Яраслаў Пархута — Хвалькі

Яраслаў Пархута

  Аднойчы на пажоўклы кляновы лісток, што прыбіўся ветрам да плота, апусціліся тры сняжынкі – Зорачка, Выцінанка і Крупінка. Паляжалі хвіліну-другую, паўзіраліся, як іхнія сяброўкі кружацца ў паветры, ды пачалі выхваляцца адна перад адной. Сняжынка Зорачка сказала:
 – Я самая прыгожая! За гэта мяне і паважаюць. Нездарма партрэт мой па многіх краінах разышоўся.
 Сняжынка Выцінанка абурылася:
 – Кіназорка знайшлася! Самая прыгожая – гэта я. З мяне дзяўчаты некалі нават фасоны здымалі, калі папяровыя фіранкі рабілі.
 Сняжынка Крупінка таксама не ўтрымалася:
 – Я самая прыгожая! I кругленькая, і мякенькая, быццам клубочак, які кацяняты на падлозе качаць любяць.
 Пачула тую пахвальбу Сонейка, выглянула з-за хмаркі і сказала:
 – Як на мой розум, то ўсе вы прыгожыя. Кожная па-свойму. Так што супакойцеся, пакіньце сварыцца.
 – Не! – запярэчылі ў адзін голас Зорачка, Выцінанка і Крупінка. – Ты зірні ўважліва! Тады ўбачыш, каторая з нас прыгажэйшая.
 Сонейка кінула на кляновы лісток сноп прамянёў і не паспела прыгледзецца, як усе тры сняжынкі расталі. Ператварыліся ў аднолькавыя малюсенькія кропелькі. А пасля яны збегліся ў адно месца і сталі… Кропляй.
 Кропля крутанулася, паглядзела туды, паглядзела сюды і сказала Сонейку:
 – Самая прыгожая – гэта я, Кропля! Калі пажадаю, то магу і Сонцам зрабіцца. Яркім. Залацістым. Во якая я!..
 Пачула Сонейка тую пахвальбу і схавалася за хмарку. Аднекуль прыляцеў вецер, шугануў уздоўж плота. Кроплі не стала – расплылася на лістку мокрай плямай.
 Кляновы лісток, які дагэтуль маўчаў, ажно зморшчыўся:
 – Хвалькі!

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий