Язэп Пушча — Мне чупрыны не хочацца звесіць

Язэп Пушча

Беланогі, расчухраны месяц
лявоніць у лісці кляновым;
мне чупрыны не хочацца

   звесіць

ў гэты вечар аўсяна-зялёны.

Хай туман сырадоем абмые
мае веснамайскія кудлы.
Затуліўшыся ў сочнай каліне,
расцалуюся з месяцам блудным.

I пайду сінявою мурожнай
да начлежнікаў хлопцаў

   буяных.

Хай прыгорне мяне вербалоззе,
бо я хмелем сягонняшнім п’яны.
Ой вы, поплавы, ў шэрай

   сярмязе

веснавейце ў лагчыне імглістай!
Мяне променем сонца абвяжа
напярэдадні ў зелені лісцяў.

Закалосяцца песні па лесе,
усміхнецца як раніца ў клёне.
Ой, чупрыны не хочацца

   звесіць

ў гэты вечар аўсяна-зялёны!
 

Крыніца: Анталогія беларускай паэзіі. У 3 т. Т. 2 / Рэдкал.: Р. Барадулін і інш.; Уклад. Л. Лойка. Мн.: Маст. літ., 1993. – 623 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий