Янка Журба — Коцік

Янка Журба

(Паводле народнай песні)

Хлопчык любіць коціка,
Лашчыць ён варкоціка, —

Коцік міл яму.

З ім на двор гуляць ідзе,
Часта малачка дае

Ён сябру свайму.

Ходзіць коцік беленькі,
Хвосцік яго шэранькі,

А бяжыць — стралой.

К хлопцу прытуляецца,
Спінкай выгінаецца,

Хвост яго — дугой.

Як убачыць птушачку,
Хутка шчабятушачку

Хоча ён схапіць:

Вочкі разгараюцца,
Кіпці выпускаюцца,

Ён за ёй бяжыць.

Поўсць яго пушыстая,
Беленькая, чыстая,

Мяккая, як лён.

Мышкі, сцеражыцеся,
Ціха!.. беражыцеся!

Ўміг вас зловіць ён.

1921

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий