымае бізуна.
  Ён напружыўся, штурхануў таварыша і выхапіў каменьчык у яго з-пад носа.
  Выйшлі на бераг, падалі настаўніку каменьчыкі. Падаў і той хлопчык, але…
  — Не той! — зароў настаўнік. — Ты сляпы ці што? Дык я цябе навучу добра глядзець.
  I на цёмнай спіне хлопчыка з’явіўся спачатку белы, а потым чорны шрам.
  Заліўся хлопчык слязьмі, а следам за ім і Тубі.
  — Чаго ж ты, дурань, равеш? — кажа яму настаўнік.
  Але не мог Тубі сказаць, што гэты ўдар яго таварыш атрымаў праз яго, Тубі.
  Навука ішла шмат тыдняў, месяцаў.
  Каменьчыкі кідаліся ўсё глыбей і глыбей. Потым яны рабіліся ўсё меншыя. Потым сталі кідаць чарапашкі, якія так цяжка было разгледзець у вадзе.
  I чым цяжэйшымі рабіліся заданні, тым часцей сыпаліся бізуны…
 

* * *

  Скончылі першы клас, перайшлі ў другі.
  Трэба было навучыцца як мага болей трымацца пад вадой.
  Выехалі на лодцы ў мора. Спусцілі якар, а да яго прывязалі кошык. Трэба было адным духам адвязаць пад вадой кошык і вынесці на паверхню.   Вузлы спачатку былі простыя, а потым усё хітрэйшыя і хітрэйшыя…
  I бізуны сталі ўсё часцейшыя і часцейшыя…
  Нырнуў Тубі, пачаў адвязваць кошык. Спяшаецца, рукі дрыжаць, а духу ўжо не хапае. Яшчэ трымаецца секунду, другую; кошык вось-вось будзе адвязаны, але ўжо ў галаве памуцілася, у вушах звініць, ужо вада ў нос набіраецца.
  «Не, не магу. Хай сабе б’е».
  I ён кідае ў той момант, калі кошык быў, можна сказаць, Ужо адвязаны. Але настаўнік яго не біў. Бо Тубі зваліўся на дно лодкі ў непрытомнасці, і з носа яго, як калісьці ў яго бацькі, паказалася кроў…
 

* * *

  Вучэнне скончылася. Тубі мае дванаццаць год і ўжо можа падзарабляць. Праўда, не столькі, як дарослы, але яго больш ахвотна бяруць, бо навуку скончыў ён першым.
  Працуе ён на меншай глыбіні, бліжэй да берага. Не толькі таму, што ён не можа ныраць там, далей, а яшчэ і таму, што небяспечна. Дарослыя апрача кошыка бяруць з сабою яшчэ вялікі нож, а хлопчыкі за іх спіною могуць і без зброі быць.
  Прычапіў сабе Тубі кошык, узяў у рукі вялікі камень, каб хутчэй і лягчэй пайсці на дно, і нырнуў на дванаццаць метраў у глыбіню. (Дарослыя апускаюцца нават на дваццаць метраў.)
  Вось ён на дне. Але не роўны пясочак там, а скалы, чорныя, кашлатыя, аброслыя слізкай расліннасцю. Святла ўжо меней даходзіць сюды, паміж скал нейкія чорныя яміны, дзе варушыцца нешта скручанае, свеціцца нейкае вока.
  Вось на адным камені ён заўважыў чарапашкі, борздзенька згроб іх, паклаў у кошык і ўжо быў накіраваўся ўверх, як заўважыў, што зрабілася цёмна, нібы нешта зверху заступіла святло.
  Зірнуў — плыве на яго ўжо сапраўднае страшыдла, рыбіна метраў чатырох даўжыні з страшэнным ротам, пастаўленым неяк упоперак пад галавою, з вялікімі міргаючымі вачыма. У расчыненым роце відаць велізарныя зубы. Гэта і быў той самы страшны вораг — акула, супраць якой бралі людзі кінжалы.
  Кінуўся Тубі ў адзін бок, кінуўся ў другі, паказаўся ўжо над вадой, але… Жудасны крык… хруснулі косці, а з імі разам і кошык… Тубі загінуў…
  Людзі з усіх бакоў спяшаліся на дапамогу. Акула досыць нязграбная і няспрытная, людзі могуць з ёй справіцца. Не паспела яна павярнуцца, як некалькі кінжалаў прабілі яе.
  Затрапяталася звяруга, нават аглушыла хвастом аднаго чалавека. Запенілася мора, але белая пена была афарбавана крывёю акулы.
  Не прайшло ёй дарма гэтае злачынства, загінула і яна.
  Пацягнулі акулу да берага, разрэзалі ёй горла і бруха і там знайшлі беднага Тубі з яго кошыкам.
  А ў кошыку некалькі чарапашак.
  Лапы гаспадароў адразу ж пацягнуліся да чарапашак. Разбілі адну, раздушылі другую, а ў трэцяй знайшлі вялізную прыгожую жамчужыну.
  Заблішчалі вочы ў гаспадароў, пстрыкнулі яны пальцамі:
  — Во, гэта — рэч! Тысяч пяцьдзесят будзе.
  Стаіць, галосіць матка над тым, што засталося ад яе сына. Кляне той лёс, які ўзяў ад яе мужа і сына. Хмура глядзяць голыя людзі на бязвінную ахвяру, слаўнага, спрытнага маленькага Тубі.
  Памякчэлі нават і сэрцы людзей у белых халатах. Нягледзячы на тое, што Тубі працаваў толькі сем дзён, яны заплацілі матцы за ўвесь месяц і, апрача гэтага, дадалі яшчэ сто рупій (каля пятнаццаці рублёў).
 

* * *

  Праз некалькі месяцаў у Лондане быў баль у міністра замежных спраў. Запрошаны былі такія паны, што на кожным з іх каштоўнасцей было не менш як на сто тысяч. Але ж і сярод такіх багацеяў агульную ўвагу звярнула на сябе жонка «нафтавага караля», лэдзі Сміт. Яна ўся ззяла золатам і брыльянтамі. А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына. У залатой аправе, тонка адшліфаваная, яна вісела на грудзях, нібы жывая. Бледны колер, мяккія пералівы святла, аксамітны выгляд — усё гэта вабіла і цешыла вока. Не хацелася верыць, што гэта толькі камень.
  — Пяцьдзесят тысяч каштуе! — шапталіся зайздрослівыя пані.
  — Нездарма легенда кажа, што гэта скамянелыя божыя слёзы.
  Не ведалі яны, што гэта не божыя слёзы, а слёзы маленькага голага чорнага Тубі з вострава Цэйлон.

1926 г.

Сказать спасибо
( 10 оценок, среднее 4.1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений