Юрась Свірка — Яшчэ раз пра маці

Юрась Свірка

Яна заўсёды на сябе ўсё брала,
Каб толькі дзецям болей адпачыць.
Палола, жала, ткала, абшывала
І пазычала дня яна ў начы.
 
За ёй ішлі мы і вясной, і ўлетку,
Дапамагалі, як маглі не раз.
Яна ж казала: «Адпачніце, дзеткі,
Я спраўлюся з работаю без вас.
 
Няхай зязюлька вам гадоў наліча,
Не гнуцца вам патрэбна, а расці.
Калі мне будзе цяжка, я паклічу…»
Ды кліч той не пачулі пры жыцці.
 
Было вясною неба без аблокаў,
Блакітнае — як хочацца зірнуць!
Яна плыла у вырай свой далёкі,
Адкуль ніякім крыкам не вярнуць.
 
Прыеду, пастаю каля пагорка.
Цвіце даўно не першая вясна.
На сэрцы і балюча мне, і горка.
Яна і там спраўляецца адна.
 
Перад вачыма роднае аблічча,
Яно адводзіць хмары і бяду.
Яна пакліча, ведаю, пакліча,
І я пайду, як верны сын пайду…

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий