На працягу 1912-1915 гг. у «Нашай Ніве» з’явіліся чатыры празаічныя творы Алеся Гаруна: кароценькая алегарычная легенда «Першы снег» і апавяданні «Пан Шабуневіч», «Маладое», «Чалавек без крыві». Пасля вяртання з Сібіры ў «Вольнай Беларусі» пісьменнік апублікаваў яшчэ тры апавяданні: «Свята», «П’ера і Каламбіна», «У Панасавым сяле». Празаічныя творы, як правіла, Алесь Гарун падпісваў псеўданімам I. Жывіца (Жывіца — дзявочае прозвішча маці Гаруна).
Проза пісьменніка надзейна абапіралася на нацыянальныя традыцыі літаратурнага і бытавога апавядання. Разам з тым яна незвычайна ўзбагачала традыцыйныя формы вобразнасці, мастацкага стылю, кампазіцыі. Найбольш адметная асаблівасць прозы Алеся Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце, смелы выхад за рамкі традыцыйнай тэматыкі, звязанай у творчасці пераважнай большасці беларускіх пісьменнікаў з жыццём вёскі, яе паўсядзённым побытам, трывогамі, спадзяваннямі і з няўхільным ростам грамадскай свядомасці, выяўленнем лепшых маральных якасцей.
Трывожная праблема нацыянальнага бяспраўя беларусаў пры самадзяржаўным ладзе натхніла пісьменніка на стварэнне апавядання «Пан Шабуневіч». Герой яго, звычайны шавец, нястомна, штодзённа змагаецца за права карыстацца роднай мовай за межамі дома, за права звацца беларусам. Вывад з апавядання напрошваецца адзін: ідэі беларускага адраджэння дайшлі ўжо да простых людзей, да іх свядомасці і пачуццяў. Ад іх у канчатковым выніку і будзе залежаць лёс беларушчыны.
Блізкай Алесю Гаруну была астрожная тэматыка. Са зместу апавядання «Чалавек без крыві» відаць, як астрожнае жыццё калечыць лёс чалавека, разбуральна ўздзейнічае на яго псіхалогію. Не знайшоўшы сэнсу жыцця на волі, былы астрожнік канчае самагубствам.
Вельмі нетрадыцыйным з’яўляецца апавяданне «Маладое». Тут рэальнасць пераплятаецца з фантастыкай: група зняволеных, якая ўцякла з астрога, магла праходзіць незаўважанай, нават найбольш блізка мінаючы людзей. Вырваўшыся на волю, людзі ішлі да нейкае мэты, якая давала сілы, вытрымку, хоць падарожнікі ад перанапружання знемагаліся. Некаторыя нават не вытрымлівалі і адсейваліся. Але асноўная частка ішла туды, куды вёў адзін з іх асяроддзя.
Увесь твор успрымаецца як алегорыя. Героі аказаліся ў экстрэмальных умовах. Яны пераносяць пакуты і ахвяры дзеля той волі, да якое імкнуцца, мабілізуючы ўсе свае фізічныя і духоўныя сілы. I тут узнікае пытанне: дзе тая мэта? Ці не ілюзорная яна, ці рэальная? Ці апраўданы ўсе нечалавечыя намаганні і пакуты?
Тут напрошваецца паралель з драмаю польскага пісьменніка пачатку XX ст. Леапольда Стафа «Скарб», дзе на працягу ўсяго твора ідзе змаганне за скарб, якога ніхто ніколі не бачыў. Ды нават невядома, ці ён сапраўды існуе. I можа ўзнікнуць падазрэнне: а ці з’яўляецца апраўданым змаганне за нейкія ўмоўныя скарбы і каштоўнасці?
Вядома, у апавяданні Алеся Гаруна выяўляецца імкненне да рэальнае мэты — да волі. Яна, аднак, настолькі недасяжная, што ўсе намаганні ўцекачоў маюць такі ж самы вынік, як і намаганні герояў драмы «Скарб».
Жыццёва праўдзівым у кожнай драбніцы з’яўляецца апавяданне «Свята», прысвечанае апісанню жыцця і побыту палітычнага пасяленца ў Сібіры — маладога Грыневіча родам з Беларусі. Начуючы ў незнаёмых людзей, ён выпадкова даведаўся, што цяжкая хворая старая жанчына ў той сям’і — сястра яго роднае бабулі. Ён чуў пра яе дома, але ніхто там не ведаў пра яе лёс.
У апавяданні рэалістычна абмалёўваецца жыццё пасяленцаў — і тут, бясспрэчна, нямала аўтабіяграфічнага, — а таксама побыт сібіракоў, іх норавы і звычаі. А яшчэ ў творы — выпадкова ці невыпадкова — нейкім незвычайным матывам усплывае пераклічка рэвалюцыйных падзей розных гістарычных эпох. Малады пасяленец Грыневіч трапіў у Сібір за палітычную дзейнасць — трэба меркаваць, што за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гг. А галоўным і па сутнасці адзіным арыенцірам у часе для старэнькае жанчыны служылі колішнія паўстанні, з якімі перапляліся лёсы блізкіх ёй людзей. Так храналагічная лінія падзей ідзе ў глыбіню мінулага стагоддзя — да 1863 і нават да 1830 г.
Шырокімі аказаліся і прасторавыя рамкі падзей у творы. Хоць яго героі — па сваёй ці не па сваёй волі — трывала заснаваліся ў Сібіры, але і паходжаннем, і думкамі яны звязаны з радзімаю, з далёкай Беларуссю. Так вызначылася духоўная сувязь розных пакаленняў, што на далёкім выгнанні прыходзяць на змену адны другім, захоўваючы ў сэрцы вернасць роднай зямлі.
У шэрагу апавяданняў пісьменніка асобна стаіць «П’ера і Каламбіна». Гэта — своеасаблівы празаічны трыпціх, паасобныя часткі якога сюжэтна паміж сабою не звязаны. Яны аб’ядноўваюцца толькі агульнай тэмай кахання, мастацкім роздумам аб загадкавай сіле гэтага пачуцця і аб тых тайнах, якія то аб’ядноўваюць двух чужых людзей, то зноў утвараюць паміж імі непераадольную бездань.
Калі іншыя апавяданні Алеся Гаруна так ці інакш звязаны з традыцыямі нацыянальнай прозы, а ў пэўнай ступені таксама з творчасцю пісьменнікаў найбольш блізкіх славянскіх народаў, то «П’ера і Каламбіна» сведчыць аб тым, што аўтар звярнуўся да здабыткаў еўрапейскай класікі мінулых стагоддзяў — прытым не так празаічнай, як драматургічнай. П’ера і Каламбіна (побач з іншымі вобразамі) — абавязковыя і вечна жывыя, але і вечна новыя вобразы славутае «камедыі дэль’артэ» — вандроўнага італьянскага (і французскага) тэатра XVI — пачатку XVIII ст.
Алесь Гарун — неспадзявана для нацыянальнай прозы і тагачасных гістарычных абставін (ішла грамадзянская вайна, канца якой відаць не было) — звярнуўся да абмалёўкі на першы погляд ідылічнага, але тым не менш багатага канфліктамі, глыбока матываванымі псіхалагічна, жыцця прадстаўнікоў заможных слаёў нейкага ўмоўнага грамадства (у першай і трэцяй частках), у якім спецыфічна нацыянальнага, беларускага нельга заўважыць нічога. Тут пісьменнік у такі пакутлівы для народа час паказаў, што і багатыя таксама могуць плакаць — і дарослыя, і дзеці. Ці то быў не адзіны выпадак у гісторыі тагачаснай беларускай літаратуры.
Алесь Гарун звярнуўся да агульначалавечай, спрадвечнай праблематыкі, не звязанай ні з канкрэтным часам, ні з месцам, ні з нейкімі нацыянальнымі рэаліямі.
Апошнім празаічным творам пісьменніка з’яўляецца фантастычнае апавяданне «У Панасавым сяле». Паводле зместу — гэта своеасаблівы працяг апавядання Змітрака Бядулі «Панас на небе». У творы Гаруна супярэчлівыя і шматпланавыя падзеі падаюцца ў інтэрпрэтацыі незвычайнага назіральніка — чорта з «нялюдскім розумам». Яны разгортваюцца на беларускай зямлі, прытым нават Панасава сяло, што па волі абодвух аўтараў апынулася на небе, бачыцца нейкім закуткам Палесся, бо там пасяляюцца радавітыя палешукі са сваімі рэальнымі зямнымі норавамі, звычкамі, уяўленнямі, якія надзейна ўкараніліся ў іх псіхіку і побыт.
I ў той жа час палешукі — нездарма ж яны на небе — вызваляюцца ад найбольш істотных і трывожных зямных праблем — ад думак і клопатаў пра свой хлеб надзённы, пра зямлю, працу, пра ўсё тое, што складае аснову існавання кожнага селяніна. Для герояў ствараюцца спецыяльныя ўмовы, над імі не вісіць кашмар паўсядзённага змагання за месца пад сонцам. Людзі трапляюць у рай, але з усімі зямнымі звычкамі, норавамі, традыцыямі.
А ці становяцца яны адразу святымі? Ні ў якім разе. Кожны з іх застаецца самім сабою. Адсюль чытач можа зрабіць вывад, што ў якія б умовы чалавек ні трапіў, у яго заўсёды захаваецца нешта сваё, атрыманае ў спадчыну ад стагоддзяў, выпрацаванае ўласным лёсам, побытам, асяроддзем.
У сувязі з гэтым напрошваецца пытанне: ці Панасава сяло на небе не ўяўляе сабою алегарычнай формы паказу будучага грамадства, у якім людзі атрымаюць зусім новыя магчымасці ўладкаваць свой лёс? Пісьменнік на прыкладзе нябеснага пасялення змадэліраваў некаторыя працэсы, якія адбываліся на зямлі, ахопленай рэвалюцыйньші катаклізмамі. У Панасавым сяле ўсталяваны лад жыцця пачаў нечакана разбурацца — прытым дашчэнту, да тла: «Не тыя пайшлі парадкі, не даўнейшыя. Хто ў пашане быў, той цяпер тамака ў запечку сядзіць, а той, чыйго духу там даўней не было, — найбольшую пашану мае».
Нават Панас, які заснаваў нябеснае сяло, аказаўся пазбаўленым усяго, што меў. Не так ужо цяжка здагадацца, які рай меў на ўвазе пісьменнік, абмалёўваючы змены ў жыцці нябеснага пасялення. Тым больш што моладзь, якая накіроўвалася ў Панасава сяло, наймацней абуралася тым, што ён «ода добрую гаспадарку ўзлез». За яе «дык глынуць, здаецца, гатовы». Усё гэта ўспрымаецца як алегарычная абмалёўка тых парадкаў, што ўсталёўваліся ў час рэвалюцыі.
Пра ўсе тыя змены чорт апавядае з добрым гумарком, сакавіта і каларытна: «Палешукі толькі вочы таропілі на тое, што дзеецца, але покуль раскусілі гарэх, дык час прабавілі — спозніліся. Цяпер, папраўдзе, дык не яны ўжо гаспадары, але гэныя, новыя. Панаса з хаты яны выгналі, той сабе ў варэннай (У варэннай — на кухні.) ціханька сядзіць, як мыш у мяшку, ды толькі вохкае, каб чаго горшага не дачакацца. Рэшта палешукоў сядзяць і не рыпаюцца на што-небудзь». Пры вырашэнні ўсіх спраў на першым месцы аказвалася партыйная прыналежнасць («А за новымі парадкамі паляшуцтвам ужо мала цікавіліся: больш пыталіся, з якой партыі») ды яшчэ ўменне добра малоць языком.
Аўтар не ідэалізуе сялян, але ўсё ж такі чытач пазірае на іх з сімпатыяй. Паляшук заўсёды і ўсюды застаецца самім сабою — самастрйным у думках і ў паводзінах, незалежным, не надта падатлівым на чужыя ўплывы, на ўспрыняцце модных ідэй.
У канцы апавядання гаворка непрыкметна пераводзіцца на рэальныя беларускія справы:
«…Што ў вас тут, якія навіны?
— Ад ліха—ціха, дабра не чуваць…
— Ці хутчэй: «Папаўся ў нерат — ні ўзад, ні ўперад». А Рада што?
— Рада — як Рада…»
Вось гэты развітальны абмен думкамі, увасобленымі ў шырокавядомыя прыказкі, уяўляецца зусім невыпадковым. Многія ў той час яшчэ верылі, што кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі мела нейкую рэальную магчымасць вырашаць лёс Беларусі. «Дабра не чуваць» — гэта і сапраўды была самая адчувальная рэальнасць. Апавяданне апублікавана ў 1920 г., у перыяд чужаземнага панавання. Колішнія мары аб поўнай незалежнасці Беларусі аказаліся неажыццявімымі.
Празаічныя творы Алеся Гаруна маюць наватарскі характар. Пра гэта сведчыць і спалучэнне рознамаштабных падзей у рамках аднаго і таго ж твора, і нечаканае, зусім нетрадыцыйнае выкарыстанне фантастыкі ў чыста, здавалася б, рэалістычным, бытавым апавяданні, і смелае ўвядзенне ў мастацкую літаратуру народных гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм.
Празаічныя творы Алеся Гаруна — жывое сведчанне няўхільнага пашырэння ідэйна-тэматычных абсягаў беларускай літаратуры, яе імклівага ўзбагачэння ўсё новымі жанравымі і мастацка-выяўленчымі сродкамі, бясспрэчнага росту пісьменніцкага майстэрства саміх аўтараў.
Крыніца: Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т 1. 1901 – 1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – 583 с.