Алесь Якімовіч — Хітры воўк

Алесь Якімовіч

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

(Расказ былога пастушка)

  Пра ваўкоў расказваюць рознае. Звычайна ў такіх расказах усе яны – дурні. Бо хіба ж няпраўда? Ачэпяць паляўнічыя чырвонымі сцяжкамі месца аблавы – ваўкі і мітусяцца ў аблозе як апантаныя, пакуль не трапяць пад кулі. Здагадацца, што шпагаціна са сцяжком нават для мышы не перашкода, яны не могуць. Мы ўжо не гаворым тут аб тых ваўках-дурнях, якімі запоўнены нашы казкі.
 Але, відаць, не ўсе ваўкі – дурні. Ёсць і разумныя. Аднаго такога я бачыў сам на свае вочы.
 Было гэта так.
 Мой бацька пасвіў калгасных авечак. А я сяды-тады бегаў у поле, падмяняў яго.
 Аднаго разу бацька прыхварнуў. Давялося мне аднаму гнаць чараду.
 Дзень быў цёплы, сонечны, авечкі пасвіліся спакойна, а я плёў кош з лазы. Усё ішло як мае быць.
 Адвячоркам чарада падышла да лесу. Там, на папары, шмат пустазельнай бярозкі расло. Я прысеў на грудку, паглядаючы на сонца. Апусціцца яно, думаю, за лес, тады і паганю дахаты.
 Раптам бачу – авечкі шуганулі ад лесу, збіліся ў кучу. Што ж гэта напалохала іх?
 Гляджу, аж там воўк. Вушы тырчком, хвост падагнуты. Сам жывога ваўка я не сустракаў. Але бачыў, калі іх паляўнічыя прывозілі ў калгас пасля ўдалай аблавы.
 Я так і ўмлеў ад страху.
 Тым часам воўк павярнуўся назад і – скок-скок, як авечка, у бок лесу. Скокне разы два-тры, азірнецца і зноў далей.
 Што ён вытварае, нягоднік? – думаю. А можа, гэта не воўк?
 Гляджу, авечкі асмялелі. Мэкаюць. Аб нечым быццам раяцца паміж сабою.
 Потым бачу – адна замэкала прызыўна і патрухалася да лесу. За ёй другая, трэцяя. А там і ўся чарада.
 Ці не здурнелі яны?
 А воўк усё скача гэтак, падахвочваючы авечак. Калі ж авечкі падбеглі бліжэй да лесу, ён адвярнуўся і сігануў да чарады…
 Я закрычаў:
 – Туйга! Туйга!..
 Але было ўжо позна. Воўк схапіў самую першую авечку, закінуў яе на спіну і – толькі яго і бачылі. Чарада зноў шарахнулася назад. Цяпер-то, відаць, авечкі разабраліся, хто іх вабіў бліжэй да лесу.
 Увечары бацька спачатку пасварыўся на мяне: як гэта я, разявака, загледзеўся на воўчыя хітрыкі і не прагнаў яго з поля! А потым, як адышла ў яго злосць, расказаў, што такімі хітрыкамі ваўкі не раз спрабавалі ашукаць авечак і раней. Яны, бач, ведаюць, што авечкі не баяцца таго ваўка, які ўцякае ад іх. А калі ж яшчэ гэты воўк і танцуе перад імі, як свая родная сястра, дык уцякаць ад яго тым больш няма рахубы. А можа, яны проста бягуць за ваўком, каб лепш разгледзець, хто іх напужаў? Хто іх ведае.
 Даўно гэта было, а я і цяпер часта ўспамінаю той выпадак, калі чытаю або слухаю апавяданні і казкі пра дурных ваўкоў.

1960 г.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений