Янка Сіпакоў — Уваходзіны ў паэму

Янка Сіпакоў

Эпіталама

Верасню прысвячаецца

Хвала яму, жоўтаму свату, –
Сягоння ў нас уваходзіны:
У новую, незвычайную хату
З табою нясмела ўваходзім мы.

Тут сцены – закрытыя вочы.
Страха ўся з лістоты сатканая.
I ложак – пінжак мой святочны
На кветкі пасланы, каханая.

Дык пойдзем хутчэй жа, мой голад,
Куды ты захочаш, харошая…
Рыпіць і пяро і голас:
«Са шлюбам законным! I грошы з вас…»

Ах, рэгістратар! Усмешкі хоць трошкі
Адпусціце без плана для радасці…
Але ён, нібы скнара грошы,
Усмешкі схаваў: ці не ўкрадуць іх?

I сябры з такой жа гаворкай:
«Ад імя, з даручэннямі вуснымі…»
Што ж, я сам сабе крыкну: «Горка!»,
Каб напіцца тваімі вуснамі!

Дык пойдзем хутчэй. Нас чакаюць
Невядомыя уваходзіны…
Я паэмай яго называю,
Гэты храм, куды ўваходзім мы.

У паэме будуць, няйначай,
Свае адступленні лірычныя:
Першы сын неўзабаве заплача,
Першы ўнук падасць голас зычны нам.

Цяпер жа глядзіць з-пад далоні
I чакае даўно нас Верасень…
Жоўты ліст,

жоўты лес,

жоўты промень

I радасць, як сонца, уперадзе.

Жоўта… Не любіш?.. А я дык рады,
Што промняў столькі намолата…
Кажуць: жоўтае – колер здрады.
Не вер! Гэта колер золата!

Па жоўтай дарозе ідзём мы
У залатое вяселле звонкае…
Смялей жа ступай у паэму
Маёю

вечнаю

жонкаю.

 

Крыніца: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 431 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий