Яраслаў Пархута — Бомжык

Яраслаў Пархута

  Да пад’езда аэрапорта падалі электравозік, і пасажыры пачалі спешна пакідаць памяшканне. Ішлі неяк нязвыкла, цугам, несучы важкія чамаданы, валізы і сумкі-баулы. Замыкаў той жывы ланцуг рыжанькі, прыземістага расточку і наўздзіў худы сабачка.
 – Бомжык, – сказала жанчына, што крочыла паперадзе мяне ўлегцы і пад ручку з мужчынам. – Каторы год і праводзіць, і сустракае самалёты. Давай-ма забяром яго сабе!
 – Паршыўца гэтага? – засмяяўся мужчына. – Хіба на жывадзёрню!..
 Электравозік скрыгатліва расчыніў дзверы, увабраў у сябе людзей і рушыў да самалёта. Следам, апусціўшы голаў, бытта прынюхваючыся да нечага, бег Бомжык.
 Пакуль мы падымаліся па трапе ў салон, пакуль уладкоўваліся на сядзенні, Бомжык стаяў трошкі воддаль самалёта і тужліва пазіраў на яго.
 – Вернасці сабачай цаны няма, – зноў пачуўся знаёмы жаночы голас.
 – Што праўда, то праўда, – на гэты раз пагадзіўся мужчына. – Чалавек здрадзіць можа, сабака – не.
 Запрацавалі маторы. За ілюмінатарамі ўзняўся віхор. Ён гнаў перад сабою апалае лісце, сухія травіны, шматкі паперы. Раптам віхор бытта штурхануў Бомжыка, і той неяк бачком адляцеў метры на два ад таго месца, дзе стаяў, але цудам утрымаўся, прыціснуўшыся да зямлі. Цяпер ён быў падобны болей на мокрую мыш, чым на сабаку, – гэтак усё на ім было прылізана ветравым патокам.
 Нарэшце наш АН-24 развярнуўся і, паволі набіраючы скорасць, паімчаў па ўзлётнай паласе.
 …Усе тыя дні, што давялося прабыць у далёкім горадзе на Дняпры, я не-не ды і ўспамінаў Бомжыка, і ў сэрцы маім расло шкадаванне да яго. Бачыліся і ягоныя вочы – два спелыя каштаны. У іх было поўна адчаю і яшчэ нечага, незразумелага мне. Аднойчы ён нават прысніўся. Бытта ішлі з ім палявою дарогаю, і Бомжык увесь час то забягаў наперад, то лашчыўся ля ног і ўсё стараўся лізнуць мне руку…
 Вяртаўся я дамоў праз тыдзень. Пасля Дняпра Менск выглядаў даволі панура. Амаль усе дрэвы скінулі парудзелую лістоту. Церусіў дробны асенні дождж. Самалёт збочыў з пасадачнай паласы, падбег да стаянкі і спыніўся. Вось і маторы заглушаны. Вось і электравозік прыімчаў, прыняў усіх нас і накіраваўся да будынка аэрапорта. Недзе на паўдарозе я згледзеў: следам бег Бомжык.
 Я дастаў канапку, што далі мне з сабою для перакусу, разгарнуў паперку і, калі пасажыры падняліся па каменных сходках у памяшканне вакзала, клікнуў Бомжыка. Той падбег, прысеў насупраць, пільна пазіраючы на мяне. Я працягнуў яму канапку. Дзве лустачкі батона, між якімі ружавеў тонкі скрылік «конскай» каўбасы, Бомжыку надалі смеласці. Асцярожна, каб, крый Бог, не зачапіць зубамі маіх пальцаў, сабака ўзяў канапку і паволі патрухаў да бетоннай агароджы.
 …Нядаўна зноў давялося ўбачыць Бомжыка. Аб’явілі пасадку, а электравозік да пад’езда чамусьці не падганялі. Праз шкляныя дзверы відно было, як на аэрадромаўскім полі гуляла мяцеліца. Пасмы снегавога пылу няспынна плылі па шэрым бетоне і нагадвалі белыя ручаіны.
 Раптам у куточку паміж каменным бардзюрам і сходкамі, што вялі ў будынак, заўважыў Бомжыка. Ён ляжаў, скруціўшыся абараначкам, і ля яго ўвачавідкі расла гурбачка снегу. Два каштаны сабачых вачэй казалі, што Бомжык не памёр, што Бомжык жывы, што Бомжык некага і цяпер чакае.
 Аднекуль з’явіўся падмятайла. Высокі, у сіняй фуфайцы і жоўтай безрукаўцы паверх яе. Твар падмятайлы быў чырвоны і ажно ласніўся. Убачыў Бомжыка – замахнуўся мятлою. I таго як здзьмула з аблюбаванага месца. Да майго слыху даляцеў ледзь улоўны сабачы енк і хрыплы, бытта прастуджаны, голас падмятайлы:
 – Гіцля на цябе няма, падла! Гіцля!..
 У тую хвіліну мне чамусьці шкада стала людзей.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий