Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Вышчарблены нож у потнай Сяргеевай руцэ паблісквае ў цемрадзі сенцаў. Пры кожным кроку тужліва рыпяць масніцы. Сцішана дрэмле пад пахай чорная курыца. Саладкаваты пах цвілі з клеці казыча нос. Уваччу блытаюцца зялёныя і ружовыя плямы. За глухой сцяной гоцнуў, шаргануўшы ў бульбоўніку, яблык. Ноч. Дзесь на вуліцы, з боку Цёмнага Лесу, самотна завыў сабака. Сяргей праходзіць па сенцах. Бясконца доўгія яны, як ссучаная пяньковая вяроўка на гарышчы гумна. «Толькі б утрымацца на нагах, не зваліцца ніцма. А калі хіснуся і падломяцца калені… Такога не будзе… Вось і клямка». Дзверы расчынены. Поўнач.
Сяргей на хвіліну прыхіліўся плячом да вушака. «Марына, любая. Я не хацеў, не душыў цябе. Ты ж ведаеш. навошта ўсё? О, дзева Марыя, маці Прачыстая, злітуйся, дай сілы. Пакрый мяне з зямлі да неба. з неба да зямлі сваёй белай святой пакровай…»Ад шапацення Сяргеевых вуснаў страпянулася курыца, сакатнула, дзерануўшы кіпцюрамі світку.
Ісці і не стаяць! Ісці – час бяжыць. Адчыніць усе дзверы, якія ёсць. У прыбіральні таксама. Вароты на вуліцу – напята. Цяпер абысці тры разы вакол хлеўчукоў і дрывотні, вакол хаты. Даць напіцца курыцы са студні. Абы толькі трымацца на нагах. Трысцен абысці, на шуле паставіць крыж. Тупое лязо… Цяпер прыбіральня. Крапіва замінае, раннем выкасіць.
«Глядзі, хлопец, – шаптаў Міходзька, тыцкаючы пальцам у напалову поўную пляшку. – Во ён, твой мучыцель. Бачыш камлюкаватую здань? Ён на цябе насланы. Ён тваімі рукамі жонку тваю душыць. Сабе не падуладны ты. Навошта Каську Петракову зняважыў? Не думаў браць – нашто чапаў? Яна твой след занесла да ведзьмака. Я бачу і ведаю, да якога. Кроў, Сяргейка, атручана зеллем. І не кроў у цябе, а шчолак. Пайшлі са мною. Святы лес нам скажа, што рабіць. Спадар дуб раду дасць.
І ішлі яны сцежкамі, балацявінамі і бальшаком. Начавалі пад гарэшнікам. З кожнага вялікага дрэва Міходзька адразаў галіну. І дзень ішлі, і два. Сяргей жа нёс тое голле. «Лес, толькі лес уратуе. Волат-дуб падкажа збавенне. Чакай, глядзі…» Міходзька з усяе сілы штурхануў Сяргея ў плечы. Хлопец распрастаўся, рассыпаўшы галіны, шчаку ўспарола зламаная папараціна. Кроў пырснула, апякаючы губы. Сяргей хацеў бы ўсхапіцца, ды Міходзька прыціснуў яго сабою. Кранаючы губамі вуха, шыпеў: «Ляжы і слухай зямлю. Палі карэнне крывёю, тады лес братам стане. Не шкадуй крыві, паі зямлю. Чуеш, голас?»
«А ўчарней жа ты, як учарнела я. Загубіў мяне, атруціў красу. І каму ж цяпер я патрэбная. А ты, татачка, мая мацічка, хто заступіцца за маю красу? Ды ні братачка ні сястрыначка слёз не выцера мне, не ўлагодзіць. Крумкачы адны, верны дружачкі, а жаўты пяскі мне пасцелечка. Толькі ж як накласць на сябе руку? Як сысці з зямлі, не адпомоціўшы? Пайду ў велькі свет я бяду шукаць на тваю душу, цела ядрана. Ой, не бачыць вам шчасця краснага і не цешыцца, як галубчыкам. Панясу твой след я ды ў чорны свет. Каб, дзе ступіш ты. не было вады, а куды зірнеш, каб не бачыў меж. Заступіся ты, сіла згубная…»
– Слухай, Сяргейка, – шыпеў Міходзька, – то галосіць Каська ў дзень твайго вяселля. Лес адкрывае таямніцу.
– Дыхаць, мне няма чым дыхаць. Я паміраю, Міходзька, дзядзька, уратуй! – раскінутымі рукамі Сяргей гарнуў пад сябе зямлю, аслізлае лісце, колкую гліцу. Варажбіт усхапіўся, штосілы пацягнуў Сяргея з уляжанага месца, выхапіў з кішэні паўпустую пляшку, булькнуў на далонь вады, пырснуў у хлопцаў твар.
– Не дурэй, Сяргейка. Трымайся яшчэ крупінку, і мы разаб’ём насланнё. Гэта душыць цябе Ён, але збавенне побач.
– Лес, родны, нязводны, згарніся сцяной, а сіла няўцямна разбіся пры ёй, – Міходзька паўколцамі разліў ваду з бакоў ля Сяргея.
– Ці лягчэй табе, хлопча? – прыпаў да Сяргея варажбіт. – Уставай, пайшлі.
Сяргей ішоў хістаючыся. Міходзька нёс абярэмак галін. Так перайшлі яны ручай, Бярозавую грыву і апынуліся на паляне сярод ельніку. Магутны дуб заспакоена драмаў. Ніводзін ліст не турбаваўся ветрам.
– Прыйшлі, Сяргейка. – Міходзька кінуў каля дуба абярэмак, зняў з пляча кайстру.
Шарэла. Неба выплёсквала першыя зоркі. Гняла тужлівая цішыня. Густа пахла верасам і хвояй.
Міходзька, гойдаючы галавой, як бусел, наблізіўся да дуба. Правёў далонямі па ім і прыпаў шчакою. Губы ягоныя зліліся з сівым імхом.
– Пазнаў, пазнаў, мой волат, мой брат і бацька. Я тут. Я да цябе з бядой і просьбай. Ці чуеш?
Дуб зашапацеў лісцём, і некалькі недаспелых жалудоў важкімі кроплямі тукнулі вобзем.
– Распранайся, – тузануў Міходзька Сяргея за плячо. – Крыху ачомаўся? Во і добра. Кажу, скідай адзежыны.
Сяргей выпусціў скрозь пальцы буйнога светляка і распрануўся.
– На, апрані, – Міходзька выцяг з кайстры зрэбную кашулю, – і вунь, з краю, ад алешніку каціся па расе да дуба.
Сяргей перакочваўся па пажарніку і верасе, купках святаянніку і багуну, абмываўся расою. Вільгаць халадзіла ягонае цела.
З апалага лісця дуба, з прынесеных галін і моху Міходзька збіраў вогнішча. Падыспад падторкнуў начасаныя з Сяргеевай галавы валасы, заблытаўшы іх у хлебны мякіш.
– Волат-дуб, карміцель і суддзя, не грэбуй паднясеннем. – Варажбіт паклаў пад дрэва тры маленькія, з прыгаршчу, боханы. – Ачысці кроў сына, згані насланнё. Дай шчасце бачыць, жыць і смяяцца. Нябёсы і зямля маюць яго расою. А ты, бацька наш, здымі закляцце чорнае. Прашу за сына зямлі сваёй, за жняца і касца, за маладую сілу, за прадаўжальніка роду дзяцей тваіх.
Дуб сцішана слухаў. Міходзька падвёў да дрэва змоклага Сяргея. Вочы ў хлопца запалі, на твары застылі кропліны, чорны пісяг на шчацэ расплыўся.
Стаў Сяргей да дуба. За спіною ягонай успыхнула бяроста. Агонь кінуўся ў скокі па галінах, зачапіў лісце. Белы дым агарнуў хлопца, накрыў з ног да галавы. Млявасць паланіла. Скалелая цела торгалі, праціналі голкі. І ўчуў Сяргей голас, старэчы і надтрэснуты:
– Пройдзе тыдніца гэтая і яшчэ адзін дзень. Да нараджэння маладзіка, у ноч зацвітання дзівасілу ты з нажом і чорнаю курыцай стрэнешся з ім. Расчыні ўсе дзверы, усе закуткі, усе зашчэпы. Будынак кожны абыдзеш тры разы, пасля трэцяга – лязом крыж адзначай на ўваходзе. Ён скочыць аднекуль пад ногі. Глядзі, не зваліся, утрымайся на нагах. Калі ж толькі кранешся зямлі рукамі ці ўкленчыш, – значыць, ты слабы на гэтым свеце. І будзе твой век карацейшы за хвост куніцы.
Дым гусцей і гусцей ахутваў Сяргея. Невядомы голас паланіў:
– Мне шкада не народжаных Марынай дзяцей. Да прызначанага дня не кладзіся з ёю. Калі ж за сваім норавам пойдзем, дык тая ноч будзе апошняя для Марыны. Насланнё пакуль жыве ў табе. І жонка не ўцячэ ўжо. Твае пальцы сашчэпяцца на ейным горле. Памятай гэта. Тыдніца і адзін дзень. І ноч зацвітання дзівасілу. Чорная курыца, нож, расчыненыя дзверы і вароты. Ён і ты. Усё, ідзі.
Міходзька сцягнуў з хлопца кашулю, кінуў яе ў вогнішча. Агонь захліпнуўся.
Дамоў Сяргея варажбіт вёў іншай дарогай: рачною плынню, па ручаях і крыніцах, ірвах, кустах, па малінніку і журавінах.
І настаў той дзень. Прыйшла тая ноч.
«Я або ён. Чым болей Сяргей паўтараў гэтыя словы, тым мацнейшая сіла прарастала ў ім. «Вольна жыць і кахаць! Каб Марына не баялася маіх рук. Адчуць смак хлеба і квасу…»
Сяргей абышоў хляўчук. На прыступцы пакінуў нажом след. Страпянулася курыца. Сяргей пайшоў на трэці круг вакол хаты. Ногі пачыналі дранцвець. Але ішоў, ішоў наперад.
Усе спяць. Спяць сном праведнікаў. А ён блукае, шукае ачышчэння. Толькі б утрымацца. Чаму ногі не суцэльныя калоды?
Абыдзена хата. Цяпер паставіць меціну на ўваходзе. Мацней націснуць лязом. Рука дрыжыць. Эх ты! Ці ж гожа так?
Сяргей не паспеў накрэсліць рыску як зарыпелі адразу ўсе масніцы ў сенцах. Быццам па іх з маху катанулі вялізную бочку. У тое ж імгненне нешта суцэльна кудлатае бухнула Сяргею ў ногі. З такім напорам і моцай, што здалося, ногі рассыпаліся бітым шклом. З-пад пашкаў у Сяргея выпырхнула чорная курыца, з шалёным сакатаннем паляцела пад плот. Дзяцюк схапіўся за вушак. На вуліцы адзін за адным узвылі сабакі. Сяргей нібы прымёрз да ганка.
– А дзе ж?.. Выстаяў. Я выстаяў! Міходзька, дуб-волат, Марына, людцы! Я выстаяў!
Сяргей нема крычаў. Унутраны голас раздзіраў грудзі. Глыбокі выдых Хлопец прысеў на парог. Кінуў у цемру нож. Лязо аб нешта цвінькнула. Ні думак, ні слоў.
Рыпнулі дзверы ў хату. Сяргей прыслухаўся. Няўжо не ўсё?
– Сяргей, – гукала яго жонка.
– Хадзі сюды, – супакоена прамовіў Сяргей. – Будзеш жыць, чуеш, Марына? Нічога страшнага. Зараз зацвіце дзівасіл. Пайду глядзець. Дзіўная сіла. Ты бачыла хоць раз тыя кветкі? Два кусты пад Петраковай хатай. Не бойся маіх рук. Усё мінула.
– Здаецца, адчуваю на горле твае пальцы.
– То быў не я, павер. Міходзька калі-небудзь табе скажа.
– Навошта? Я й так ведаю.
– Мо чула ты і пра Каську?
– Казалі.
Сяргей апусціў руку, угнуў голаў.
– Ідзі, Марына. Я пабуду, адпачну.
– Дык мо разам?
– Не, я адзін. Не крыўдуй. Яшчэ не ўсё завершана. Ты ж адчуваеш. Трэба давесці да рысы. Так трэба. Ідзі кладзіся. Гэта мая ноч. Астатнія будуць нашы.
Бязмежжа і глыбіня ночы.
І вось хата Каські Петраковай успыхнула свечкай. Палкім слупам пратыкнулася цемрадзь. Усё ажыло, загаманіла, закрычала. Ноч гіне, ноч забітая. У водблісках агню каля хаты Каські курчацца лісты дзівасілу. Чарнее не пабачыўшы сонца, кволая квецень.