Янка Сіпакоў — Жыццё

Янка Сіпакоў

Ціша над лугам такая,
Як птушка ў гняздзечку жыве.
Сонечны промень шукае
Штосьці ў зялёнай траве.

Краскі, бы гронкі салюта,
Святочна ўзлятаюць з зямлі.
Пахне і мята, і рута,
Гудуць клапатліва чмялі.

Вецер ласкавым павевам
Перабірае лісты.
Чутна, як дыхаюць дрэвы
I размаўляюць кусты.

Птушкі смяюцца і дзеці –
А смех іх шчаслівы такі!
Над імі – чысцейшы на свеце
Незамутнёны блакіт.

На лузе, нібыта на свяце,
Стаю ў неспатольнай любві…
Як боязна ўсё гэта страціць,
Як страшна ўсё гэта згубіць.

I быццам дзіця, гэтаксама
Ў здзіўленні гляджу на траву:
– Як рады, як рады я, мама,
Што проста на свеце жыву!

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий