Яраслаў Пархута — Дразды

Яраслаў Пархута

  Сонца прыгравала ў плечы. Зрэдку налятаў ветрык, прабягаў па верхавінах елак, і яны пачыналі сеяць на дол крылатыя семкі. Цішынёю і спакоем жыў лес. Ды раптам паблізу нехта свіснуў. Раз. Другі. Падумалася: мо хлапчукі прыбеглі? Ажно не. Пераклікаліся дразды.
 – Чу-еш, чу-еш, чу-еш! – гукаў адзін.
 – Чую, чую, чую! – далятала здаля.
 – Дзе ты, дзе ты?
 – Вось тут, вось тут!
 – Ляці-ляці-ляці!
 – Па-чча… пача… пачакай! Пап’ю вадзіцы. Вадзіцы пап’ю!
 – Папі-папі-папі! – пагаджаўся той.
 Недзе па другі бок бору пачуўся матацыклет. Ён, відаць, забуксаваў па раскіслай лясной дарозе, бо ўсё траскацеў і траскацеў.
 – Ці чуеш? Ці чуеш? – занепакоіўся дрозд, што быў бліжэй да мяне.
 – Ліха з ім! – адказаў напарнік. – Ляцім!
 I дразды паляцелі. Я цяпер чуў толькі прыглушаны адлегласцю птушыны неспакой:
 – Ці сіта ўзяў? Нясі сітам вадзіцу. Ва-дзі-цу!.. Я прыспешыў крок. Няхай дамаўляюцца. Іхняя пара!

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений