Язэп Пушча — Я раніцы кланяўся ў пояс

Язэп Пушча

Туляўся выбоямі грэблі
заплаканы променя вырыс.
Апрануты латаным зрэб’ем,
у хаце мужычай я вырас.

Падслухаў там родныя песні,
як пелі дажынкамі жнеі.
Сахою я гонейкі песціў,
кілзаючы сонца у шлеі.

Прастор – сінявокі юнак –
да мяне прытуляўся ў сутонні;
губляючы зоры ў хмызняк,
яму снілася новае сёння.

Туман, ацярушаны пытлем,
цадзіў белаватую боязь.
Падпаскам, ганяючы быдла,
я раніцы кланяўся ў пояс.

Кудлата-зялёныя хвалі
чупрынаю кудзер кудзеліў, –
ветры ж мяне калыхалі
ў ядрана жытняй пасцелі.

Ўсміхалася Свіслач мне

срэбрам,

на пуні прывязваў як прывязь.
Апрануты латаным зрэб’ем,
у хаце мужычай я вырас.

Крыніца: Анталогія беларускай паэзіі. У 3 т. Т. 2 / Рэдкал.: Р. Барадулін і інш.; Уклад. Л. Лойка. Мн.: Маст. літ., 1993. – 623 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий