Затока

Пераказы

   Паўднёвы бераг большай затокі пакрыты жывым сасновым шумам. Хораша тут, калі толькі бывае час палюбавацца!
   Вось цяпер нізам сцелецца верас у румяным ранішнім святле, а над верасам густа высяцца тонкія сосны. Добра ўзняць галаву, заглядзецца на іх шэра-зялёныя, са стальным адлівам, кучаравыя верхавіны на фоне цёплага блакіту і галубіных воблакаў, што павольна знікаюць кудысьці за небакраем, схаваным за стройнымі дрэвамі. Сосны гамоняць, нібы расказваюць чароўныя казкі маленства, адну за адной, нястомна і радасна, ціха і мудра, як гэта можа рабіць добрая, пагодлівая старасць. Возера сёння задуменна маўчыць. Каля нізкага берага ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Чайкі гуртам гуляюць над люстранай вадою, калі-нікалі пікіруючы на спажыву, або садзяцца на вільготны, вылізаны прылівам пясок, толькі імі затупаны, пацярушаны іхнімі пёрцамі. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее разбітая лодка, у адзіноце дажываючы свой век. Па рыбацкім звычаі лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе іх засцігае апошняя бяда.
(148 слоў)

Паводле Я. Брыля.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий