Артур Вольскі — Сцяпан – вялікі пан

Артур Вольскі

Казка для тэатра і для чытання таксама

І

  Калі гэта было?
 Даўно.
 Тады, калі гэтая казка толькі-толькі нараджалася ў народзе.
 А я зараз паспрабую пераказаць яе. Трошкі на свой лад, праўда…

 На ўскраіне невялікага сяла туліўся да пагорка небагаты падворак. Недалёка, цёмным зубчастым грабянцом, упіраўся ў неба спрадвечны лес. Паблісквала пад сонцам азярына. У небе плылі воблакі. Зусім як гусі. А ў азярыне – гусі. Зусім як воблакі. Адным словам, райскі куток. Як раней казалі.
 Але не па-райску жылося беднаму шаўцу Сцяпану. Ён сядзеў каля расчыненых дзвярэй сваёй пахілай хаціны, шыў боты і напяваў пры гэтым песню:

Няма мілей работы!
Чым шыць для войска боты!

Няма,
Няма

Работы мне мілей!
Адны ў мяне турботы –
Пашыць салдатам боты,
А грошы атрымаю,
I стане весялей.

Аей,
Аей,

I стане весялей!

 Раптам з-за лесу пачуліся гукі паляўнічага рога. Гоман мноства людзей набліжаўся і нарастаў. Даносіўся рык звяроў.
 Сцяпан прыслухаўся.
 – Ці не вайна пачынаецца?..
 На падворак убегла Лісіца. Звычайная Рыжая Лісіца. Задыханая. Перапалоханая.
 – Ратуй мяне, добры чалавек! Ратуй ад пагоні! Цар з прыдворнымі паляваннем забаўляюцца…
 Паляўнічы рог прагучаў зусім блізка.
 Замітусілася Ліска па двары, шукаючы схованкі.
 – Ой! Яны хутка тут будуць!..
 – Бяжы, Ліска, у хату – пад лаву схавайся! – і Сцяпан крыху пасунуўся са свайго месца, прапускаючы Лісіцу.
 Ледзь толькі знікла. тая ў хаце, як на падворак заехалі салдаты-коннікі на чале з вусатым Генералам.
 – Гэй, шавец! Ці не бачыў ты Рыжай Лісіцы? – не злазячы з каня, гыркнуў Генерал. – Яна ў гэты бок пабегла…
 – Не, пане Генерале, не бачыў, – паціснуў плячыма шавец.
 Генерал кінуў на сваіх людзей грозны пагляд:
 – Эх вы, ёлупы! Такі каўнер праваронілі! За гэткі падаруначак царская дачка і ордэна не пашкадавала б…
 Зноў загучала труба. На гэты раз – урачыста.
 Генерал адразу падцягнуўся:
 – Яго вялікасць Цар з яе высокасцю царскаю дачкою сюды кіруюцца! Гэй, вы! (Гэта да салдатаў.) Слухай маю каманду! Закрыйце сабой гэтага дурня. Выгляд у яго не дужа пекны… Ды хутчэй!
 Салдаты выстраіліся ў шарэнгу і закрылі сваімі шырокімі спінамі шаўца Сцяпана.
 На падворак укацілася шыкоўная карэта, запрэжаная шасцю прыгожымі белымі коньмі. Як толькі яна спынілася, да дзверцаў падбеглі фрэйліны і прыдворныя. Двое з іх спрытма адчынілі дзверцы і хуценька апусцілі пазалочаныя прыступкі.
 Спачатку з карэты выйшаў Цар. За ім – Царэўна. Яна ступіла нагой на зямлю і зморшчылася. Відаць, ад болю.
 Прыдворныя гучна грымнулі хвалебную песню Цару:

Славім бацюхну Цара,
Хоць лагодны ён,
Хоць гнеўны,
I сардэчна
I душэўна
Славім бацюхну Цара!

 Тут і салдаты падхапілі:

Славім Цара –

ура!

Славім Цара –

ура!

Славім –

ура! ура! ура!

 

 Фрэйліны пачалі ўслаўляць Царэўну:

Радасць царскага двара –
Наша юная Царэўна.
Побач з ёй паблякне, пэўна,
Нават ясная зара!

 Салдаты зноў падхапілі разам з фрэйлінамі:

Славім яе –

ура!

Славім яе –

ура!

Славім –

ура! ура! ура!

 

 Ледзь толькі сціхла ў лесе рэха апошняга «ўра», Генерал зрабіў тры крокі наперад, да Цара:
 – Звяроў набілі столькі, што ўсяму войску на шапкі хопіць.
 Ён рапартаваў так гучна, што Царэўна вымушана была прыкрыць вушы далонямі. Ідучы, яна прыкметна накульгвала на адну нагу.
 – Добра! Годзе! – адмахнуўся Цар. – Ты скажы лепей, як Царэўне памагчы? Бачыш, чаравік зацесны аказаўся.
 – А гэта мы мігам! – узрадаваўся Генерал магчымасці паказаць свой спрыт. – Гэта мы прадугледзелі! Гэй, вы! Шарэнга! На-ле-ва, на-пра-ва, разамкніся! Гэй, шавец – на ўсе рукі спец! – загадаў Генерал. – Пакажы, на што ты здатны!
 – Кінь, Царэўна, сюды свой чаравічак! – сказаў Сцяпан, падымаючыся з парога. I тут яго вочы сустрэліся з вачыма Царэўны.
 – Дурань! – гыркнуў Генерал. – Як з яе высокасцю размаўляеш?!
 I сам, сагнуўшыся ў тры пагібелі (хаця яму перашкаджаў у гэтым падпяразаны шырокай папругай жывот), зняў чаравічак з нагі Царэўны і падаў шаўцу.
 А той загледзеўся на Царэўну. На яе свежы, як даспелы яблычак, тварык. На зграбную постаць. На прыгожую ножку…
 – Гэй, ты што? Аслупянеў? – ледзь не з кулакамі падскочыў Генерал да Сцяпана. – Бярыся за работу, дурань!
 Сцяпан схамянуўся:
 – Эх, і паскача ў мяне малаточак!..
 I ён хуценька ўхапіўся за работу, напяваючы сваю песеньку. Царэўна з цікавасцю назірала за кожным яго рухам.
 Цар тым часам заняўся дзяржаўнымі справамі.
 – Ці не гэтаму шаўцу заказалі мы боты для нашага адважнага войска? – спытаў ён у Генерала.
 – Гэтаму, ваша вялікасць, – пацвердзіў Генерал.
 – Спрытна працуе, – пахваліў Цар.
 А Царэўна падышла да Сцяпана, узяла ў яго з рук чаравічак і пачала разглядаць.
 – Дазвольце… – Сцяпан асцярожна надзеў чаравічак на прыгожую ножку.
 – Бач, спрытнюга! – Генерал хацеў быў адпіхнуць шаўца, але Царэўна заступілася:
 – Ах, Генерал, Генерал! Як вам не сорамна. Рукі ў гэтага шаўца куды зграбнейшыя за вашы. Ды і маладзейшы ён за вас!
 Прысаромлены Генерал збянтэжыўся. На выручку яму прыйшоў Цар.
 – Нельга, дачушка, так са сваім суджаным абыходзіцца. – Ён павярнуўся да Генерала: – За выдатную службу і знаходлівасць узнагароджваю цябе ордэнам!
 – Рады старацца! – выцягнуўся ў струнку, наколькі дазваляў жывот, усцешаны Генерал.
 Царэўна лёгка тупнула ножкай, абутай у толькі што адрамантаваны чаравічак. Не адчула ранейшага болю і яшчэ раз тупнула. Потым сказала:
 – Загадайце лепей, татачка, каб з шаўцом па-людску разлічыліся!
 – Ты чуў, Генерал? – сурова спытаў Цар.
 – Так точна! –зноў выцягнуўся той. – Чуў, ваша вялікасць!
 – Выконвай!
 Цар пайшоў да карэты. Паслужлівыя прыдворныя паспелі ўжо адчыніць перад ім дзверцы.
 А Царэўна паставіла адну нагу на прыступку, павярнулася і памахала шаўцу насовачкай. На развітанне. Відаць, дзеля таго толькі, каб паздзекавацца з Генерала.
 Ужо і карэта знікла за паваротам, а Сцяпан усё глядзеў ёй услед. Як зачараваны.
 – Зноў аслупянеў, ёлупень?! – грымнуў Генерал. – Ці гатовы царскі заказ?
 – Гатовы, пане Генерале, – адгукнуўся Сцяпан. – Перад самым вашым прыездам апошні гваздок забіў.   .
 – Забраць боты! – загадаў Генерал.
 Салдаты шныпарылі па ўсіх закутках. Разам з ботамі прыхоплівалі і яшчэ тое-сёе. I рабілі гэта па-салдацку весела. З песняй:

Права-лева!
Лева-права!
Вольна! Смірна!
Шагам марш!
Наша служба,
Наша справа,
Абавязак наш!
На парад
Або ў атаку,
Хоць наперад,
Хоць назад –
Усё роўна
Нам, ваякам,
Калі толькі
Ёсць загад!

 Калі ў хаце не засталося ніводнай пары ботаў, Генерал падаў каманду:
 – Гэй, вы! Па конях! Раўняйся! Наперад рыссю – марш!
 – А грошы?! – ледзь не плачучы, крыкнуў Сцяпан услед Генералу.
 Той асадзіў каня:
 – Скажы дзякуй, ёлупень, што за дзёрзкасць тваю цябе без галавы не пакінулі!
 – Цар жа загадаў, каб вы разлічыліся са мною…
 Але словы Сцяпанавы ніхто не пачуў за тупатам капытоў і бадзёрай салдацкай песняй:

Права-лева!
Лева-права!
Вольна! Смірна!
Шагам марш!
Наша служба,
Наша справа,
Абавязак наш!

 Сеў Сцяпан пры парозе. Ледзь не плача. Хоць жабраваць цяпер ідзі…
 Ды тут з хаты Лісіца выскачыла:
 – Ox, і нацярпелася я страху, пакуль яны боты выграбалі!.. Ты чаго зажурыўся, Сцяпане? Не сумуй! Саслужыў ты мне службу, саслужу і я табе…
 – А што ты хможаш, Ліска? – сумна спытаў Сцяпан.
 – Хочаш, царскую дачку за цябе высватаю?
 – Ты што, ці не з глузду з’ехала?!
 – Хочаш?! –хітравата падміргнула Ліска. – Бачыла, як ты ўслед ёй глядзеў… Дык вось што – пашый ты мне, браце, боты… высокія… панскія…
 – Навошта табе боты?
 – А каб сабакі па слядах мяне не знайшлі… Ды рабі ўсё, што я скажу. Згодзен?
 – Ат, усё роўна няма куды дзявацца… Хоць у палонку галавой. А за царовай дачкой і гаспадарку паправіць можна… Што ж да ботаў… Ёсць у мяне боты… прыхаваў… на фэсце прадаць меўся. Ды хай ужо! Бяры іх, Ліска.
 I Сцяпан аддаў Лісіцы боты. I праўда панскія!
 Узрадавалася Ліска. Усцягнула іх адразу на ногі.
 – А капялюш ды камізэльку я сама здабуду! – весела гаварыла яна, разглядаючы абноўку. А потым, красуючыся сама перад сабой, эаспявала:

Я не проста Ліска,
Друг харошы мой.
З кім сябрую блізка, –
Знойдзе шчасце той.

Абыдзі ты
Усе лясы, –
Больш няма
Такой Лісы!

 I Сцяпан, забыўшыся на сваю крыўду, падхапіў прыпеў Лісіцынай песні:

Больш ужо сабаку
Не знайсці мой след.
Я табе ў падзяку
Паслужу як след.

 Сцяпан ужо не толькі падпяваў Лісцы, але і прытанцоўваў вакол яе:

Абыдзі ты
Ўсе лясы, –
Больш няма
Такой Лісы!

 Лісіца ўзяла Сцяпана за руку і пачала танцаваць разам з ім:

Я падамся рана
Проста ў царскі стан.
I Вялікім Панам
Станеш ты, Сцяпан!

 Сцяпан толькі рукой махнуў. Дзе ўжо, маўляў. Але прыпеў падхапіў:

Абыдзі ты
Ўсе лясы, –
Больши няма
Такой Лісы!
 

  Песня так спадабалася ім абаім, што яны яшчэ раз дружна праспявалі:

Абыдзі ты
Ўсе лясы, –
Больш няма
Такой Лісы!

 

 ІІ

  Лісіца бегла па ўзлеску. Вясёлая. Часам прыпынялася, каб паглядзець на свае новенькія боты. Гляне – і аж заскача ад радасці. I песеньку заспявае. А пра што тая песенька? Ды вось яна:

Ох, і боты!
Ну, і боты!
Незвычайнае работы!
Ходзяць гэтак,
Ходзяць так.
Не баюся я сабак!

Хай скуголіць
Зграя недзе.
Не знайсці мяне па следзе.
Я цяпер Не просты звер,
Ліска ў ботах я цяпер!

А Сцяпана,
А Сцяпана
Я зраблю Вялікім Панам.
I таму
Ісці пара
Мне да царскага двара.

Вось дык боты!
Ну, і боты!
Незвычайнае работы!
Хочаш, вер
Або не вер –
Ліска ў ботах я цяпер!..

 А на палянцы тым часам весяліліся зайцы. Цэлая сямейка. I досыць вялікая. Старэйшы Заяц назіраў, як гарэзуюць маладыя свавольнікі. Задаволена пасміхаўся. Падбадзёрваў іх песенькай, пляскаючы ў такт песеньцы і скокам у далонькі.
 Маладзейшыя цераз галаву куляліся, адзін цераз аднаго скакалі. Падпявалі Старэйшаму. I таксам а раз-пораз адбівалі такт. То ў далоні пляскаючы, то нагамі прытупваючы.

Урадзіся,
Урадзіся
Ў лесе густа,
Урадзі,
Заечая капуста!

Туп-туп-туп!
Лоп-лоп-лоп!
Ах, як весела было б!
Туп-туп-туп!
Лоп-лоп-лоп!
Вельмі весела было б!

Неахвота,
Неахвота,
Лезці ў шкоду.
Гоняць нас сабакі
З агароду.

Ах-ах-ах!
Страшна так!
Не паласуешся ўсмак!
Ах-ах-ах!
Страшна так!
Дзе ўжо тут пад’есці ўсмак!

А капуста,
А капуста   
Нам да густу!
Урадзі,
Заечая капуста!

Туп-туп-туп!
Лоп-лоп-лоп!
Ах, як весела было б!
Туп-туп-туп!
Лоп-лоп-лоп!
Вельмі весела было б!

 

  I раптам… Што здарылася? Чаму перапынілі зайчыкі свае гульні ды забавы! Чаму стрымгалоў у кусты сіганулі?
 A-а, зразумела! Лісіца на палянку выбегла. Усё танцуючы. Усё спяваючы. I на боты свае любуючыся.

Пачакайце,
Пачакайце,
Ад мяне вы
Не ўцякайце.
Я нясу вам
Навіну
I нікога не крану!

 Выглянулі зайцы з-за кустоў. Вядома ж – цікаўныя.

Што ў яе
За навіна?
Што раскажа
Нам яна?!

 А Лісіца ўсё пра сваё:

Паглядзіце,
Што за боты –
Незвычайнае работы!
Я цяпер
Не просты звер,
Ліска ў ботах я цяпер!

 Аж падскочыў Старэйшы Заяц ад здзіўлення. За ім і ўсе астатнія падскочылі:

Падзівіся!
Што ты?!
Што ты?!
Ах, якія
Ў Ліскі боты!..

 Уражаныя зайчыкі павылазілі з-за кустоў. Да Ліскі падбеглі. I на небяспеку забыліся. Толькі Старэйшы Заяц спытаўся на ўсякі выпадак:
 – А ты, Ліска, сапраўды не кранеш нас?
 – Я ж сказала, не крану!
 Тады і Старэйшы Заяц пасмялеў.
 – А навошта, – пытаецца, – ты ў боты абулася?
 – Адгадаеце загадку, тады скажу.
 – Загадвай! Загадвай! – загаманілі зайцы. – Хутчэй толькі!
 Задумалася Ліска на хвілінку:

Хто ён –

чуе

Кожны шорах,
Для зайцоў –
Найгоршы вораг?

 Зайцы пачалі раіцца паміж сабою. Ціхенька. Раптам выскачыў адзін. Самы малады. Самы порсткі.
 – Лісіца!
 Зірнула на яго Ліска дакорліва. Паківала пакрыўджана галавой. Лаго-одненька так прамовіла:
 – Ну, які ж я вам, дурненькія, вораг?!
 Тады выйшаў наперад Старэйшы Заяц.
 Агледзеўся, каб хто, крый божа, не падслухаў. Сказаў амаль шэптам. I амаль у самае вуха Лісіцы:
 – В о-о-о ў к…
 Не паспела Ліска і слова вымавіць у адказ, як на паляну сапраўды выскачыў Воўк. I не абы-які. А самы Галоўны. Астатнія ваўкі абступілі паляну з усіх бакоў. Каб ніводзін заяц не ўцёк.
 Усміхнуўся Галоўны Воўк зларадна. Паляпаў сам сабе па жываце. Заспяваў самазадаволена:

Я шэры, шэры, шэры Воўк.
Я лёгкі на ўспамін.
Зубамі-бамі шчоўк-шчоўк-шчоўк –
I заяц знік адзін!

 I падхапіў Галоўны Воўк Старэйшага Зайца. I закружыўся з ім у страшэнным танцы.
 I ўсе ваўкі ўхапілі па зайцу. I таксама закружыліся, падпяваючы Галоўнаму:

Палюем
Мы лоўка.
Абшнарым кожны кут.
Пра воўка
Памоўка,
А ён і тут!
Пра воўка
Памоўка,
А ён і тут!

 Невядома, ці доўга яшчэ здзекаваліся б ваўкі з зайцоў, каб не ўмяшалася Лісіца:

Пачакайце!
Пачакайце!
I зайцоў вы не чапайце.
Я нясу вам
Навіну.
Ажно скажаце:

– Ды ну?!.

 Прыпыніўся Галоўны Воўк. Але зайца свайго не выпусціў.

Што ў яе
За навіна?!
Што раскажа
Нам яна?!

 А Лісіца зноў пра сваё:

Паглядзіце,
Што за боты –
Незвычайнае работы!
Я цяпер
Не просты звер,
Ліска ў ботах я цяпер!

 Галоўны Воўк аж падскочыў ад здзіўлення. I Старэйшага Зайца выпусціў. За ім і ўсе ваўкі падскочылі. I сваіх зайцоў павыпускалі. З Ліскіных ботаў не надзівяцца.

Падзівіся!
Што ты?!
Што ты?!
Ух, якія
Ў Ліскі боты!

 А Галоўны Воўк аж завыў ад зайздрасці:

У-у-у!
Ці мроіцца ўваччу,
Ці проста сніцца мне?
Я пра Ката, што ў ботах,

чуў.

Пра Ліску ў ботах –

не!

 Тут і ваўкі і зайцы загаманілі разам:

Пра Ліску,
Пра Ліску,
Пра Ліску ў ботах –

не!

 Ды Галоўны Воўк перапыніў гэтую гаману.
 – Ты навошта, – пытаецца, – у боты абулася?
 – Адгадаеце загадку, тады раскажу.
 – Гэта тую, што зайцы адгадаць не маглі?
 – Тую самую.
 – А ну, паўтары!
 I Ліска ахвотна паўтарыла:

Хто ён –

чуе

Кожны шорах,
I ваўкам –
Найгоршы вораг?..

 Усміхнуўся Галоўны Воўк. Падміргнуў па-змоўніцку ваўкам. I зайцам таксама.
  – Ды хто ж не ведае гэтага?

Нам усім
Даліся ў знакі
Паляўнічыя сабакі!
Хоць не шмат у іх
Адвагі,
Але мы
Не любім звягі…

 I зноў загаманілі ўсе разам. I ваўкі і зайцы:

Нам усім,
Нам усім,
Нам усім даліся ў знакі
Паляўні-
Паляўні-
Паляўнічыя сабакі!

 – Гэй вы! Ціха! – нецярпліва гыркнуў Галоўны Воўк. I да Ліскі. Больш ветліва: – Дык навошта, Ліска, ты ў боты абулася?
 – Хіба ты, такі разумны, такі кемлівы, не зразумеў яшчэ?
 – Я?.. Гм… Я, вядома, зразумеў. Але ж яны не ведаюць, – кіўнуў Галоўны Воўк на ваўкоў і зайцоў. – Кажы хутчэй.
 – Для таго, каб ад сабак ратавацца, – адказала Ліска і заспявала:

Хай скуголіць
Зграя недзе.
Не знайсці мяне па следзе.
Я цяпер
Не просты звер,
Ліска ў ботах я цяпер!

 – Пачакай! Пачакай! – спыніў яе Галоўны Воўк. – Дзе ж ты ўзяла такія прыгожыя боты?
 – А мне іх Сцяпан – Вялікі Пан падарыў, – ахвотна адказала Лісіца. – Ды ён усім, хто да яго на службу ідзе і шчыра стараецца, такія боты дае…
 – I мне даў бы? – зацікавіўся Галоўны Воўк.
 – А чаму не…
 – I нам? – занепакоіліся ўсе ваўкі.
 – I вам…
 – А нам? – нясмела запытаў Старэйшы Заяц.
 – I вам, вядома!
 Ах, як весела зрабілася звярам! I малым і вялікім. Яны пасталі ўжо былі ў адзін дружны карагод. Але Галоўны Воўк спытаў на ўсякі выпадак:
 – А ты не падманеш, Ліска?
 – Калі ж гэта я цябе падманвала?
 Лісіца прыкінулася, што забыла пра гісторыю з палонкай, калі Воўк ледзь без хваста не застаўся. I Воўк парашыў не ўспамінаць пра гэта. Вельмі ж яму хацелася ў боты абуцца.
 – Ну, добра, – сказаў ён. – Вядзі нас хутчэй да таго… як яго…
 – Да Сцяпана – Вялікага Пана! – падказала Лісіца. – Мог бы і запомніць ужо.
 – …да Сцяпана – Вялікага Пана на службу наймацца, – скончыў сваю думку Галоўны Воўк.
 – I нас вядзі, – папрасіў Старэйшы Заяц.
 I ўсе звяры падхапілі:

Вядзі нас да Сцяпана!
Вядзі нас да Сцяпана!
Вялі-
Вялі-
Вялі-ікага Пана!

 – Ды не, браточкі вы мае! – запярэчыла Лісіца. – Не выпадае мне зараз. У другі бок іду. Сцяпанаў загад выконваць…
 – Дык што ж нам рабіць? – засумаваў Галоўны Воўк. – Хто за нас перад ім слоўца закіне?
 – Хто рэкамендацыю дасць? – далучыўся Старэйшы Заяц.
 – Вось што! – пляснула Лісіца сабе па боне. – Саслужыце вы Сцяпану – Вялікаму Пану першую службу. Ён вам і аддзячыць за гэта.
 – А якую службу? – пацікавіўся Галоўны Воўк.
 – Якую? – паўтарыў Старэйшы Заяц, як рэха.
 – Пойдзеце вы разам са мной на царскі двор…
 – Ды нас паб’юць жа там! – спахмурнеў Галоўны Воўк.
 – Паб’юць! –пацвердзіў Старэйшы Заяц.
 – А вы кажыце, што вы ад Сцяпана – Вялікага Пана, – супакоіла іх Лісіца. – Ніхто вас і пальцам не кране.
 – Чулі? – спытаў Галоўны Воўк у свае зграі. – Мы – ад Сцяпана – Вялікага Пана!
 – Ад Сцяпана – Вялікага Пана! –дружна азваліся ваўкі.
 – Чулі? – спытаў Старэйшы Заяц у свае чарады. – Мы – ад Сцяпана – Вялікага Пана!
 – Ад Сцяпана – Вялікага Пана! – не так гучна, як ваўкі, але не менш дружна закрычалі зайцы.
 I ўсе ў адзін голас паўтарылі:
 – Мы ўсе ад Сцяпана – Вялікага Пана!
 – Вось і добра! – узрадавалася Ліска. – Пайшлі! – I яна заспявала:

Калі запытаюць,
Кажы без падману,
Бо праўда заўсёды
Мацней за падман:
Усе мы належым
Вялікаму Пану,
Што імем звычайным
Завецца –

Сцяпан!

 Звяры падхапілі апошнія словы і, пабраўшыся ў пары – воўк з зайцам, воўк з зайцам, – закружыліся ў вальсе:

Усе мы належым
Вялікаму Пану,
Што імем звычайным
Завецца –

Сцяпан!

 Галоўны Воўк не мог утрымацца і сам заспяваў:

Мы верым у дружбу…

– пачаў ён.
 Старэйшаму Зайцу таксама не хацелася адстаць. I ён зацягнуў:

Мы верым у дружбу!

 Зірнулі яны адзін на аднаго і далей заспявалі разам:

У шчырую дружбу
Без крыўд і заган.

 I ўсе ваўкі падхапілі:

Бо ўзяў нас на службу…

 Зайцы тут жа свой голас падалі:

Бо ўзяў нас на службу…

 I тут ужо ўсе галасы зліліся ў хор:

Бо ўзяў нас на службу
Славуты Сцяпан!

 Лісіца не ўтрымалася і паправіла:

Сцяпан –
Вялікі Пан!

 Падхопленыя хорам звяроў, гэтыя словы пакаціліся па ўсім лесе:

Сцяпан –
Вялікі Пан!

 I рэха таксама адгукнулася:

Вялі-і-і-ікі Пан!

  Ваўкі схапілі зайцоў, паднялі над галовамі, пасадзілі сабе на плечы і, танцуючы і спяваючы, рушылі ўслед за Лісіцай.

 

ІІІ

  А ў троннай зале, у царскім палацы, падкурчыўшы пад сябе босыя ногі, сядзела на троне Царэўна. Яна сумавала.
 Па ўсёй зале быў раскіданы абутак самых розных фасонаў і гатункаў.
 Царэўна, летуценна гледзячы кудысьці ўдалеч, спявала.
 А Цар? Цар поўзаў на каленях вакол трона, падбіраў туфлі і чаравікі да пары і падаваў іх Царэўне.
 Але яна толькі круціла галавой і ўсё спявала:

Я сумаваць стамілася
Ад ранку і да ранку.
Чаму я нарадзілася
Царэўнай –

не сялянкай?!

Чаму мне не дазволена
Самой хадзіць лугамі
I мяць траву не коламі,
А ўласнымі нагамі?

 – Дачушка! Даражэнькая! –паспрабаваў перапыніць яе Цар. – Зірні вось на гэтыя… Хіба не прыгожыя? Ліха ведае, з якой краіны прывезеныя!..
 Але Царэўна і брывом не павяла.

Не слухаю нікога я,
Нікога і нічога.
Падамся, басаногая,
Ў далёкую дарогу!

 – Ды ты ж пальчыкі пазбіваеш! –ледзь не заплакаў Цар.
 I тут Царэўна зірнула нарэшце на бацьку:
 – Калі ты хочаш, татачка, каб я басанож не хадзіла, загадай, каб прывялі сюды таго самага шаўца…
 – Якога шаўца? – не зразумеў Цар.
 – Што нашаму войску боты пашыў! – растлумачыла Царэўна. – Што мне чаравічак адрамантаваў!

Я сумаваць стамілася
Ад ранку і да ранку.
Чаму я нарадзілася
Царэўнай –

не сялянкай!

 У гэты момант у залу ўваліўся задыханы Генерал.
 – Ваша вялікасць! Ваша высокасць! – звярнуўся ён да Цара і Царэўны. – Прыгажэйшых за гэтыя ў цэлым свеце не знойдзеш! Аж з Кітаю прывезлі!.. – падаў ён Царэўне чаравічкі, скрозь усыпаныя зіхатлівымі каменьчыкамі.
 Але і гэтыя чаравічкі паляцелі проста ў Генерала. I як толькі ў яго спрыту хапіла, каб ухіліцца?!
 – Не хачу кітайскія! Не хачу! – Царэўна ўскочыла з нагамі на трон і затупацела па ім.
 Цар толькі рукамі развёў.
 А Царэўна зноў села ў троннае крэсла.

Не слухаю нікога я,
Нікога і нічога.
Падамся, басаногая,
Ў далёкую дарогу!..

 I Цар не вытрымаў. Заплакаў, выціраючы насовачкай слёзы:

Што ж гэта будзе з намі?
Што ж?!
Царэўна пойдзе басанож!..

 I Генерал жахнуўся. Паўтарыў, як рэха, сваім трубным голасам:

Што ж гэта будзе з намі?
Што ж!
Царэўна пойдзе басанож!..

 – А куды яна пойдзе басанож? – схамянуўся раптам Генерал.
 – А куды ты пойдзеш басанож? – ацёр апошнюю слязіну Цар.
 – Да шаўца пайду! – саскочыўшы з трона і адкідваючы босымі нагамі ў розныя бакі туфлі, складзеныя Царом, закрычала Царэўна. – Не хочаце яго сюды весці – сама да яго пайду!
 – Да якога шаўца? – захваляваўся Генерал.
 – Да якога! Да якога! – перадражніў яго Цар. – Да таго, што нашаму войску боты шыў! Што ёй чаравічак адрамантаваў!
 I Царэўна напомніла:

Няма мілей работы,
Чым шыць салдатам боты…

 – Ды што ён?!. – аж пляснуў у далоні Генерал і дадаў зняважліва: – Мужык просты…
 Але Царэўну гэта не збянтэжыла:

Я гэтым не пагрэбую,
Убачыце вы хутка,
I лепшага не трэба мне,
Чым з рук яго, абутку!

 З гэтымі словамі, рашуча адштурхнуўшы Генерала, Царэўна рушыла да дзвярэй.
 – Пачакай, дочухна, пачакай! – схапіў яе за руку Цар.
 У гэты момант дзверы самі расчыніліся, і пачуліся ўрачыстыя гукі фанфараў.
 – А гэта што яшчэ? – звярнуўся Цар да Генерала.
 – Ох, выбачайце, ваша вялікасць, зусім забыўся… Пасол да вас…
 – Дзе пасол? Які пасол? – замітусіўся Цар па зале, засоўваючы пад трон раскіданы абутак.
 Генерал кінуўся памагаць. Толькі Царэўна не кранулася з месца.
 – Які пасол? – перапытаў Цар.
 – Ад Сцяпана – Вялікага Пана! –далажыў замест Генерала сам Пасол, уваходзячы ў залу.
 Цар вымушаны быў тут жа кінуць свой зусім не царскі занятак і сесці, як належыць цару, на трон. Генерал выцягнуўся па правую руку ад яго, выпнуў грудзі і натапырыў вусы.
 – Ад каго? – перапытаў Цар, авалодаўшы сабой.
 – Ад каго? – паўтарыў Генерал. Так, дзеля парадку.
 – Ад Сцяпана – Вялікага Пана! – з гонарам далажыў яшчэ раз Пасол. У ім, вядома, вельмі цяжка было пазнаць Лісіцу. Бо акрамя цудоўных ботаў на ёй былі яшчэ і вышытая золатам камізэлька і капялюш, упрыгожаны пяром страўса. А хвост, схаваны пад плашчом, можна было палічыць за шпагу ў ножнах.
 – Нешта не чуў пра такога, – здзівіўся Цар.
 – Не чулі, дык пачуеце! – сказаў Пасол.
 – Дый імя нейкае простае, – паморшчыўся Генерал.
 – Што імя, калі багаццям ліку няма! – не разгубіўся Пасол.
 А Царэўна ўсё прыглядалася да ботаў пасла.
 – Прабачце, – спытала яна нарэшце, – а дзе вы такія боты пашылі?
 – Мне іх мой гаспадар Сцяпан – Вялікі Пан падарыў, – адказаў Пасол.
 – А чым вы дакажаце, што гаспадар ваш сапраўды такі багаты? – запытаўся Генерал. Пасол яму яўна не падабаўся.
 – Як – чым?– паціснуў плячыма Пасол. – Падарункам!
 – Дзе ж той падарунак? – ажывіўся Цар. – Прынесці яго сюды!
 – Прывесці! –паправіў Цара Пасол.
 – Вось як? – здзівіўся Цар. – Прывесці сюды падарунак!
 Пасол тройчы тупнуў абцасам.
 Дзверы расчыніліся, і ў тронную залу, танцуючы, куляючыся і спяваючы, убеглі зайчыкі. А спявалі яны вядома што:

Урадзіся,
Урадзіся
Ў лесе густа,
Урадзі,
Заечая капуста!
Туп-туп-туп!
Лоп-лоп-лоп!
Ах; як весела было б!
Туп-туп-туп!
Лоп-лоп-лоп!
Вельмі весела было б!

 Цар нават у далоні запляскаў. Нібы перад ім артысты выступалі. I Царэўна павесялела трошкі:
 – Ах, як хораша! Якія мілыя зайчыкі! Адкуль вы, шэранькія?
 – Мы ад Сцяпана – Вялікага Пана! – дружна адказалі зайчыкі.
 А Генерал яшчэ больш надзьмуўся.
 – I гэта ўсё? – спытаў ён насмешліва.
 Пасол зноў тройчы тупнуў абцасам.
 Дзверы зноў расчыніліся. I ў залу ўварваліся ваўкі.
 Што тут сталася! Цар узлез з нагамі на трон. Генерал шмыгнуў пад трон. Адтуль віднеліся толькі чырвоныя ў абліпку штаны і чуўся перапалоханы голас:
 – Здрада!.. Здрада!.. Дзе сабакі?!.
 Царэўна смела выйшла наперад, каб засланіць сабою зайчыкаў.
 Але ваўкі нават і не думалі на каго-небудзь кідацца. Яны праспявалі прыпеў сваёй песні:

Палюем
Мы лоўка.
Абшнарым кожны кут.
Пра воўка
Памоўка,
А ён і тут!
Пра воўка
Памоўка,
А ён і тут!..

– а потым падхапілі зайчыкаў і закружыліся з імі ў танцы…
 Цар апусціўся на сваё царскае месца. Вылез з-пад трона і Генерал. А Царэўна пусцілася з Паслом у скокі. Басанож!
 Расчулены і задаволены Цар зноў запляскаў у далоні і спытаў:
 – Адкуль вы, шэрыя?
 – Мы ад Сцяпана – Вялікага Пана! – у адзін голас выгукнулі ваўкі.
 – Перадай, паважаны пасол, Сцяпану – Вялікаму Пану шчырае дзякуй ад нас, – сказаў тады Цар. – Але дзеля чаго ён прыслаў нам такі падарунак?
 – А каб было каму людзей забаўляць на вяселлі, – не задумваючыся, адказаў Пасол.
 – На якім вяселлі? – вырачыў вочы Генерал.
 – На чыім вяселлі? – тупнула босай нагой Царэўна. Вясёлы настрой у яе як рукой зняло.
 – Справа ў тым, ваша вялікасць, – растлумачыў Пасол, – што мой славуты гаспадар Сцяпан – Вялікі Пан просіць у вашай вялікасці рукі яе высокасці прыгажуні Царэўны.
 – Што?! – абурылася Царэўна. – У мяне не спытаўшы?!
 – А як жа я? – занепакоіўся Генерал.
 – Ціха! – узлаваўся нарэшце Цар. – А што, шаноўны Пасол, калі твой гаспадар сапраўды такі славуты і багаты, дык ці не знойдзецца ў яго якая пара незвычайнага абутку, каб Царэўне да густу была?
 – Чаму не знойдзецца, – адказаў Пасол весела, – яшчэ як знойдзецца!
 – Не! Не! Не! – Царэўна так затупала нагамі і завішчала, што нават зайцы і ваўкі вымушаны былі пазатыкаць вушы. – Ніякага абутку мне не трэба! Апроч таго, што той шавец пашые!..
 – Які шавец? – хітравата прыжмурыў вока Пасол.
 – Ды той, – неахвотна адказаў Цар, бо яму ўжо надакучыла гаварыць пра гэта, – што нашаму войску боты шыў…
 – Што мне чаравічак адрамантаваў, – дадала Царэўна.
 – Толькі і таго? – прыкінуўся здзіўленым Пасол. –Дык ёсць у мяне, ваша вялікасць, прапанова…
 – Ну-ну! Кажы ж хутчэй! –прыспешыў Цар.
 – Загадайце, ваша вялікасць, каб прывялі сюды таго шаўца…
 – I каб ён назаўсёды застаўся пры палацы! – ажывілася Царэўна.
 – Каб застаўся пры палацы, – ахвотна згадзіўся Пасол, але тут жа ўдакладніў:–Калі на тое будзе яго воля…
 – I каб толькі ён шыў мне чаравікі! – не звяртаючы ўвагі на апошнія словы Пасла, запатрабавала Царэўна.
 – Толькі ён! – на гэты раз без усялякіх агаворак згадзіўся Пасол.
 Генерал меўся запярэчыць. Але Цар і слова не даў яму вымавіць:
 – Маўчы, дурань, калі сам нічога прыдумаць не мог!.. Што далей, шаноўны Пасол?
 – А я тым часам, – гаварыў далей Пасол, – паведамлю Сцяпану – Вялікаму Пану, каб ён таксама сюды ехаў. I чаравікі для Царэўны вёз. Самыя незвычайныя ў свеце. Калі ўпадабае іх Царэўна, тут і вяселле справім. А не ўпадабае…
 I Пасол усё з тою ж хітраватай усмешкай развёў рукамі.
 – Ці згодна ты, дочухна? – асцярожна запытаў Цар.
 Тая падумала трохі.
 – Згодна… Усё роўна лепш за таго шаўца ніхто мне чаравічкі не пашые!
 – А як жа я? – зноў запытаў Генерал.
 – А ты выконвай загад! – рэзка павярнуўся да яго Цар. – Зайцоў і ваўкоў трымаць як лепшых гасцей… у хляве. Паслаць зараз жа ганцоў, каб шаўца прывялі. Падрыхтаваць пакоі для Сцяпана – Вялікага Пана. Усё!
 – А нам, дачушка, і табе, шаноўны Пасол, і папалуднаваць не шкодзіла б…
 I Пасол разам з Царом і Царэўнай пайшлі з троннай залы.
 – Гэй, хто там! –пасмялеў адразу Генерал. – Адвесці ўсіх гэтых у хлеў!
 Дзверы адчыніліся. I ваўкі з зайцамі не дужа весела падаліся туды, куды паказаў пальцам Генерал.
 – I пад замок! – крыкнуў Генерал, калі апошні звер знік з вачэй. – Пад вялікі замок!
 Ён агледзеўся па баках.
 – I шаўца я загадаю арыштаваць. Пашые ён абутак… Ды прынясу Царэўне той абутак я!.. Я!.. Упадабае Царэўна чаравічкі – і за мяне замуж пойдзе… I Сцяпана – Вялікага Пана я таксама як след сустрэну!..
 З гэтымі словамі ён дастаў з кішэні чорную павязку, завязаў ёю адно вока і зрабіўся вельмі падобны да разбойніка з вялікай дарогі. Дастаў з другой кішэні люстэрка, паглядзеўся ў яго і застаўся задаволены. Настрой у Генерала палепшыўся. Ён падміргнуў сам сабе незавязаным вокам і заспяваў. А потым і затанцаваў. Даволі такі спрытна. Нягледзячы на жывот.

Няхай сюды едуць
Хоць пан, хоць шавец.
Адзін іх чакае
Бясслаўны канец.

Лева! Права!
Аць і два!
Ёсць у Генерала
Галава!

Загінуць у склепе
Адзін і другі,
Ні з левай, ні з правай
Не пойдуць нагі.

Лева! Права!
Аць і два!
Ёсць у Генерала
Галава!

 Тут ён насцярожыўся, зняў павязку і праспяваў амаль шэптам:

I Цар прычакае
Больш радасных дзён:
З дачкой ажанюся –
Узлезу на трон.

Лева! Права!
Аць і два!
Ёсць у Генерала
Галава!

 Прымерваючыся да свайго будучага сану, Генерал сеў на трон. I зусім няўцям было яму, што за кожным яго рухам пільна сочыць з-за трона Лісіца ў адзенні Пасла.

 

ІV

  Цямніца ў склепе. Акаваныя дзверы. Каменныя сцены. Аднекуль зверху падае кволы праменьчык дзённага святла.
  Вось тут, на камені-валуне, і сядзеў цяпер шавец Сцяпан. Адзін. Засмучаны. Сядзеў і пазіраў туды, адкуль прабіваўся праменьчык. Пазіраў і спяваў. Бо што яшчэ рабіць у цямніцы, у самоце?

З тых пор, як ты з’явілася,
Не маю я спакою.
Навошта нарадзілася
Ты царскаю дачкою?

Каб простаю дзяўчынаю
Была ты –

не царэўнай,

Адзінаю сцяжынаю
Хадзілі б мы напэўна.

 
  Бразнула цяжкая завала. Зарыпелі акаваныя дзверы на заржавелых завесах. I два салдаты прапусцілі ў цямніцу Генерала.
  – Чаго расспяваўся, ёлупень! – зароў ён адразу. – Салавей знайшоўся! Думаеш, гультаяваць тут будзеш? Гэй! Даць яму інструмент і ўсё што трэба!
  Салдаты тут жа прынеслі жалезную лапу, якой звычайна карыстаюцца шаўцы, драўляныя калодкі, скрынку з цвікамі, некалькі малаткоў, вялікі маток дратвы…
  – Бярыся зараз жа за работу, – загадаў Генерал, – каб да раніцы чаравічкі былі гатовыя! I глядзі, калі не спадабаюцца яны Царэўне, застанешся без галавы!..
  Зноў зарыпелі акаваныя дзверы на заржавелых завесах. Зноў бразнула цяжкая завала. I зноў застаўся Сцяпан адзін. Схапіў ён жалезную лапу і пачаў малаціць ёю ў дзверы. Ды што ім? Не паддаліся ніколечкі. Толькі водгулле, нібы навальнічныя грымоты, пакацілася некуды далёка-далёка… I сціхла…
  Махнуў рукой Сцяпан. Вярнуўся на ранейшае месца. Сеў. Заспяваў:

Каб простаю дзяўчынаю
Была ты –

не царэўнай,

Адзінаю сцяжынаю
Хадзілі б мы напэўна.

I зоркі б з нас дзівіліся
Да самага світанку.
Чаму ж ты нарадзілася
Царэўнай –

не сялянкай?!

 
  Памаўчаў у задуменні. Потым стукнуў сабе кулаком па калене.
  – От! I чаго я гэта разрумзаўся? Нібы і не шавец зусім, а паніч нейкі… Ліска ж мне перадала, каб я чаравікі пашыў для Царэўны. Самыя прыгожыя на свеце! Самыя незвычайныя! Чаго ж я марна час трачу?!
  Ён паставіў перад сабой жалезную лапу. Узяў малаток. Расклаў цвічкі ды гваздочкі. Навашчыў дратву.
  I – пайшла работа! Пад песню, вядома:

Каб адагнаць самоту,
Бярыся за работу,
Працуй,
Працуй,
I стане весялей!
Старацца вельмі буду
I чаравічкі-цуды
Пашыю для Царэўны –
Не знойдзеш прыгажэй!

Аей,
Аей,

Не знойдзеш прыгажэй!

 
  А работа пад песню спорыцца. Нават у няволі.
  Разглядае Сцяпан плён сваёй працы. Сам захапляецца:

Ах, што за чаравічкі!
Прыгожы, невялічкі!

Ад іх
Ніяк

Не адарваць вачэй!

 
  Ён зноў узяў у руку малаток.

Гваздочак… малаточак…
Яшчэ… яшчэ разочак…
Каб ножанькам Царэўны
Хадзілася лягчэй.

Аей,
Аей,

Хадзілася лягчэй!

 
  Вось і скончана работа. Паставіў Сцяпан перад сабой чаравічкі. Любуецца. Аж раптам…
  – Што гэта? – падхапіўся Сцяпан. – Нейкі шоргат за сцяной!
  Прыслухаўся…
  – Ага, шоргат нейкі… Няўжо нехта пад сцяну падкапваецца?!. Во… і галасы…
  Аднекуль з-пад сцяны сапраўды чуліся галасы. Усё гучней. Усё выразней. Нехта працаваў і песняй сябе падбадзёрваў:

Працуй,
Працуй
З ахвотай!
Пралаз капай
Употай!
Давай!
Давай!
Пралаз капай
Смялей!..

 
  Схапіў Сцяпан жалезную лапу і са свайго боку пачаў камяні са сцяны выварочваць.
  А галасы ўжо зусім блізка чуліся:

Мы вызвалім Сцяпана –
Вялікага Пана,
I сонейка заззяе
Для нас яшчэ святлей.

Аей,
Аей,

Для нас яшчэ святлей.

 
  I вось… Што такое?! Сцяпан да процілеглай сцяны адскочыў. А з падземнага ходу ў цямніцу спачатку заяц ускочыў. За ім – воўк. Потым – зноў заяц і зноў воўк… Поўная цямніца набілася.
  Нарэшце з’явілася і Лісіца ў адзенні Пасла. Скінула капялюш. Пакланілася нізка.
  – Добры вечар Сцяпану – Вялікаму Пану! Прымай сяброў сваіх верных, служак адданых!
  – Адкуль жа ў мяне столькі сяброў? – здзівіўся Сцяпан.
  – У добрага чалавека сяброў заўсёды многа, – адказала Лісіца і дадала тут жа:–Але зараз не час нам доўга гаварыць. Чаравічкі гатовы?
  – Вось яны…
  – Ах, якія прыгожыя! Аж вочы слепяць!.. Ну, Сцяпан – Вялікі Пан, да Царэўны хутчэй! Перамога блізка ўжо!..
  – А заспяваць можна? – спытаў Старэйшы Заяц у Лісіцы.
  – Што-о?! – абурылася Лісіца.
  – Мы ціхенька, – запэўніў Заяц.
  – Ціхенька, – пацвердзіў Воўк.
  I Лісіца згадзілася:
  – Добра… давайце… толькі ціха… ціха…
  I звяры заспявалі. Ціха. Напаўголасу.

Калі запытаюць,
Кажы без падману,
Бо праўда заўсёды
Мацней за падман:
Усе мы належым
Вялікаму Пану,
Што імем звычайным
Завецца –

Сцяпан!

 
  Лісіца першая знікла ў падземным ходзе, ведучы за сабою Сцяпана. За імі падаліся і зайцы з ваўкамі.
  Цямніца апусцела.
  Кволы праменьчык святла затрымцеў і згас.

 

V

  У троннай зале, вакол пустога трону, стоўпіліся фрэйліны і прыдворныя. Уздоўж сцен у ганаровай варце замерлі салдаты.
 Фрэйліны і прыдворныя ажыўлена перашэптваліся паміж сабой. У гэтым шуме галасоў, які нагадваў гуд устрывожанага пчалінага рою, часам можна было пачуць асобныя словы.
 – Ні шаўца… Ні Вялікага Пана…
 – I Генерал знік недзе…
 Нарэшце гэты нястройны гуд ператварыўся ў песню, поўную асуджэння.
 Асабліва хваляваліся фрэйліны:

Ах, што на свеце робіцца!
Як гэта можна ўсё ж?
Царэўна-бессаромніца
Блукае басанож!

Царэўна-бессаромніца
Блукае басанож!

 I прыдворныя непакоіліся:

Упартая, зацятая,
Адбілася ад рук.
I топча проста пятамі
Траву, пясок ды брук.

 Потым яны зноў загаманілі ўсе разам:

Што робіцца?
Што дзеецца?
Не ўцяміш да канца!
Каб марыла наследніца
Пра нейкага шаўца!

 Пачуліся гукі фанфараў. Усе размовы адразу спыніліся.
 Фрэйліны прыхарашыліся.
 Прыдворныя падцягнуліся.
 Салдаты ўзялі зброю «на-каравул».
 Дзверы адчыніліся. У тронную залу ўвайшлі Цар і Царэўна. Яна, як і раней, – басанож.
 Забыўшыся на ўсе папярэднія размовы, прыдворныя пачалі славіць Цара:

Славім бацюхну Цара,
Хоць лагодны ён,
Хоць гнеўны, –
I сардэчна
I душэўна
Славім бацюхну Цара!

Славім Цара –

Ура!

Славім Цара –

Ура!

Славім –

Ура, ура! Ура!

 Цар цярпліва выслухаў вітанне. Хаця відаць было, што яму зусім не да гэтага.
 Фрэйліны, усім сваім выглядам паказваючы захапленне Царэўнай-бессаромніцай, у сваю чаргу падхапілі:

Радасць нашага двара –
Наша юная
Царэўна.
Побач з ёй паблякне, пэўна,
Нават ясная зара!

Славім яе –

Ура!

Сла…

 Але Царэўна не вытрымала. Яна тупнула голай пяткай па паркеце.
 – Годзе! Досыць! У вочы – адно, за вочы – другое!
 Спалоханыя фрэйліны схіліліся ледзь не да самай падлогі. I раптам, каб даказаць сваю адданасць, хорам заверашчалі:

Мы вам – як сёстры крэўныя.
I служкі – да таго ж.
Мы следам за Царэўнаю
Ўсе пойдзем басанож!

 Яны паскідалі з ног свае прыгожыя туфелькі ды чаравічкі і пачалі басанож вытанцоўваць:

Мы следам за Царэўнаю
Ўсе пойдзем басанож!

 Прыдворныя і нават салдаты таксама былі нагнуліся да свайго абутку, заспяваўшы:

Мы следам за…

 Але Цар своечасова спыніў іх:
 – Яшчэ чаго не хапала! Ну, яны… жанчыны… няхай сабе… А нам не да твару! Што ў суседніх дзяржавах падумаюць!
 – Мяне, татачка, не цікавіць, што падумаюць у суседніх дзяржавах, – сказала Царэўна. – Я адно хачу ведаць: калі тут будзе шавец? Усе тэрміны скончыліся!
 – А я хацеў бы яшчэ ведаць, – запярэчыў Цар, – калі сюды прыедзе Сцяпан – Вялікі Пан!
 – Шавец… шавец… шавец… – зашапталіся фрэйліны.
 – Вялікі Пан… Вялікі Пан… Вялікі Пан… – пайшло ад прыдворнага да прыдворнага.
 Але ні пра аднаго, ні пра другога ніхто не мог сказаць нічога пэўнага.
 – Дзе Генерал?! – абурыўся Цар. – Пазваць сюды Генерала!
 Салдаты дружна набралі паветра ў грудзі:

Лева! Права!
Аць, два, аць!
Генерала

не ві-даць!

 – Як – не відаць?! –яшчэ больш усхадзіўся Цар. – Чаму не відаць?!
 – Дзе Генерал? Чаму няма Генерала? – пыталіся фрэйліны і прыдворныя ў салдат.
 Салдаты толькі тройчы паціснулі плячыма. Усе як адзін.
 Цар стомлена махнуў рукой:
 – Няма парадку у дзяржаве нашай.
 – Сам, татачка, вінаваты, – з’едліва зазначыла Царэўна.
 Гэтыя словы зачапілі Цара за жывое.
 – Гэй! Хто там?! – гукнуў ён уладна. – Абвясціць зараз жа наш царскі ўказ па ўсёй дзяржаве!.. – і пачаў дыктаваць: – Хто да вечара знойдзе Генерала або паведаміць, дзе ён знаходзіцца, атрымае вялікую ўзнагароду. Усё! Стаўце маю пячатку!
 – Дужа мне патрэбны ваш Генерал, – нездаволена скрывілася Царэўна. – Шаўца лепей шукалі б…
 Але Цар не адказаў нічога. Бо ў гэты момант у залу ўвайшоў добра ўжо знаёмы нам Пасол Сцяпана – Вялікага Пана.
 – Ваша вялікасць! –пачціва звярнуўся ён да Цара, скінуўшы капялюш і схіліўшыся ў паклоне. А далей заспяваў. Відаць, ад вялікага хвалявання:

Сцяпан –
Вялікі Пан,
Мой слаўны гаспадар,
Праз некалькі мінут
Будзе тут!

 – Нарэшце! – узрадаваўся Цар. – Дзе ж вы так забавіліся, шаноўны Пасол?
 Пасол адказаў:

Ён у дарозе, –
О, ўладар! –
Нямала напаткаў
Пакут…

 – Што ж здарылася? – занепакоіўся Цар. I Пасол расказаў далей:

На нас
У пушчы векавой
Разбойнікі напалі.
Сваім жыццём
I галавой
Мы ўсе
Рызыкавалі!

 – Разбойнікі?! – абурыўся Цар. – Куды ж Генерал глядзеў?!
 Царэўна зацікавілася расказам. Яна дала бацьку знак, каб ён не перапыняў Пасла.

Ды мой адважны
Гаспадар
Не стаў хавацца
У гушчар.
У бойку

рушыў ён!

 – Ах! –уздыхнулі фрэйліны. Але Пасол не звярнуў на гэта аніякай увагі.

Галоўнаму
Разбойніку
Нанёс магутны ўдар!

 – У-ух! – адначасова выгукнулі прыдворныя і салдаты.
 Пасол абвёў усіх гордым паглядам:

I ўзяў
Яго
Ў палон!

 Усе заапладзіравалі ад захаплення. Толькі Царэўна рабіла выгляд, што яе гэтая гісторыя ніколечкі не ўсхвалявала. Вядома, яна ж думала пра шаўца!

Ён сам,
Пазбыўшыся бяды,
Вядзе
Разбойніка
Сюды! –

урачыста скончыў Пасол і перайшоў на самую звычайную мову:
 – Толькі вось… гаварыць сорамна…
 – Кажы! Хутчэй кажы! – нецярпліва патрабаваў Цар.
 – Адзенне ў майго гаспадара ў бойцы з разбойнікамі зусім падралася. Няма як на вашы вочы… і вочы яе высокасці з’явіцца…
 – Толькі і ўсяго? – узрадаваўся Цар і тут жа загадаў: – Гэй! Хто там! Паслаць насустрач Сцяпану – Вялікаму Пану адзенне з царскага пляча!..
 – I яшчэ загадайце, ваша вялікасць, – зноў схіліўся Пасол у паклоне, – пакуль мой гаспадар пераапранаецца, прывесці сюды галоўнага разбойніка…
 – Прывесці галоўнага разбойніка! – загадаў Цар. – Я ж яму… – і ён патрос кулаком.
 Салдаты тут жа рушылі з песняй за дзверы:

На парад
Або ў атаку,
Хоць наперад,
Хоць назад, –
Усё роўна
Нам, ваякам,
Калі толькі
Ёсць загад!

 З гэтай песняй яны і вярнуліся, несучы на руках вялікі мех, абвязаны тоўстымі вяроўкамі.
 – Вось ён! –урачыста прамовіў Пасол.
 Цар загадаў развязаць мяшок.
 Фрэйліны і прыдворныя пасунуліся трошкі далей ад небяспекі.
 А салдаты наставілі стрэльбы.
 Апалі вяроўкі…
 Апаў мяшок…
 Хвіліну-другую Цар узіраўся ў чалавека. Адно вока ў яго было завязана чорнай павязкай. Як у сапраўднага разбойніка. Але мундзір на ім быў… генеральскі. I вусы былі генеральскія.
 – Генерал! – выгукнуў нарэшце Цар.
 – Генерал!.. Наш Генерал!.. – зашапталіся фрэйліны і прыдворныя.
 – Як – Генерал?! – абурыўся Пасол. – Ён напаў на майго слаўнага гаспадара сярод лесу, на вялікай дарозе!
 – Гэта памылка! – залямантаваў Генерал. – Прыкрая памылка, ваша вялікасць!..
 Але тут у тронную залу ўвайшоў сам Сцяпан. У адзенні з царскага пляча і ў суправаджэнні ваўкоў і зайцоў ён сапраўды выглядаў вялікім панам.
 Вочы Сцяпана сустрэліся з вачыма Царэўны. Ён так разгубіўся, што не мог ні рукой, ні нагой варухнуць.
 Царэўна таксама стаяла, як зачараваная. Толькі ўсё ўглядалася ў Сцяпанавы вочы.
 Пасол, каб парушыць агульную няёмкасць, гучна абвясціў:
 – Мой слаўны гаспадар Сцяпан – Вялікі Пан!
 Забыты ўсімі Генерал пільна ўглядаўся ў Сцяпана. Раптам ён пляснуў сабе далоняй па лбе і кінуўся на калені перад Царом.
 – Ваша вялікасць! Які ж гэта пан?! Вас падманулі! Гэта ж шавец!
 На дапамогу Царэўне і Сцяпану заспяшаўся Пасол. Не даючы Цару апамятацца, ён зноў схіліўся ў паклоне:
 – Ваша вялікасць! Мой слаўны гаспадар загадаў мне яшчэ раз пачціва прасіць у вашай вялікасці рукі яе высокасці…
 I па-змоўніцку падміргнуў Царэўне.
 – Я згодна! Згодна! – не дачакаўшыся бацькавага адказу, прашаптала Царэўна.
 Генерал памкнуўся быў, блытаючыся нагамі ў мяшку да Цара. I гэтым канчаткова ўгнявіў уладара.
 – А ты яшчэ тут?! – бліснуў вачыма Цар і сарваў з плячэй Генерала залатыя эпалеты. – Больш ты не генерал! Выкінуць яго адсюль!
 – Ах, так! – закрычаў Генерал, калі салдаты зноў пачалі запіхваць яго ў мяшок. – Вы яшчэ пашкадуеце! Я да другога цара наймуся! Я на вас вайной пайду!..
 Апошнія словы яго чуліся ўжо за дзвярамі.
 Царэўна тым часам зрабіла крок насустрач Сцяпану.
 А Сцяпан працягнуў наперад рукі з самымі незвычайнымі ў свеце чаравічкамі на далонях.
 Абое заспявалі. На адзін матыў. I хаця словы песень не зусім супадалі, галасы гучалі надзвычай прыемна. Аж у фрэйлін і прыдворных на вейках слёзы заблішчалі. А Цар зноў дастаў насовачку. Цяпер ужо ад радасці.

Я сумаваць стамілася
Ад ранку і да ранку.
Чаму я нарадзілася
Царэўнай – не сялянкай, –

спявала Царэўна.
 

З тых пор, як ты з’явілася,
Не маю я спакою.
Навошта нарадзілася
Ты царскаю дачкою? –

падпяваў ёй Сцяпан.
 Нарэшце яны спыніліся зусім блізка адно ад аднаго.
 Сцяпан стаў на калена і асцярожна надзеў на ножку Царэўны навюткі чаравічак. Потым – на другую.
 Галасы іх загучалі больш суладна.

I зоркі б з нас дзівіліся
Да самага світанку,
Чаму ж…

 Тут Царэўна праспявала «я», а Сцяпан – «ты». Далей зноў усё супадала.

Чаму ж я (ты) нарадзілася
Царэўнай –

не сялянкай?!

 Фрэйліны з зайздрасцю разглядалі чаравічкі на ножках Царэўны:

Якія чаравічкі,
Нібы дзве бліскавічкі.

Ад іх
Ніяк

Не адарваць вачэй!

 I прыдворныя падхапілі:

Не чаравічкі – дзіва!
Хадзіце ў іх шчасліва!
I на сваё вяселле
Паклічце нас хутчэй!

Аей,
Аей,

Паклічце нас хутчэй!

 Тут Цар змахнуў насовачкай самую буйную слязіну і спытаўся ў Царэўны дрыготкім голасам:
 – Як жа, дочухна, аддам я цябе за шаўца, за мужыка простага?
 – А для мяне ён назаўсёды Сцяпанам – Вялікім Панам застанецца! –упэўнена адказала Царэўна.
 Наперад зноў выйшаў Пасол.
 – Даруйце, ваша вялікасць, – сказаў ён надзвычай ветліва, – вы абяцалі аддаць сваю дачку за таго, хто здолее дагадзіць ёй чаравічкамі. Мой гаспадар выканаў гэтую ўмову. Вы абяцалі вялікую ўзнагароду таму, хто знойдзе Генерала. Мой гаспадар не толькі знайшоў яго, але і прывёў сюды. I найвялікшай узнагародай для майго гаспадара будзе, калі вы загадаеце сваёй дачцэ-царэўне выйсці замуж за Сцяпана…
 – Ды што ўжо тут загадваць… – уздыхнуў Цар. – Слухай, Сцяпанка! – звярнуўся ён раптам да шаўца, быццам надумаў нешта надзвычай важнае. – А ці не пайшоў бы ты на генеральскае месца? I эпалеты гатовыя ёсць…
 – Не, бацюхна Цар, не! – рашуча адмовіўся Сцяпан. – Быў я шаўцом, шаўцом і застануся… Няма мілей работы, чым шыць народу боты!..
 – Дык, можа, тут, пры мне, жыць застанецеся? – угаворваў Цар. – Я вам палову палаца адпішу… а хоць і паўцарства!
 – Прабач, бацюхна Цар, але паветра тут не тое, што ў нас у вёсцы…
 – Як жа так, дочухна? – павярнуўся Цар да дачкі. – У простую хату пойдзеш?
 – Куды мой пан, туды і я! – адказала Царэўна.
 – Што ж тут паробіш? – развёў рукамі Цар. – Жаніцеся сабе на здароўечка!
 Узрадаваная Царэўна кінулася ў абдымкі да Сцяпана.
 – Дазволь, мая любая, – сказаў ён, не выпускаючы яе рукі, – перш чым распачаць вяселле, звярнуцца да нашага Цара-бацюхны з апошняю просьбай.
 – Калі ласка, мой пане, – згадзілася Царэўна.
 – Прасі, – сказаў Цар.
 – Загадай, Цар-бацюхна, – папрасіў Сцяпан з паклонам, – каб прынеслі сюды тыя боты, што я для войска твайго пашыў.
 – Прынесці сюды тыя боты! –загадаў Цар.
 – I няхай раздадуць іх сябрам маім – звярам лясным, што з бяды мяне выбавілі. Нягожа ім на вяселлі без ботаў гуляць!
 – Правільна! –пахваліла Лісіца Сцяпана.
 – Раздаць боты Сцяпанавым сябрам! – скамандаваў Цар.
 Салдаты тут жа выканалі загад.
 Як жа ўзрадаваліся ваўкі і зайцы, абуўшыся ў новыя боты! Яны заскакалі і заспявалі:

 

Oх, і боты!
Ну, і боты!
Незвычайнае работы!
Ходзяць гэтак,
Ходзяць так!
Не баімся мы сабак!

Хай скуголіць
Зграя недзе.
Не знайсці ёй нас па следзе.

Кожны з нас –
Не просты звер.
Маем боты мы цяпер!

Патанцуем
На вяселлі!
Ад нядзелі да нядзелі,

Каб у шчасці
Жыў Сцяпан,
Наш Сцяпан –

Вялікі Пан!

 А спрытней за ўсіх і весялей за ўсіх спявала і вытанцоўвала Ліска.
 Да звяроў ахвотна далучыліся фрэйліны і прыдворныя. I салдаты пачалі на месцы прытупваць.
 Потым у сярэдзіну круга выйшлі Сцяпан, трымаючы Царэўну за руку, і Ліска.

Сябры дарагія!

– звярнуўся Сцяпан да ўсіх.

I вы,

ягамосці!

– дадала Ліска, маючы на ўвазе царскі двор. А скончылі яны ў адзін голас:

У вёску

мы ўсіх

Запрашаем у госці!

I вяселле рушыла ў вёску.

Крыніца: Вольскі А. Сцяпан – Вялікі пан. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1979. – 61 с.

Сказать спасибо
( 8 оценок, среднее 2.88 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений