Яраслаў Пархута — У мінулае зямлі нашай…

Яраслаў Пархута

  Тую мясціну ў суседнім лесе абыходзілі ўсе – і ягадніцы, і грыбовікі. Нават падкая на прыгоды вясковая дзятва і тая мінала яе: ат, маўляў, Глухі лог! З гэтай прычыны і я там не быў за ўсе гады ні разу. Сапраўды, думалася, што рабіць чалавеку ў дзікай непралазі! Хіба няма болей здатных куточкаў?
 Памыляўся. Нават вельмі. Бо ажынавая непралазь і тваністае балоцейка за ёю – толькі скраечку. А варта мінуць іх…
 На зыходзе вясны адолеў тую перашкоду, прайшоў яшчэ якую сотню метраў чарналессем і дзіву даўся: у мінулае зямлі нашай трапіў!
 Раскошна пачувалі сябе дрэвы. Бярэзіны стаялі купкамі, бытта сышліся пахваліцца, у якой з іх удалася глыбейшая «ралля» на камлі. Меднастволыя сосны гонка мкнулі ўвысь, стараючыся кронамі злавіць сонца. Вастраверхімі стагамі зелянелі пры палянках яліны. Побач, шырока раскінуўшы вузлаватыя рады, драмалі дубы. А вакол бярэзін, сосеп, елак, дубоў усё хадзілі і хадзілі пахкія цені, бытта нешта вышукваючы на доле.
 Ласіныя «пляцкі», казіны «боб», заечы «гарох» ды свежыя дзіковыя падзёры казалі, што тамтэйшае насельніцтва логу пачувае сябе даволі ўпэўнена. Але колькі ні стараўся – у Глухім лозе не ўбачыў ні дзіка, ні зайца, ні казы, ні лася. Яны пазбягалі старонняга вока! Затое птахі давалі аб сабе знаць няспынна і ўсюды.
 – Нясі вадзіцы, вадзіцы, вадзіцы! – канючыў запознена дрозд.
 – Папі чаю, папі чаю, папі чаю! – раіла яму берасцянка.
 – Ці вір сіні, ці вір сіні, ці вір сіні? – чамусьці дапытваўся лясны жаваранак і тут жа каменем падаў з паднябесся на палянку!
 – Час ёсцека, ёсцека, ёсцека! – уклініўся ў размову суседзяў салоўка і стаў раіць жаваранку: – Ляці эірні, ляці зірні, ляці зірні!
 А тады пачаў хваліцца, на што ён здатны, – выводзіў каленца за каленцам, папраўляў сябе, рабіў новы заход, зноў выводзіў, бытта стараўся даказаць, што жыве яшчэ на гэтай зямлі салаўіная песня, што яна не памёрла.
 На пятым ці сёмым каленцы салоўка сціх, раптоўна абарваўшы мелодыю. Аднак я злавіў яе на ляту і прынёс дадому. I жыла яна ў душы маёй і сэрцы маім доўга-доўга. Пакуль не страцілася ў тлуме неспакойнага быцця.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений