«Яшчэ адзін Міцкевіч…»

Пераказы і дыктанты

  Пасля заканчэння школы ў Мікалаеўшчыне Кастусь два гады рыхтаваўся да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
 Праўда, калі гаварыць больш дакладна, то не два гады, а дзве зімы. Толькі сыдзе снег – і да позняй восені не было часу займацца падрыхтоўкай – хапала іншай, больш пільнай работы!
 Бацька вечна заняты: то ў абходзе, то высочвае для паноў глушцоў ці лася, то вязе ў замак князю рыбу або качак. Да таго ж у апошні час ён пачаў прыхворваць. Усё часцей і часцей бацька садзіўся ля стала, паклаўшы пад бараду рукі, думаў горкую думу…
 На службе бацьку замяшчаў Уладзік. Алеся дома ўжо не было: ён паехаў у Данбас. А Косцік памагаў дзядзьку Антосю ўпраўляцца з гаспадаркай. Абсяваў поле, касіў, вазіў дровы, ездзіў у млын – ды хіба мала працы каля дома?! Прылаўчыўся нават так жаць, што мала адставаў ад маці і дзядзькі. А выпадзе якая вольная часіна – чытаў кнігі ці ішоў збіраць грыбы.
 Затое зімою Косцік цалюткі дзень праседжваў за сталом. Рыхтаваўся ўдумліва і без прынукі. Перарашаў усе задачкі з задачніка. Старанна вучыў граматыку, у якой правілы падмацоўваліся прыкладамі з вершаў. Трапляліся тут і дзівосныя радкі. Косцік выпісваў іх у свой сшытак і вучыў на памяць. Шкада толькі было, што гэтыя вершы ў граматыцы надрукаваны не поўнасцю і абрываліся на самым цікавым месцы…
 Кастусь сядзіць з кнігай…
 Заглядае ў акно месяц, кідае на падлогу зеленаваты водбліск. Гэта страляе мароз. Косцік узіраецца ў замерзлую шыбу. Пад ззяннем месяца хлеў і клуня, што схаваліся ў гурбах, нават сосны, зацярушаныя снегам, здаюцца нейкімі іншымі – маленькімі, прысадзістымі. Дрыжаць зоркі, пабліскваюць, пераліваюцца рознымі колерамі сняжынкі…
 Кастусь углядаецца ў акно і доўга любуецца хараством зімовай ночы. Пасля адкладвае кнігу, і самі сабою нараджаюцца ў думках, плывуць радкі верша на лісток паперы.
 Праўда, заўтра можа здарыцца так, што перачытае ён свой верш і лісток паляціць у печ. Цяжка складаць верш…
 Кастусь прагна чытае кнігі, а дастаць іх – бяда. Часам кажа ён бацьку:
 – Папрасі, татачка, кніжак у пані Аксені… Бяры з вершамі.
 Міхал то забудзецца на сынаву просьбу, то неахвота ісці ў хату да пана ляснічага, лішні раз пападацца яму на вочы. Аднойчы жонка ляснічага, пані Аксеня, сама запытала, як маецца Кастусь.
 – У настаўніцкую семінарыю рыхтуецца. Прасіў ён у вас, дарагая панечка, кніг з вершамі, ды я не адважыўся вас турбаваць…
 – З вершамі? – здзівілася жонка ляснічага.
 – Ведаеце, блазнота… Сам нешта такое складае, – тлумачыў ляснік.
 – Няхай, няхай піша… Можа, яшчэ адзін Міцкевіч паэтам стане… Быў такі польскі паэт Адам Міцкевіч. Родам з Беларусі, з-пад Навагрудка, хораша апісваў нашыя мясціны, асабліва возера Свіцязь…
 Прынёс у той дзень бацька Кастусю два томікі вершаў рускага паэта Лермантава, балады Міцкевіча на польскай мове і расказаў сыну пра размову з жонкай ляснічага.
 Кастусь з цікаўнасцю прыступіў да чытання.
(419 слоў)

Паводле С. Александровіча.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий