Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.
Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.
Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.
1928
Адказы на пытанні:
1. Лірычны герой перажывае і радасць, і горыч свайго першага кахання:
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.
2. Малюнкі прыроды падкрэсліваюць душэўны стан лірычнага героя, сугучны яму: "звінеў і плакаў май", "золкае, туманнае спатканне", "смугой ахутаных дарог".
3. Аўтар малюе вобраз каханай наступнымі эпітэтамі: "абуджаная сэрцам, дарагая", "суровы позірк твой", "смуглявая, каханая". Каханая паэта ўяўляецца прыгожай смуглявай дзяўчынай, з доўгімі валасамі, стройнай, прыгожай, з глыбокімі вялікімі вачамі.
4. У песні няма другой страфы. Мелодыя песні – задушэўная, сумна-лірычная, пяшчотная, сэрцакранальная, мілагучная.
5. Элегія – лірычны верш, прасякнуты сумным настроем з прычыны грамадскай несправядлівасці, асабістага няшчасця, непадзеленага кахання, разважанняў аб жыцці і смерці і інш.
Верш "Бывай" можна назваць элегіяй, бо гэта лірычны верш, прасякнуты сумным настроем з прычыны непадзеленага кахання.
6. Назву "Элегія" мае катэгорыя класічнай музыкі ("Вальс-фантазія" М. Глінка, "Восеньская песнь" П. Чайкоўскі, 21 сімфонія Н. Мяскоўскі), якая мае сумны, марудны, трагічны характар выканання. Гэтым яны падобны з элегіяй у паэзіі.