Яўгенія Янішчыц — Рубаі

Яўгенія Янішчыц

Садралі белую кару
З бярозкі юнай не ў пару.
Здаецца мне, што не бяроста,
А я у полымі гару.
 

*

Ў сябе, бы ў студню зазірні.
Дай адстаяцца чысціні.
Тады, мастак, і я з табою
Тваёй паверу вышыні.
 

*

Спявала песню мне Гульсхор
Пра сіняву і веліч гор.
Ды мне чамусьці ўспамінаўся
Мой ціхі гай, мой цёмны бор.
 

*

На шчасце даў мне Файзуло
Залётнай ластаўкі крыло.
Ці не яно часцей вяртае
Мяне у роднае сяло?
 

*

Зялёны край. Знаёмы кут.
Мне б назаўжды застацца тут,
Каб не было на свеце іншых
Дарог, шуканняў і пакут.
 

*

Хітрэц, нашто мне твой бутон?
Ханжа, нашто мне твой паклон?
Але прыму я ад кахання
Усё – і ружу, і праклён.
 

*

Там –
У мяцельнай
Белай крутаверці,
Ці не прапаў
Мой голас у трысці?
Ці мо згубіўся ён
У тым канверце,
Што ўзяўся

белы голуб

данясці?..
 

Крыніца: Янішчыц Я. Дзень вечаровы. Вершы. Мн., «Маст, літ.», 1974. – 80 с.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий