Андрэй Макаёнак. Пагарэльцы. Аналіз твора

Андрэй Макаёнак

  Камедыя "Пагарэльцы" (першая назва "З кірмашу") лічыцца самай вострай сатырай драматурга на савецкую рэчаіснасць канкрэтнага гістарычнага перыяду. У значнай ступені гратэскавы смех п’есы быў скіраваны супраць атмасферы палітычнага жыцця краіны 1930-1950-х гадоў, што выявілася ў гнеўным асуджэнні не толькі таталітарнага рэжыму, але і антыграмадскай дзейнасці некаторых чыноўнікаў-прыстасаванцаў. Аўтар прадбачыў рэакцыю на твор і паказаў п’есу першай асобе рэспублікі П.М. Машэраву, якому твор спадабаўся, але і ён аказаўся не ўсёмагутным, параіўшы аўтару пачакаць гадкоў 5—6. П’еса ж праляжала ў шуфлядзе ажно 13 гадоў. За гэты час Андрэй Макаёнак шмат чаго змяніў у творы, працуючы над ім больш, чым над іншымі сваімі п’есамі.
  Андрэй Макаёнак адмовіўся ад традыцыйнай сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора. Яна складаецца толькі з пралога і эпілога — дзвюх полюсных частак п’есы. Аўтар паказвае нам спярша пачатак падзей, а пасля — іх заканчэнне. Паміж імі трохі болей за 20 гадоў. Гэта вялікі прамежак часу, але ён дае аўтару звярнуць нашу ўвагу на тое, як пачыналіся трагічныя падзеі і да чаго яны прывялі праз 20 гадоў. Пралог і эпілог у кантэксце аўтарскай задумы трэба разумець не толькі як літаратуразнаўчыя тэрміны, а і як пачатак і фінал чыноўніцкай кар’еры ўхватавых. Такая кампазіцыя твора адпавядае аўтарскай задуме, якой ён дзеліцца з чытачом у рэмарцы перад пралогам. Твор ад гэтага не губляе сваёй цэласнасці, ідэйнай завершанасці.
  Пад ухватаўшчынай трэба разумець прафесійную непрыдатнасць кіруючых асоб і злоўжыванне ў карыслівых мэтах службовымі абавязкамі, шкурніцтва, прыстасавальніцтва, апалітычнасць, цынізм.
  Небяспечнымі наступствамі ўхватаўшчыны аўтар лічыў кар’ерызм, бюракратычнае кручкатворства і бязлітасныя адносіны да чэсных чыноўнікаў, людзей адукаваных, разважлівых.
  Макаёнак хоча на прыкладзе "адной прыватнай трагікамічнай гісторыі" давесці да свядомасці чытача думку, што за ўсё ў жыцці даводзіцца плаціць. Маральны вопыт народа, зафіксаваны ў прыказках "Што пасееш, тое і пажнеш", "Як аукнецца, так і адгукнецца", як мяркуе пісьменнік, варта было б улічваць і чыноўнікам. У першую чаргу гэта тычыцца тых, хто "папіхаў слабога, дагаджаў дужаму, падлізваўся, хлусіў, крывадушнічаў, выгадваў, пагарджаючы інтарэсамі другіх дзеля ўласнай сытасці".
  Ухватаўшчына ў творы панесла справядлівае пакаранне. Аўтар прыводзіць свайго персанажа да лагічнага канца — Ухватаў памірае, абураны хамствам, няўдзячнасцю чыноўнікаў, сваіх былых кадраў.
  Землетрасенне ("землятрус") — іншасказальная назва падзей, грамадска-палітычная напружанасць, драматызм часу, якія ўзбурылі ўсё даваеннае жыццё краіны — сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў.
  Пад катаклізмамі і катастрофамі мы пазнаём масавыя рэпрэсіі. З гісторыі таксама вядома, што менавіта на начных пасяджэннях прымаліся самыя жорсткія рашэнні тагачаснай сістэмы і адбываліся арышты бязвінных людзей.
  Значная роля ў драматычных творах для вырашэння аўтарскай ідэі належыць мове персанажаў. Асабліва яскрава выявіў гэты бок таленту А. Макаёнак у п’есе "Пагарэльцы", дзе надзяліў персанажаў камедыі мовай, якая адпавядае іх сацыяльным характарам, узроўню адукацыі. Так, у мове Бусько пераважаюць дыялектныя словы, для яе характэрны імкненне да панібрацтва, фамільярнасці (прывёзшы з вёскі хабар у выглядзе двух кумпякоў, Бусько без усялякіх прадмоў просіць "друга" выцягнуць яго з "балота", падшукаць работу ў кабінеце, "шо б було кому команду даць"). Для мовы ж Сілана, закончанага бюракрата, характэрна кніжнасць, канцылярызм. Сілан сцвярджае, што для яго "слова не мае юрыдычнай сілы, толькі подпіс". Макаёнак па-майстэрску выкарыстоўвае моўную характарыстыку для стварэння сатырычных тыпаў.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений