Жаваранак

Пераказы і дыктанты

  Нідзе так звонка не чуваць спеў жаваранка, як у чыстым полі. З высокага неба падае, льецца птушыны спеў, нібы мноства срэбных званочкаў узняло сонца аж пад воблакі. Стаіш і чуеш, як пранікае птушыная песня ў сэрца, напаўняе яго радасцю. З птушкамі не было маркотна ў полі. Я гэта адчуваў і старанна бярог крылатых сяброў. Колькі я знаходзіў іхніх гнёздаў на межах, у барознах, пад скібай ад плуга! Я ведаў, калі маленькія птушаняткі выводзяцца, калі ў іх адрастаюць крылы. I мне здавалася, што жаваранкі, перапёлкі, курапаткі таксама ведаюць мяне, прывыклі да мяне.
 Аднойчы ў поўдзень я стаяў на ўзгорку і глядзеў у неба, шукаючы ў блакітнай вышыні таго, хто заліваўся песняй.
 Я глядзеў угару, але ў залатым паднябессі заўважыў не жаваранка, а каршуна. Каршун лунаў высока-высока і нібы глядзеў адтуль на мяне. Я зацікавіўся: каго ж ён высочвае, куды кінецца? Я спачатку і не прыкмеціў, як ад самай зямлі з песняй пачаў узнімацца мой сябрук-жаўрук. Срэбны званочак падымаў сваю песню ўсё вышэй і вышэй.
 А каршун застыў на месцы. Заўважыўшы, што драпежнік не кранаецца, я насцярожыўся. Няўжо ён цэліцца на жаваранка? Я глядзеў, затаіўшы дыханне.
 I хоць адлегласць была яшчэ вялікая, драпежнік не вытрымаў, кінуўся ўніз. Ён, як маланка, рассек паветра. Потым імклівы палёт пераламаўся. Драпежнік кінуўся ўбок, вось ён амаль прыпаў да зямлі. I раптам над зямлёю палёт яго выраўняўся. Я аслупянеў. Каршун ляцеў на мяне.
 I толькі калі драпежнік быў ужо зусім непадалёк, я ўбачыў, як спераду ў яго ляціць, кідаецца ў бакі шэры камочак. Я аж уздрыгнуў, калі ён, як куля, шмыгнуў мне пад крысо1. Так хутка, смела і даверліва знайшла сабе птушка схованку! Я спачатку нават не мог зразумець, як гэта здарылася, і міжволі замахнуўся на драпежніка пугай. Я і цяпер яшчэ бачу лютыя каршуновы вочы, разяўленую дзюбу і растапыраныя кіпцюры. Ах, як ён неахвотна ўздымаўся ўгору!
 Я не магу знайсці словы, каб перадаць пачуццё, якое тады ахапіла мяне. Дзесьці тут, пад крысом жакеткі, сядзеў трапяткі жаваранак. Ён перадаў мне разгон свайго палёту. Нейкі час я адчуваў сябе акрыленым, і на сэрцы было так лёгка, што мне здавалася, вось-вось я палячу.
 Я апамятаўся. Дзе ж ён там засеў у маёй свіце? Дзе жаваранак, якога я выратаваў ад смерці?
 I толькі я зварухнуўся, як шэрая птушка пырхнула ў мяне з-пад крыса і паляцела пры самай зямлі. А неўзабаве зноў узвілася ў неба. Я стаяў радасны, узнагароджаны птушыным даверам.
(407 слоў)

Паводле I. Грамовіча.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий