Зязюльчыны слёзы

Пераказы і дыктанты

  Ніхто з нас не памятае тых старажытных часоў. А вось калісьці даўным-даўно ў нейкай старонцы, а можа гэта і ў нашай, жыў-быў бедны і праведны Максім. Меў ён хатку сякую-такую, але, праўду кажучы, вуглы яе падпіраць трэба было. Не было ў Максімкі ні каня, ні кароўкі. А вось на дзетак Бог не паскупіўся, відаць, моцна беднага любіў. Хоць нядаўна той Максім ажаніўся, а ўжо пяць дзетак яму Бог паслаў. Была яшчэ ў Максіма сястрычка багатая, але вельмі зайздросная і скупая. Усім на здзіўленне.
 Але жыццё – рэч неверагодная. Як павернецца, ніхто не ведае. Вось прыйшоў год неўраджаю. Прапалі хлябы на палях Максімкі, хоць і быў ён у працы старанны. Нават да зімы цяпер не дажыць.
 Настала зіма. Плача, енчыць галодная дзетвара, а ежы нават і лыжкі няма. Пайшоў Максімка да сястры з надзеяй, што яна забудзе сваю скупасць ліхую і для бедных галодных дзяцей крыху хлеба дасць. Прыйшоў, перад харомамі сястры стаў і просіць для дзяцей хлеба. Сястрыца ў акно зірнула і кажа: «Прапалі ад клёці ключы, нават сабе хлеба не дасталі. Шчасліва табе, Максімка, дамоў ідзі». I нават у пакоях агню не запаліла і брата не запрасіла.
 Максім перад харомамі сястрыцы стаяў і ад холаду, голаду ды крыўды вялікай памёр на тым самым месцы. Раніцай сястра ў акно глянула, а там брат нежывы ляжыць. Падбегла да яго, мёртвае цела калоціць і крычыць: «Прачніся, Максімка, прачніся, знайшліся ключы!» Але дарэмна несліся жахлівыя крыкі сястры. Уміг у зязюлю ператварылася скупая сястра, узмахнула адзін раз крыламі, другі і паляцела над гумнамі.
 З той пары яна лётае над птушынымі гняздзечкамі, сваіх не ўе і толькі сумна кукуе: ку-ку, ку-ку, ку-ку. А як прыслухацца да гэтага кукавання, то ў ім чутна: «Прачніся, Максімка, прачніся, Максімка, знайшліся ключы, знайшліся ключы!»
 Кукуе яна і слёзы лье, а дзе тыя слёзы на зямлю ўпадуць, там пышныя і прыгожыя кветкі цвітуць. Тыя кветкі зязюльчынымі слязьмі завуцца.
(309 слоў)

Паводле А. Гурскага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений