Андрэй Буслай, галоўны герой драмы "Парог", унутрана супярэчлівы, дзівакаваты і злавесны адначасова, прынёс першы відавочны поспех Аляксею Дудараву як драматургу.
Некаторыя крытыкі не ўхвалялі выбар галоўнага героя. Не маглі зразумець, чаму ў якасці рэзанёра і філосафа выступае алкаголік Буслай, дэмаралізаваная, разбэшчаная, цынічная асоба? Адзначалася і пэўная запазычанасць фабулы: гісторыя з уваскрэсеннем нябожчыка.
Трэба, аднак, заўважыць, што матыў несапраўднай смерці нашмат больш старажытны; ён скарыстоўваўся ў сусветнай драматургіі яшчэ ў часы Шэкспіра, Лопэ дэ Вэгі, Мальера.
Буслай спраўна выконваў амплуа тэатральнага блазна. Змрочна весяліўся сам, кпіў з свайго становішча, весяліў гледача.
У першай дзеі Андрэй Буслай у стане жорсткага пахмельнага сіндрому прачынаецца ў чужой кватэры, сярод незнаёмых рэчаў.
"Знаёмства" героя з новай абстаноўкай, яе "асвойванне" выглядае даволі камічна. Атрымліваецца, як у купалаўскім вадэвілі "Прымакі", калі Максім Кутас, прачынаецца ў суседавай хаце і спрабуе вызначыць сваё месцазнаходжанне па колькасці павучыння ў кутах пад столлю.
Буслая дзівіць не толькі незвычайны інтэр’ер, але і людзі, якіх ён сустракае ў незнаёмай кватэры: Аліна, Драгун. Ён адчувае з іх боку грэблівасць, шкадаванне і… спробу дапамагчы. Чужое спачуванне яго, алкаголіка са стажам, бянтэжыць, прымушае зразумець глыбіню ўласнага падзення. І ён спрабуе адгарадзіцца ад гэтага новага, трывожнага пачуцця звыклым спосабам: блазнуе, бравіруе ўласным падзеннем, кпіць з сябе. Ён добра ведае, як дзейнічаюць такія паводзіны на людзей, не пазбаўленых пачуцця гумару. Цынічныя, але дасціпныя выказванні Буслая, трапныя характарыстыкі, якімі ён надзяляе людзей, могуць выклікаць калі не сімпатыю, дык цікавасць. Нават панурая Аліна, засяроджаная на сваёй бядзе, не можа стрымаць усмешкі, калі Буслай тлумачыць, чаму людзі п’юць: "Чалавек не жывёла, дарагуша… У яго ў гэтым кацялку (паляпаў па галаве) думкі розныя. Калі сабаку навучыць думаць, і сабака піць пачне…"
Паводзіны Буслая ў чужой кватэры нагадваюць тэатральную гульню, свайго роду эксперымент, які ставіць сам Буслай, назіраючы за рэакцыяй людзей. Але ў гэтай гульні, як і ў дзівацтвах герояў зборніка "Святая птушка", няшмат чалавечнасці, гуманізму. Гэта хутчэй спосаб самавыяўлення спакутаванага чалавека; але гэтая пакута не зрабіла яго добрым, чуйным да чужой болі. Наадварот, яна спарадзіла ў яго душы цынізм і скепсіс.
Кепікі, блазнаванне, "чорны гумар" — абалонка, за якой хаваецца прытоены боль. Смех, як і гарэлка, для героя -своеасаблівае выйсце са стану апатыі, абыякавасці, духоўнай ляноты, якія ён адчувае вакол сябе і ў сабе. Дабрату Буслай шукае не ў бесклапотным цвярозым жыцці, а ў п’яным чадзе: "Калі п’яны, мне ўсіх шкада, я ўсіх люблю… У мяне ў п’янага — слёзы з вачэй ад замілавання людзьмі, дрэвамі, зямлёй…Усім-усім!..".
"Гэта не ён плача, гэта ў ім гарэлка плача",- кажуць у народзе пра такога роду замілаванне. Сярэднестатыстычнае жыццё, аказваецца, развучыла людзей натуральнаму выяўленню пачуццяў: кахання, смутку, расчуленасці, шкадавання. Менавіта пра гэта хоча сказаць Буслай сваёй рэплікай: "Вельмі ўжо цвярозыя сталі".
Крытык Б. Емяльянаў, аналізуючы "Парог" у кантэксце п’ес з адпаведнай праблематыкай, прыходзіць да ёмістай формулы: "цяжар лёгкага жыцця". Тут маецца на ўвазе цяжар бездухоўнага існавання. "Пестуны веку" толькі на першы погляд бесклапотна карыстаюцца жыццёвымі дабротамі, на самай справе яны скрозь нясуць клопаты і беды сабе і сваім блізкім. Лёс Буслая параўноўваецца крытыкам з жыццём Зілава, героя драмы "Паляванне на качак" А. Вампілава. Але Буслай на словах выступае якраз супраць бяздумнага, самазадаволенага існавання. Ён прыгадвае павучальную, падобную на прытчу, гісторыю: чалавек, хворы на цукровы дыябет, страціў прытомнасць проста на вуліцы, памёр на вачах у людзей, якія абыякава праходзілі міма.
"Б у с л а й. Тысяча чалавек прайшлі, і ніводзін не ўбачыў… Аслеплі, аглухлі… Душу сваю закармілі так, што ўсе нармальныя чалавечыя пачуцці толькі ў п’яным выглядзе вонкі вырываюцца…".
"Закормленая душа" — сімвал душэўнай ляноты, інертнасці, бяздумна-расліннага існавання, якія прыводзіць да раз’яднанасці. Гэта праява сацыяльнай хваробы, на жаль, універсальнай. Бо неўзабаве, у прыступе шчырасці, Буслай прызнаецца, што і сам да сябе такога не падышоў бы…
Але ні гарэлка, ні балючае самавыкрыццё, ні ўнутраная стыхійная нязгода з масавай мараллю не робяць Буслая больш дасканалым, чуйным да чужога няшчасця. Ён галоўная прычына нягодаў ва ўласнай сям’і, пакут жонкі і бацькоў. Пакінуўшы вёску, Буслай пераязджае ў мястэчка, жыве ў качагарцы разам з бамжом і прапойцам Бэрам, перабіваецца выпадковымі заробкамі, цалкам адасабляецца ад усялякіх маральных абавязкаў перад блізкімі. Яму па-свойму ўтульна і бесклапотна.
Як Чужаніца з аднайменнага рамана Альбера Камю, Буслай кіруецца ў жыцці толькі эмацыянальнымі імпульсамі, інстынктамі, але не адчувае ад такога бесклапотнага існавання ўнутранага разняволення. Наадварот, невядомая трывога і незадаволенасць сабой пачынаюць усё часцей яго непакоіць.
Бліжэй да фіналу паводзіны Буслая істотна мяняюцца: ён перастае асуджаць іншых, пачынае пошукі выйсця, маральнага самаўдасканале ння.
Тэатральныя крытыкі выказвалі сумненне ў псіхалагічнай абгрунтаванасці такога душэўнага пералому. Сапраўды, цяжка паверыць, што на лёс персанажа паўплывае сустрэча з пісьменнікам-казачнікам Пакутовічам, адзіная працяглая размова з ім, падчас якой, па прызнанню Буслая, "ён (Пакутовіч) і маю душу ўсю ноч на кавалачкі рэзаў, як каўбасу…".
Існаванне гэтага казачніка загадкавае. Ёсць "хворыя", нібыта вылечаныя (перавыхаваныя) ім, ёсць часопіс, дзе як быццам друкуюцца яго казкі… Але пра што гэтыя творы? Аліна трымае ў руках свежы часопіс з чарговым тварэннем Пакутовіча і кажа толькі: "Добрая казка…"
Пацыенты пачуюць ад Пакутовіча адзін рэцэпт уласнага выратавання: пачынаць трэба са сваёй душы. Магчыма, у часы, калі сама субстанцыя душы не прызнавалася ваяўнічымі атэістамі і матэрыялістамі, сказаць так — ужо азначала сказаць нямала. Паўстае пытанне: што рабіць з душой, да чаго яе прыкласці? Гэтаму Пакутовіч чамусьці не навучыў.
Можа, варта пачаць жыць "паводле Пакутовіча"? А гэта азначала б абсталяваць гарадскую кватэру, як вясковую хату (няйначай, каб спатоліць гэтую традыцыйную інтэлігенцкую настальгію па вёсцы), павесіць гадзіннік з зязюляй, зняць замкі, паставіць у шафу бутэльку з каньяком для замежных гасцей і для небаракі Буслая, каб было чым пахмяліцца. Усё гэта мае прыкметы таннай, штучнай дэкаратыўнасці, неглыбокага, фармальнага альтруізму. Гэта адразу заўважыў цынічны Буслай, і ў яго разважанні ёсць доля праўды:
"Б у с л а й. …Жывуць, разумееш, як паны, каньяк французскі глушаць, хату пад селяніна згаблявалі, а простаму селяніну рубля шкада… Перадайце вашаму пісьменніку, што я на яго плюю. Вось так вось: цьфу, і ўсё! Развесіў ручнікі! Хай у вёску едзе, а тут камедыю не ламае…".
Можна ўспрыняць вобраз Пакутовіча як драматургічную ўмоўнасць, як персаніфікацыю дабраты, міласэрнасці, разумення чалавечых пакут. Тых элементарных і неабходных чалавечых якасцей, якіх так бракуе Буслаю ды іншым. Пакутовіч, так і не з’явіцца ў сваёй кватэры, а героі разумеюць, што ім застаецца спадзявацца толькі на свае сілы.
Прасветліна ў душэўным стане Буслая настае тады, калі само жыццё адварочваецца ад яго, ператварае яго ў "жывога нябожчыка". Ён атрымлівае ад жыцця ўрок, нашмат мацнейшы за той, які б мог адбыцца падчас начной гутаркі з Пакутовічам. Што можа адчуваць чалавек, які перажыў сваю "смерць", і раптам ён, жывы, пра гэта даведаўся? Што чакае бацьку і маці, кінутых жонку і дзіця, калі ён вернецца да іх "жывым нябожчыкам", з "адпітай" памяццю, амярцвелай свядомасцю, з бездапаможнай, не здатнай да дзейснага дабра душой?
Узрушанасць, трагічнае адчуванне свайго падзення, віны і безвыходнасці — гэта не "выздараўленне" і не раптоўнае "перавыхаванне", як бачылася крытыкам. Буслай спрабуе выправіць сваю віну адразу — уцячы, каб родныя забыліся пра яго і надалей лічылі яго памерлым. Гэтае выйсце раўназначнае самагубству, і яно наўрад ці можа кагосьці выратаваць. Дзеля дабра, ачышчэння патрэбная марудная, цяжкая, цярплівая праца душы — але якраз на гэта Буслай ужо не здатны.
У фінале п’есы хлопчык не пазнае бацьку, просіць Андрэя расказаць казку (ізноў казку, якая нібыта можа кагосьці выратаваць!). Казкі не будзе.
"Б у с л а й (бярэ хлопчыка на рукі.) Зараз, зараз, сыночак… (Прытуляе да сябе.) Жыў-быў… (Успамінае.) Жылі-былі… (Намагаецца ўспомніць.) Жылі-былі… (З жахам.) Не памятаю… (Апускаецца на падлогу.)
У хату амаль адначасова ўбягаюць М а ц і, заплаканая і расхрыстаная, Бацька, Н і н а, М і к о л а. Усе спыняюцца каля дзвярэй. Глядзяць.
Б у с л а й (яшчэ мацней прытуляючы сына да сябе). Не памятаю… Не памятаю… Не памятаю…".
Нарэшце расчытваецца сімвалічны вобраз "парога", мяжы, за якой пачынаецца незваротны распад чалавечай асобы, духоўная смерць, якая набывае куды больш пачварныя формы, чым фізічная. "Парог" — апакаліпсіс, крушэнне свету, не сусвету, але свету адной чалавечай асобы.
Тэма адказнасці чалавека перад сусветам за сваё асабістае "я", за жыццё, падараванае яму Богам, атрымала своеасаблівы працяг у драме "Вечар".