Алесь Якімовіч — Слабая воля

Алесь Якімовіч

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

I

  З вучнем 4 «А» класа Мішам Яцэвічам здарылася няшчасце – у яго раптам аслабла воля. Так заявіў ён сам. А каму ж, як не самому, відней, што ў цябе баліць?..
 Выявіўся гэты недахоп у яго выпадкова, на зборы звяна, калі сябры ўзялі Мішу ў работу за чарговую двойку па арыфметыцы. Бо які ж гонар звяну мець двоечніка! Таму і размова была надта гарачая. Міша і чырванеў, і бялеў ад такой размовы, і чмыхаў носам, а потым, калі ўжо вельмі стала нясцерпна, ледзь не расплакаўся.
 – У мяне, мусіць, зусім слабая воля, – растлумачыў ён сябрам, – хачу рабіць адно, а робіцца другое… Вось і нядаўна было. Толькі сеў рашаць задачы, а Пецька з нашага двара прыбег і кажа: «Мішка, давай сіло рабіць!» Мне няма часу, кажу. Мне трэба задачы рашаць. Я – двоечнік… «Э, – кажа Пецька, – задачы рашаць усё роўна нецікава двоечніку ці пяцёрачніку. Давай лепш снегіроў лавіць. Я ўжо і валасню дастаў». Дзе дастаў? – пытаюся. «На рынак, – кажа, – бегаў, там у аднаго каня з хваста наскуб. Ледзь не ўбрыкнуў ён мяне, нават з аглабель выскачыў. А дзядзька, як убачыў, дык хацеў пугай аперазаць. Але я ўцёк…» Паслухаў я Пецьку і згадзіўся рабіць з ім сіло…
 Пасля такіх Мішавых тлумачэнняў піянеры неяк адразу прыціхлі і паспакайнелі. Што ж, можа, і праўда ў іх таварыша слабая воля. Гэта бывае. А важаты Юра Гулейчык аж спахмурнеў, пачуўшы пра бяду, якая напаткала піянера яго звяна Мішу Яцэвіча.
 – Калі так, – паспачуваў ён Мішу, – дык табе самому, вядома, цяжка будзе выправіцца. Слабая воля – гэта вялікае няшчасце для чалавека. Але ж і звяну заставацца з двойкамі таксама ганьба…
 Юра перадыхнуў і ўнёс прапанову:
 – Я думаю, нам трэба каго прымацаваць да Мішы. – Ён абвёў вачыма сваё звяно: – Можа, Толю Кругліка? Ён – пяцёрачнік па ўсіх прадметах. Праўда, Толя?
 – Праўда! – адказалі за Толю яго сябры. – Ён як бачыш выведзе Мішу ў перадавыя.
 Толя не пярэчыў.
 Таму так і рашылі: прымацаваць да слабавольнага двоечніка Мішы Яцэвіча пяцёрачніка з моцнаю воляю Толю Кругліка і даць ім заданне: не пазней як праз тыдзень вытурыць праклятую двойку з Мішавага дзённіка і гэтым выратаваць гонар звяна.
 Трэба сказаць, што выбар Толі ў памочнікі Мішу быў вельмі ўдалы. Апрача таго, што Толя добра вучыўся, ён вызначаўся спакойным характарам і акуратнасцю ў рабоце, а Міша – зусім наадварот. Гэта, відаць, і меў на ўвазе важаты звяна, называючы Толеву кандыдатуру для дапамогі Мішу.
 Ідучы са школы, Толя спытаўся ў свайго падшэфнага:
 – Дзе будзем займацца – у вас ці ў нас?
 Міша паморшчыўся пры ўспаміне аб занятках і адказаў:
 – У нас кватэра вялікая. Можам хоць цэлы дзень у сталовай сядзець.
 Толя згадзіўся, бо дома ў іх сапраўды не так раскошна, як у Мішы.
 – А калі прыходзіць? – спытаўся ён.
 Міша зноў паморшчыўся.
 – Лепш пазней. Спачатку я падрыхтую заданні па мове і геаграфіі, а потым зоймемся задачамі.
 – А можа, лепш наадварот? – параіў Толя.
 – Не, я прывык ужо да свайго распарадку, – не згадзіўся Міша.
 – Ну, няхай будзе па-твойму. У сем гадзін прыйду.
 – Прыходзь! – гукнуў Міша і тут жа павярнуў на другую вуліцу – зусім не па дарозе дахаты…
 – Куды ж ты? – паклікаў яго Толя.
 – На Нямігу… Я скора вярнуся…
 

II

  Роўна ў сем гадзін Толя пастукаўся да Мішы. Міша сустрэў яго радасна і адразу павёў у сталовую.
 – Каб ты ведаў, Толік, якія я сёння плёнкі дастаў!..
 – Навошта? – спытаўся Толя.
 – Як – навошта! У мяне ж – ты і не ведаеш – свае кіно!
 Міша кулём кінуўся да камоды, на якой стаяла высокая прадаўгаватая каробка з надпісам «Фільмаскоп Ф-49», дастаў з каробкі невялікі металічны апарат, пафарбаваны ў чорны колер, і паказаў сябру.
 – Вось! У мяне ўжо дваццаць пяць новых плёнак.
 Сёння, пасля школы, забягаю ў магазін, а там – «Бялее парус…», «Браты Лю», «Ілья Мурамец»… Цэлых пяць штук купіў! Я ледзь дачакаўся цямна і ўжо разоў па пяць перакруціў іх (Мішу, відаць, падабалася ўсё лічыць пяцёркамі). Хочаш – пакажу!
 Толя паглядзеў на яго спалоханымі вачыма:
 – А займацца калі?
 – Паспеем! – замітусіўся Міша. – Мы толькі пяць штук перакруцім. Гэта нядоўга.
 Цікаўнасць узяла верх, і Толя з захапленнем пачаў разглядаць хатні кінаапарат.
 – Дзе ты дастаў яго? – пытаўся ён.
 – Там жа, на Нямізе. Але яны рэдка бываюць. Іх як бачыш раскупляюць. Я ўбачыў і – кулём дахаты. Так і так, кажу маме: дай грошай! «А з якой гэта ласкі?» – пытаецца мама. А з такой, кажу, што праз тыдзень мне будзе адзінаццаць гадоў, і ты мне ўсё роўна будзеш купляць падарунак. Адным словам, сяк-так угаварыў маму, і вось ужо тыдзень да імянін і тыдзень пасля імянін кручу сваё кіно. Не толькі сам гляджу, а і рабятам з усяго двара паказваю. Я не такі, як другія. Я – не скупы. Няхай глядзяць. Вось і сёння, – я і забыўся табе сказаць, – яны зараз тут будуць. Я пахваліўся, што новыя плёнкі купіў. Можа, пачакаем іх?
 I сапраўды, неўзабаве пачалі збірацца дзеці з Мішавага двара – і меншыя, і большыя. Найшло цэлы пакой, як зачыніць. Прыйшоў і Пецька, які спакусіў Мішу лавіць снегіроў. Гэта быў шчуплы і нейкі ўвесь натапыраны, як зімовы верабей, хлапчук гадоў дванаццаці. Ён адчуваў сябе тут як дома, бо адразу ж ухапіўся сцягваць у сталовую з усёй кватэры крэслы. Меншых сяк-так рассадзілі на крэслах, а большыя пасталі ззаду. Міша ўключыў свой апарат у сець, уставіў плёнку і загадаў Пецю патушыць святло.
 Хутка на экране, асветленым лямпачкай фільмаскопа, з’явіўся першы малюнак, і большыя з гледачоў – школьнікі – прачыталі ўголас:
 – Браты Лю, кітайская народная казка.
 Міша пакруціў ручку – на экране паказаўся новы малюнак: на стракатым дыване сядзелі пяць братоў Лю, да таго падобных адзін да аднаго, што нават родная маці часта блытала іх між сабой. Але гэта былі не простыя браты: кожны з іх чым-небудзь вызначаўся, што і спатрэбілася ім у бядзе, у якую трапіў адзін з братоў.
 Гледачы з захапленнем сачылі за прыгодамі братоў Лю, а Міша з такім жа захапленнем добрасумленна выконваў ролю кінамеханіка. Пасля «Братоў Лю» пайшоў «Ілья Мурамец», потым «Бялее парус…», а потым яшчэ і яшчэ…
 А калі Міша нарэшце запытаўся ў гледачоў, ці не змарыліся яны, дык усе дружна загаманілі, што гатовы глядзець хоць да раніцы.
 У гадзін дзевяць вярнуліся з прагулкі Мішавы бацькі і паклікалі яго на кухню піць чай. Дзеці разышліся. А Толя заняўся арыфметыкай адзін – ён жа таксама не рашыў сёння ніводнай задачы! Але пасля Мішавага кіно перад вачыма ўсё мітусіліся розныя малюнкі, і сухія лічбы аб тым, на колькі кіламетраў адзін поезд абагнаў другі, ніяк не хацелі лезці ў галаву. «Прыйдзецца, мусіць, лепш заўтра раней устаць…» – падумаў Толя. Ён узяў на этажэрцы «Прыгоды Бураціна», пачаў разглядаць малюнкі.
 Нарэшце Міша павячэраў і прыйшоў на заняткі. Але ў гэты час насценны гадзіннік празваніў палавіну дзесятай…
 Толя захваляваўся:
 – Я сказаў маме, што хутка вярнуся…
 I ён пачаў збірацца.
 – А як жа з арыфметыкай? – здзівіўся Міша.
 – Займіся сам. А калі не зможаш рашыць, прыходзь заўтра раней у школу, мы да званка ўсё зробім.
 Толя развітаўся і пабег дахаты.
 

III

  Назаўтра Толя праспаў і ледзь паспеў разам са званком ускочыць у клас. Ды гэта толькі першая непрыемнасць. Здарылася так, што яго якраз у гэты дзень выклікала Людміла Паўлаўна па арыфметыцы.
 Людміла Паўлаўна ведае Толю з першага года яго вучобы і даўно прывыкла да яго акуратнасці. Вось чаму яна не паверыла вушам сваім: у Толі не былі зроблены задачы! Але ж Толя не мог жартаваць. На пытанне, што з ім здарылася, Толя прамаўчаў, апусціўшы галаву. Тады Людміла Паўлаўна прадыктавала яму адну з зададзеных на дом задач і прапанавала рашыць яе каля дошкі.
 Толя запісаў умову задачы, падумаў і пачаў рашаць. I хоць не хутка, а ўсё ж сяк-так справіўся з ёю. Людміла Паўлаўна крыху супакоілася і ніякай ацэнкі ў дзённіку не паставіла. Аднак яна сапраўды была моцна ўражана тым, што Толя аказаўся такім няўважлівым да арыфметыкі, якую ён любіць, здаецца, больш за іншыя прадметы.
 Мішу ў гэты дзень па арыфметыцы не выклікалі, і таму ён, як заўсёды, быў у добрым настроі і ўжо марыў аб чарговых забавах.
 Аднак Толя ўлічыў сваю памылку і вырашыў стаць хітрэйшым: па гэты раз ён прапанаваў свайму падшэфнаму заняцца арыфметыкай адразу пасля абеду.
 – Давай, – згадзіўся Міша, – паспрабуем увесці новы распарадак. А потым кожны будзе займацца хто чым захоча.
 Вось чаму на другі дзень хітры Толя прыйшоў у пяць гадзін вечара. Але Мішы дома не было. Маці сказала, што ён прасіў Толю пачакаць. Толя прысеў на канапе і заняўся разглядам апошніх нумароў «Огонька». А там было гэтулькі малюнкаў, што іх і за дзень не перагледзіш!
 Уж добра сцямнела, калі нарэшце вярнуўся Міша. Ён так расчырванеўся па марозе і быў такі вясёлы, што Толя аж пазайздросціў яму. Мала гэтага – ён тут жа раскруціў перад Толем нейкі газетны скрутак і, як фокуснік, спрытна выхапіў з яго… бацінкі з канькамі. Але што гэта былі за канькі. Самыя сапраўдныя хакеі! Мара ўсіх паважаючых сябе юных канькабежцаў!
 – Гэта мне дзядзька, татаў брат, у дзень імянін падарыў. Я аддаваў іх у майстэрню, каб прымацавалі да бацінак, і вось толькі што забраў, – растлумачыў Міша, адкуль у яго такія канькі завяліся.
 Ну, як было не пакатацца на новых хакеях! Але ж дзеля гэтага прыйшлося паехаць па самы сапраўдны каток, бо не будзе ж паважаючы сябе канькабежац катацца дзе-небудзь на звычайным двары.
 Праўда, Толя спачатку завагаўся быў: трэба ж задачы рашаць! Ды шустры Міша ўгаварыў яго, што яны доўга не забавяцца, а калі нават і забавяцца, дык не будзе ж Людміла Паўлаўна раз за разам выклікаць Толю па арыфметыцы!
 Але Міша памыліўся. Людміла Паўлаўна разважала па-свойму: з Толем нешта здарылася, і за ім трэба пільна сачыць. Вось чаму яна і не дала яму перадышкі, а зноў выклікала на другі дзень.
 I Толя зарабіў двойку… Першую двойку па любімай арыфметыцы.
 Піянеры захваляваліся, і важаты Юра вымушаны быў склікаць пасля ўрокаў збор звяна.
 Засмучаны Толя расказаў, як усё было, а Міша пацвердзіў, што ўсё было так, як сказаў Толя, што ён нічога не схлусіў. Спачатку ўсе разгубіліся: каго вінаваціць за новую двойку – шэфа ці падшэфнага? А потым усё гучней пачалі раздавацца галасы, што вінаваты ўсё ж Міша: ён проста знарок спакусіў Толю сваімі фільмаскопам і канькамі! Міша ж кляўся чэсным піянерскім, што зрабілася ўсё гэта ненарокам, што ніякай крыўды на Толю ён не меў і не мае.
 – Ну вось, бачыце, – сказаў важаты. – Мы тады паверылі Мішу, што ў яго слабая воля. А цяпер што вы скажаце? У каго слабая воля?
 – У Толі! – дружна засмяяліся піянеры.
 – Вядома, што ў Толі! У Мішы, наадварот, такая моцная воля, што ён за два дні адвучыў Толю ад арыфметыкі. I цяпер я прапаную адмацаваць, пакуль не позна, Толю ад Мішы, каб не мець у звяне лішняга двоечніка.
 – А як жа з Мішавай двойкай? – запытаўся Толя.
 – Няхай ён сам і выпраўляе яе, – цвёрда сказаў важаты Юра. – Цяпер мы ведаем: у яго не слабая воля, а моцнае гультайства да вучобы… Праўда, Міша?
 – Праўда… – вінавата адказаў Міша і апусціў вочы.

1953 г.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений