Жураўліная школа

Пераказы

   Над лугавінай панавала цішыня.
   Цяпер мы смела маглі варушыцца, гаварыць, абменьвацца ўражаннямі.
   – Вось так жураўлі і жывуць, – сказаў Дзямід, чамусьці ўздыхнуўшы. – Ладзяць тут, на купінах, гнёзды, выводзяць птушанят, а гнёзды ў іх простыя, нескладаныя. Стаіць жораў на сваёй купіне каля гнязда, як вартавы, і аглядае наваколле. Ногі ў яго, вядома, доўгія, ды і шыя таксама не з кароткіх, а позірк востры, бачыць ён далёка. З купіны вельмі зручна яму наглядаць за ўсім, што робіцца на балоце. У выпадку якой небяспекі ён адразу, як толькі заўважыць нешта падазронае, дае сігнал трывогі, а голас у яго – дай божа! Чулі, які гучны?
   Пасля невялікай паўзы Дзямід узяўся зноў за свае тлумачэнні.
   – Цяпер птушаняты ў іх выраслі, – сказаў ён далей, – прайшлі пачатковую школу выхавання. Засвоілі ўсё тое, што маладому жораву трэба ведаць у першую чаргу. Перш за ўсё, як здабываць сабе самастойна корм. Потым – як ратавацца ад ворагаў. Бацькі пачынаюць іх вучыць, калі дзеці зусім яшчэ малыя. Паказваюць, дзе і што можна есці, як трэба знаходзіць сабе харчаванне. Вучаць малых шукаць чарвякоў пад мохам, лавіць у вадзе і ў траве жабак, есці ягады і розныя расліны. Вучаць іх бегаць, хавацца, рабіцца непрыкметнымі, пераскокваць з купіны на купіну, узлятаць у паветра. Я не адзін раз бачыў, як бацькі на гэтай лугавіне штурхалі малых дзюбамі, падганялі іх, прымушалі рухацца хутчэй, спрытней. Потым, калі ў маладых адраслі крылы, вучылі іх махаць імі, падскокваць і пералятаць з месца на месца.
   Слухаючы Дзяміда, я неадступна гляджу ў неба. Сонца ўвайшло ў сілу і пачало прыпякаць, хоць і хавалася час ад часу за белымі аблокамі. У паветры каля нас лятаюць, нібы маленькія парашутысты, маладыя павучкі-вандроўнікі, а там, у далёкай вышыні, у халаднаватым паднябессі, планіруюць жоравы.
   Шырока распластаўшы нерухомыя крылы, яны робяць у пэўным парадку вялікія кругі, нібы гуляюць у нейкім рытмічным паветраным карагодзе.
   Мы сочым за іх рухамі. Уражанне такое, быццам імі кіруе нябачны майстар вышэйшага пілатажу.
   Дзямід патлумачыў, што гэта не гульні, гэта жоравы пачалі сваю штодзённую трэніроўку. З кожным днём яны лятаюць усё больш і ўсё вышэй. Нядаўна пачалі практыкавацца на дальнасць палёту. Лятаюць кожны дзень пад кіраўніцтвам старых, вопытных птахаў, выпрабоўваючы сілу і моц сваіх маладых крылаў. Вучацца лятаць строем у пэўным парадку, робяць розныя манеўры, нечаканыя крутыя павароты то ў адзін, то ў другі бок, выконваюць загады старэйшых. Рыхтуюцца да самай цяжкай і самай для іх адказнай жыццёвай задачы – да першага свайго выраю, да першага пералёту на зімоўку ў цёплыя краі. Пад вечар вернуцца да роднага гняздоўя, а раніцай сустрэнуць, як і сёння, усе разам усход сонца, а тады зноў возьмуцца за вучобу.
   Уважліва слухаючы добразычлівыя разважанні старога егера, я адначасова з вялікай увагай назіраю за лётнымі практыкаваннямі маладых жораваў.
   Адляцелі кудысьці клопаты і турботы, прывезеныя з горада. Лагодны спакой агарнуў душу. Здавалася, нічога няма на свеце, акрамя гэтага бясконцага балота і жораваў у сінім бяздонні.
(462 словы)

Паводле В. Вольскага.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий