Яраслаў Пархута — Птушыны інтэрнат

Яраслаў Пархута

  Аднойчы ў таполі навальніца зламала вершаліну. Людзі заўважылі непарадак, усцягнулі на дрэва старую барану і сказалі:
 – Няхай хоць птушкам паслужыць.
 I праўда. Вясною прыляцелі аднекуль буслы і пачалі завіхацца – майстраваць гняздо. Носяць сухія галінкі, шматкі моху, леташнюю салому і радуюцца: хутка зажывуць у новым доме!
 А вераб’і ўвесь гэты час гойдаліся на галінках і толькі пасміхаліся:
 – Ці ў ім жыцьмуць?! Ці ў ім жыцьмуць?!
 Іх падтрымалі шпакі:
 – Дарма ўюць! Дарма ўюць!
 А калі буслы нарэшце закончылі будаўніцтва і з вясёлым клёкатам паведамілі, якое ў іх цудоўнае жытло атрымалася, вераб’і першыя спахапіліся і пачалі прасіцца ў падсуседзі.
 Буслы падумалі-падумалі і дазволілі вераб’ям пасяліцца разам.
 Узрушаныя шпакі ад зайздрасці ажно свіснулі: маўляў, не шкодзіла б і ім прысуседзіцца!
 – Такі клопат! Такі клопат! – сказалі буслы і шпакам таксама далі дазвол.
 Але як ні стараліся шпакі прыстроіцца да буслінага гнязда – не змаглі. I тады з ельніку прыляцеў дзяцел і пачаў рабіць ім дупло. Ніжэй буслінага жытла, ніжэй вераб’інага… А калі ўбачыў, што кватэра шпакам цудоўная выйшла, дык рашыў заадно і сабе дупло змайстраваць.
 На старой таполі нібы інтэрнат атрымаўся.
 Але аднойчы рыжы кот Фядот вырашыў праверыць буслянку. I тут дзяцел першы ўзняў трывогу. Стукнуў тройчы ў сук:
 – Кот-кот-кот!
 Усхапіліся шпакі ды завагаліся:
 – Біць ці не? Біць ці не?
 – Біць-біць-біць! – закрычалі вераб’і, кінуліся ў атаку і пачалі калашмаціць Фядота – ажно рыжая поўсць паляцела. Тут і шпакі пасмялелі, памагаць пачалі. А калі на той гоман з бліжняга балотца прыляцелі бусел з бусліхаю, на таполі быў поўны парадак: бусляняты спрасонку пазяхалі на мяккай пасцельцы, шпакі з вераб’ямі абмяркоўвалі нядаўнюю падзею, а кот Фядот ляжаў у крапіве і лічыў сінякі.
 З таго часу жыхары птушынага інтэрната жывуць спакойна. А кот Фядот за вярсту абыходзіць старую таполю.

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 2.67 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений