Цёплым вясновым днём хлопчыкі-аднакласнікі вярталіся са школы. Хутка будзе ручай, а там і вёска побач, рукою падаць.
Перагаворваючыся, жартуючы, яны непрыкметна падышлі да ручая.
– Наш ручай сёння вунь як разліўся! – заўважыў Косця.
– Высокая вада кладку можа знесці, – занепакоіўся Алесь.
І сапраўды, вясенняя паводка сарвала кладку.
Да хлопчыкаў падышла бабуля. Яна, відаць, ужо даўно адпачывала тут.
– У госці да ўнучкі сабралася… Што рабіць, не ведаю, – бабуля бездапаможна развяла рукамі.
Хлопчыкі адышліся убок.
– Давайце абыдзем ручай, – прапанаваў Рыгорка.
– Мы абыдзем, а бабуля і да вечара да сваёй унучкі не дабярэцца, – не пагадзіўся Алесь.
– Трэба новую кладку зрабіць! – рашуча рассёк рукою паветра Вова. – Хіба адна бабуля ў вёску ідзе? Уяўляеце, што будзе тут, калі сцямнее?
– Давайце знойдзем бервяно і зробім кладку, – падтрымаў Вову Алесь.
Бервяно ляжала каля ручая. Хлопчыкі ледзь змаглі падняць яго: цяжкае вельмі. Так-сяк прынеслі і перакінулі на другі бераг. Рыгорка зірнуў на бабулю і сказаў:
– Яшчэ парэнчы трэба зрабіць.
На абодвух берагах ручая хлопцы ўбілі ў зямлю калкі, а парэнчы прымацавалі да іх лазою.
– Пераходзьце, не бойцеся, – запрасіў бабулю Алесь і першым праз кладку перабег, каб бачыла бабуля, што кладка надзейная.
Жанчына асцярожна ступіла на кладку, узялася рукамі за парэнчы і, перайшоўшы на другі бераг, падзякавала:
– Дзякуй вам, дзеткі.
Весела перагаворваючыся, аднакласнікі пабеглі ў вёску.