Зімовыя сны

Пераказы і дыктанты

  У снах, як і ў жыцці, няма логікі і паслядоўнасці.
 Позняй восенню снілася мне надоўга запомненая сонечная вясна. Над зацягнутым бросняю і жабурыннем берагам сажалкі да самай вады схіліліся старыя дуплаватыя вербы. Іх тонкія косы, усыпаныя мяккімі жоўтымі чмялямі коцікаў, купаюцца ў зялёнай вадзе. Крумкае, крэкча, заходзіцца на ўсе галасы жабіны хор. У прагалах бросні сінее чыстае неба, плывуць ружавата-белыя воблачкі. Яны аднолькавыя ў сажалцы і нада мною. На тым беразе сажалкі выцягнуліся ў самае неба дзве белыя званіцы старасвецкага касцёла з пукатым чырвоным купалам, з каляровымі шкельцамі ў вузкіх акенцах. Сонечныя праменні ў іх пераліваюцца чырванню і золатам, чыстым блакітам і густой зелянінай. Увечары, пад месячным святлом касцёл здаецца лёгкім і дзівосным прывідам. Наўкола – высокі здзірванелы вал – старадаўняя абарона ад прыхадняў – дзікіх ордаў і крыжакоў.
 Я гайдаюся на вярбе. Яе голле ў наростах і гузырах рыпіць драчыным стогнам, кашлатыя коцікі хмеляць саладкаватым водарам і асыпаюцца дробненькім жоўтым пылам. Так прыгожа наўкол, так светла, сонечна, лагодна і ціха, што ад замілавання аж хочацца заплакаць, усё і ўсіх любіць, быць ласкавым і добрым, чулым і шчодрым, не злавацца і не крыўдзіць нікога…
 Я злажу з вярбы і караскаюся па крутым схіле вала наверх. Пад нагамі апаўзае адталая зямля і леташняя прэлая трава. Па ўсім вале пратаптана бітая сцежка. Сям-там старыя парэпаныя вербы схіліліся і перагарадзілі яе. Я гляджу наўкол. Да самых местачковых хат падышла паводка, заліла паплавы і грады, двары і нізкія вуліцы, выган і зарэчныя лугі, далёкія пясчаныя выдмы, затапіла астравы, лазнякі і алешнікі, далёкія дубы па самую макаўку стаяць у вадзе. Рудаватая ад леташніх траў і гліністых берагоў паводка гайдаецца, драбіцца і зіхаціць на сонцы, нібы друзачкі разбітых люстэркаў. Куды ні зірнеш, бялеюць чароды гусей, лапочуць крыллем, куляюцца ў ваду, а то з крыкам зрываюцца ў лёт і зноў плюхаюцца, знікаючы ў вееры пырскаў. Следам за качарамі з сінімі пасачкамі на крылах плывуць чароды качак. Над паводкаю стаіць плёскат, радасны птушыны грай і крык. Усе радуецца цяплу, вадзе і вясне, усё хоча жыць, кахаць і памнажаць свой род. Усё гэта ўмясціла адно слова в я с н а.
 На касцёльных званіцах – дзве вялізныя старыя буслянкі. Раз-пораз у іх залятаюць з клёкатам і сухім трэскам буслы, павольна махаюць шырокімі крыламі і з дзюбы ў дзюбу перадаюць здабычу. Неба, вада і зямля іскрацца, пераліваюцца зіхатлівым бляскам, пахнуць то праснаватым, то гаркавата-салодкім водарам коцікаў, лотаці і набрынялай чаромхі.
 Я стаю на вале і любуюся бязмежным вадзяным прасторам. Пад ім знікла пакручастая рэчка, і толькі дзе-нідзе гайдаюцца над вадою ледзь прыкметныя чубкі надрэчных кустоў ды імклівей струменіць вада на нябачным рэчышчы. Стаю, як зачараваны, убіраю веснавое святло, колеры і пахі, шлюбна-трывожныя крыкі гусей, бусліны клёкат, краканне качак і суладнае крумканне, крэкты і стогны жабіных аркестраў у заброснелай сажалцы. Усё жывое святкуе адраджэнне, усё ўлюбёнае ў жыццё, у яго працяг, у веснавое разводдзе, у чысціню глыбокага неба, у зіхатліва-крыштальнае паветра.
 Вясна пачынае новы круг аднаўлення, радасна кліча да жыцця новыя пакаленні птаства і траў, лістоў і буйных зярнят, звяроў і мурашак, ідуць на нераст рыбы, з кветкі на кветку ляціць непрыкметны пылок, яго нясуць на сваіх ножках нястомныя пчолы – пачынаецца новы круг жыцця…
(570 слоў)

Паводле С. Грахоўскага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий