Яраслаў Пархута — Лесавічок

Яраслаў Пархута

(урыўкі)

 На палянцы, у старым пяньку-церамку, жыў Лесавічок. Не абы які Лесавічок. Ён умеў казкі складаць!
 Уведала пра гэта Сарока і навіну па ўсім лесе разнесла. Збегліся на палянку і старыя, і малыя. Шашок прапанаваў:
 – Пакуль Лесавічок адпачывае, выкрадзем у яго казкі і прачытаем!
 Выкрасці то выкраў, а разабраць, што на кляновых лістках напісана, не змог.
 I Крот акуляры дома пакінуў. I Сава яшчэ вочы не прадрала. Выручыў Вожык. Ён прысеў пад елачкай, узяў верхні лісток і пачаў чытаць:

 Казка пятая — Шалястунчыкі

  У суседняй пушчы жылі Мядзведзь з Мядзведзіхай. У іх быў сынок-пестунок, якога Мішкам звалі. Здаецца, нічога сабе пестунок, а вечна хадзіў пануры. Сонца свеціць, аблачыны бягуць па небе, ветрык у лістоце гуляе, а ён – крывіцца. Птахі пяюць, матылі пырхаюць, пчолы над кветкамі шчыруюць, а ён – крывіцца. Усё Мішку не так, усё не гэтак.
 Але найболей не любіў ён заданні дамашнія рабіць. Два словы, як кажуць, звязаць ленаваўся. Вернецца, бывала, з лясное школы, за стол у сваім берлагу сядзе, а не чытаецца яму, не пішацца.
 Аднойчы сядзеў вось гэтак Мішка за сталом, сядзеў і раптам заснуў. I прысніўся яму незвычайны сон. Быццам ва ўсім, што з ім адбываецца, вінаватыя шалястунчыкі – вясёлыя чалавечкі, што пад лісцем на дрэвах жывуць. Быццам яны знарок гушкаюцца на галінках, шалясцяць, думаць яму перашкаджаюць. Не вытрымаў Мішка, выскачыў з берлагу, узабраўся на дуб, што паблізу стаяў, і давай страсаць шалястунчыкаў, давай страсаць. Шалястунчыкі напалохаліся і на лістках, як на парашуціках, паспускаліся на зямлю ды ў суседнюю дуброву перабеглі.
 Вярнуўся Мішка ў бярлог, зноў сеў за дамашняе заданне. Але яшчэ большая лянота апанавала ім. Наўкол была такая цішыня! Прыціхлі птахі, ветрык стаіўся, матылі зніклі, пчолы перасталі шчыраваць – усе нібы чакаюць, што ў Мішкі на гэты раз атрымаецца.
 А ў яго і на гэты раз нічога не атрымалася.
 Задумаўся Мішка: як жа далей быць? А праз хвіліну ўсё ж здагадаўся, што да чаго: не шалястунчыкі вінаваты, а ён сам! Кінуўся ў дуброву, закрычаў шалястунчыкам:
 – Даруйце! Я быў несправядлівы да вас. Назад перасяляйцеся! Крыўдзіць не буду болей.
 Шалястунчыкі адказалі:
 – Калі ты пакінеш яшчэ і крывіцца, панурыцца ды ленавацца, тады вернемся. А так і не ўпрошвай нават!..
 …Мішка ад нечаканасці прачнуўся.
 Назаўтра нібы і не ён вяртаўся з лясное школы. Сонца свяціла, аблачынкі беглі па небе, ветрык у лістоце гуляў, а Мішка ўсміхаўся ім. Пчолы над кветкамі шчыравалі, матылі пырхалі, птахі спявалі, і Мішка таксама стараўся песеньку запець. Усё яму даспадобы было, усё сэрцу міла!
 I ў той дзень быццам цуд адбыўся: дамашняе заданне ўпершыню выканаў лёгка і хутка.
 Мішка ўзрадаваўся, сказаў сам сабе:
 – Шалястунчыкі дапамаглі!

 Казка сёмая — Пацерка

  Сарока знайшла на дарозе пацерку. Прыгожую – як ранішняя расінка. I сонца ў ёй бачылася, і аблокі, і нават кожнае сарочына пёрка.
 Ухапіла Сарока пацерку і паляцела да ракі – сяброўкам хваліцца. Сяброўкі ўбачылі знаходку – замітусіліся:
 – Ах, якая цудоўная пацерка! – закрычалі яны. – Якая зіхатлівая! Давай падзелім. Каб кожнай было хоць па драбочку.
 I пачалі валтузіцца, адна ў адной адбіраць пацерку, каб адшчыкнуць сабе паболей. Валтузіліся, валтузіліся, пакуль не ўкацілі пацерку ў раку. А тады паселі на вярбе, пазіраюць у вірок, на дне якога паблісквала пацерка, і бядуюць: як дастаць яе?
 А тут якраз па рачным дне Рак сунецца. Сарокі да яго:
 – Зрабі добрую справу, дастань нашу пацерку. Вунь яна, сярод каменьчыкаў зіхаціць!
 Вырачыў Рак вочы, пакруціў вусамі, заўважыў пацерку, а ўзяць не можа. Работа ж тонкая, ювелірная! А ў яго кляшчоткі, як лапаты.
 – Сваіх клопатаў хапае! – узлаваўся Рак і пасунуўся далей. А тут якраз Бабёр бервяно тралюе. Сарокі да яго:
 – Выручай! Пацерка ў раку ўпала. Рак даставаў – не дастаў. Мо ты, Бабёр, дастанеш?
 Бабёр прыткнуў бервяно да берага, набраў поўныя грудзі паветра і даў нырца. Доўга не было Бабра. А выплыў – высыпаў на бераг прыгаршчы рачнога пяску:
 – Шукайце. Тут яна павінна быць. I пагнаў далей сваё бервяно.
 Перабралі сарокі пясок, а пацеркі не знайшлі. А тут якраз Чапля з броду ляціць. Сарокі да яе:
 – Пацерку з вірка не можам вылавіць. Рак даставаў – не дастаў. Бабёр даставаў – не дастаў. Мо ты, чапля, дастанеш?
 Чапля пастаяла, падумала, увайшла ў ваду і стала дзюбаю шарыць па дне. Шарыла, шарыла, пускала бурбалкі, пускала, а потым выбралася на бераг і кажа:
 – Нічога не выйдзе. Шыя закароткая. – I паляцела ў свой лес.
 Сядзяць на суках сарокі ды адна адну папракаюць за прапажу. А тут якраз Аляпка бяжыць – шэранькая, у белым нагруднічку птушачка. Сарокі да яе:
 – Мелі мы пацерку. Прыгожую, як ранішняя расіна. У ёй свет увесь бачыўся. Ды ў раку наша пацерка ўкацілася. Рак даставаў – не дастаў. Бабёр даставаў – не дастаў. Чапля даставала – не дастала. Мо ты, Аляпка, дастанеш?
 Аляпка як бегла плёсам, так і пабегла, толькі цяпер пад ваду. Крутнулася там, на рачным дне, і гэтак жа хуценька выскачыла назад. У дзюбцы яна трымала пацерку, у якой увесь свет бачыўся. Паклала Аляпка на пясок тую пацерку і кінулася далей.
 А сарокі ўбачылі, што згуба знайшлася, шухнулі на бераг і зноў сталі адна ў адной адбіраць пацерку. Валтузяцца, крычаць. Над ракою такі гармідар паднялі – хоць вушы затыкай.
 Яны і да гэтай пары тую пацерку ніяк падзяліць не могуць.

 

 Казка адзінаццатая — Сараканожка

  Паклікала Страказа ў госці Сараканожку. Тая новую сукню надзела, прычоску модную навяла, самыя прыгожыя завушніцы пачапіла. Выскачыла за весніцы, а суседка Муха пасміхаецца:

– Хіба мода новая
Паяўляецца?
Басанож баляваць
Адпраўляецца!..

 Азірнулася Сараканожка і бачыць: сапраўды, босая! У спешцы абуцца забылася! Крутнулася туды, крутнулася сюды – а чобатаў ні пад лаваю, ні ў запечы, ні пад печчу. Дзеці, гуляючы, расцягнулі! Села на парог, бядуе. А Муха кажа:

– Вунь на ўзлессі два яноты
Шыюць ялавыя боты.
Ты ім нізка пакланіся –
Мо і чобаты шыць узяліся б.

 Пабегла Сараканожка на ўзлессе:

– Яноты-браткі,
Пашыйце чабаткі!..
– Што ты? Што ты? –
адказалі Яноты. –
Мы рады прыняць заказ,
Ды столькі хрому
Не знойдзецца ў нас.
Прасі камароў,
Хай заколюць сорак валоў,
Шкуры здзяруць,
Гарбара наймуць.
I калі гарбар
Вырабіць добры тавар,
То, так і быць,
Згодзімся шыць.

 Сараканожка да камароў:

– А мае вы камарыкі,
Гвоздзікамі тварыкі!
Бядзе-гору пасабіце!
З папасу валоў ганіце.
Клічце да двара
Лепшага гарбара,
Тэрмінова хай вырабіць хрому –
Босай жа не выйдзеш з дому!..

 Камары паспагадалі. У сцельку ледзь не разбіліся, а зрабілі ўсё, што прасіла суседка. I яна зноў пабегла на ўзлессе:
 

– Ах, яноты-браткі,
Шыйце хутчэй чабаткі!
У госці даўно пазнюся –
Заўтра за ўсё разлічуся!

 Яноты прынялі заказ. I хоць на адзін капыл шылі, чобаты атрымаліся як улітыя.
 Узрадавалася Сараканожка, пакруцілася ў абнове перад люстэркам ды бегма да Страказы на паляну.
 А там госці даўно разышліся.
 

Казка трынаццатая — Ластаўчыны дзеткі

  Над акном музычнай школы жылі ластаўкі. Калі іхнія дзеткі былі яшчэ малыя, усё ішло добра. А падраслі – бацькам трывожна стала: малеча пачала рвацца з гнязда і прыслухоўвацца, як вучні спевы ды музыку пасцігаюць. Іншае ластавяня так высунецца з гнязда, што, здаецца, яшчэ хвіліна – і на зямлі апыніцца.
 Надакучыла бацькам пільнаваць ластавянят і вырашылі яны на ўсякі выпадак конскім воласам за ножкі папрывязваць іх. Маўляў, цяпер ніводнае не страціцца.
 Пакуль у школе развучвалі сальфеджыа, яшчэ туды-сюды было. А калі вучні добра спяваць сталі, – ластавянят аніякае валоссе ўтрымаць не магло. Так і рваліся з гнязда, так і рваліся!
 Бацькі нарэшце сказалі:
 – Ляціце! Толькі не абсаромце нас.
 Шухнулі ластавяняты на волю – і адразу сталі насіцца над сялом ды ўмельства сваё паказваць. Шчабечуць на ўсе лады! А здаволяцца – на правады пасядуць. Здалёк глядзеліся, нібы ноты ў спеўніку. Бацькі радаваліся: на карысць навука пайшла!
 А Верабей з Вераб’іхаю ўсумніліся:
 – А ці могуць яны дорэміфасолю зрабіць?! Ластавяняты пераляцелі з провада на провад і паказалі, на што здатныя.
 – Нічога не скажаш! – пахвалілі вераб’і ды кінуліся збіраць сваю сям’ю. Каб даказаць, што і вераб’яняты не лыкам шытыя. Але як ні стараліся тыя, як ні пераляталі з провада на провад, у іх так нічога і не атрымалася – ні дорэміфасолі, ні сольфамірэдо. Яшчэ горай спявалі яны:
 – Чык-чырык! – усё, што маглі вераб’яняты.
 – Бо далекавата ад школы музычнай выхоўваліся, – сказалі Верабей з Вераб’іхаю і вырашылі не адставаць ад ластавак.
 Наступнай вясной, калі ластаўкі яшчэ не вярнуліся з выраю, Верабей з Вераб’іхаю занялі ластаўчына гняздзечка, што над школьным акном пуставала, займелі дзетак і пачалі, не апераных нават, прымушаць слухаць і сальфеджыа, і спевы, і музыку. Але ніводнае з вераб’янят не магло засвоіць тую навуку. Не атрымлівалася нічога, акрамя таго ж: «Чык-чырык!..»
 Прыляцелі ластаўкі, убачылі, што робіцца ў іхняй хатачцы, ды сварыцца на вераб’ёў не сталі, толькі сказалі:
 – Акрамя жадання, трэба яшчэ хоць трошачкі здольнасці мець!..
 I пачалі будаваць сабе новае гняздзечка.
 …Мінулі гады, а вераб’і па сённяшні дзень усё, што могуць, – гэта чырыкаць.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий