За сто кіламетраў на абед

Пераказы і дыктанты

  Нам было ў той час па дзесяць гадоў – адным трохі болей, другім трохі меней. I мы былі дзеці вайны. Але тады мы амаль усё ведалі, і мне часам здаецца, што ведалі куды больш, чым нават цяпер, калі нам па трыццаць ужо.
 Фронт адышоў далёка на захад. Салдаты больш не спыняліся ў вёсцы. А мы па-ранейшаму хацелі есці. Як заходзіў год за год, так і голад за голадам ішоў. Ужо было каторае лета, а мы ўсё яшчэ, здзіраючы на лузе пучкі са шчаўя (на хлеб), успаміналі, як праз вёску «праходзілі нашы і везлі за сабой зялёныя кухні». Каб хоць трохі пад’есці, мы, здаецца, гатовыя былі ісці на край свету. Праўда, не на край свету, а ўсяго за сто кіламетраў. Можа, меней. Тады ніхто не мераў тыя кіламетры.
 Павёў нас Васіль Карапет. Прозвішча ў яго было другое, а Карапетам чамусьці звалі. I не наш ён быў спачатку – пры езджы. Прывёз яго і старэйшую сястру бацька іхні да нас у вёску ў тую ж восень, як прыйшло вызваленне ад немцаў, пасяліў у зямлянку да сляпой Вулькі, якая жыла на той вуліцы, што ля возера, а сам пайшоў у ваенкамат прызывацца ў армію. Звычайна прыезджыя не збіраліся доўга ў нас заставацца – прыязджалі адно перачакаць. Але пасля ўжо адны асядалі назусім – што доўга ездзіць, усюды аднолькава, – другіх цягнула ўсё ж «радзіма». А Васілю з сястрой не было куды падавацца. Бацька іх загінуў яшчэ на Проні, і яны жылі ўсе ў той жа сляпой Вулькі. Жылі – гаравалі. Нарэшце старшыня сельсавета дапісаўся некуды, у вёску прыехала камісія, і забралі спярша сляпую Вульку ў дом інвалідаў, пасля Васіля – у дзіцячы дом, але не ў свой, раённы, што знаходзіўся на чыгуначнай станцыі, а чамусьці павезлі ажно за Унечу.
 Прызнацца, мы дык трохі пазайздросцілі Васілю: будзе хлопец жыць там на ўсім казённым, і, галоўнае, галадаць ужо не давядзецца – у вёсках гаварылі, што ў дзіцячых дамах даюць фасолю і амерыканскія кансервы. I таму ўсе былі надта здзіўлены, асабліва мы, яго таварышы, калі ў чэрвені, гэта ў самую крапіўную пятроўку, нечакана з’явіўся ў вёску Васіль Карапет.
 I вось аднаго разу мы наважыліся ў лес – на былой Ігнацькавай пасецы падраслі ў гнёздах дразды, ужо можна было смажыць іх. Запрасілі з сабой і Васіля.
 – Хочаце наесціся?
 – Хочам.
 – Дык хадземце са мной. У дзетдом.
 – Ого! Гэта ж надта далёка!
 – А мы лесам пойдзем. Пасля можна чыгункай. Дзе-небудзь у Журбіне сядзем на таварняк, праедзем за Унечу. А там ужо рукою дастаць можна.
 …Загадчык дзетдома чамусьці нават не паглядзеў на нас, калі спыніўся блізка, адразу ўтаропіў позірк некуды ў поле, над якім трымцела перагрэтае паветра. Мы думалі, што ён пачне нас лаяць. Але Іван Мікітавіч раптам закашляўся і з дакорам сказаў глухім голасам:
 – Ну, што вы расселіся тут? Ідзіце абедаць!..
(442 словы)

Паводле І. Чыгрынава.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий