Васіль Зуёнак нарадзіўся ў вёсцы Мачулішча Крупскага раёна Мінскай вобласці, у 1954 г. скончыў Барысаўскае педагагічнае вучылішча і паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, які і скончыў у 1959 г. З гэтага часу ён займае разнастайныя пасады ў рэдакцыйных калегіях беларускіх часопісаў, найбольш важныя з іх – галоўны рэдактар часопіса «Бярозка» (1972-1978), намеснік рэдактара «Маладосці» (1966-1972), а з 1978 г. галоўны рэдактар апошняга. З 1982 г. Зуёнак паспяхова працуе сакратаром, з 1989 па 1990 г. – першым сакратаром, а з 1990 г. – старшынёй Саюза пісьменнікаў. Першы верш паэта быў апублікаваны ў 1954 г., аднак першы зборнік вершаў «Крэсіва» з’явіўся толькі ў 1966 г. Іншымі ягонымі зборнікамі былі: «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Вызначэнне» (1987) і «Лета трывожных дажджоў» (1990). У дадатак да гэтых зборнікаў пяру Зуёнка належаць разнастайныя нарысы, дзіцячыя кнігі (у тым ліку і зборнік вершаў «Вясёлы калаўрот», 1965), зборнік гумарыстычных вершаў «Качан на п’едэстале» (1973) і шэраг цікавых і гістарычна важных паэм, сярод якіх найбольш значныя – «Сяліба», «Лукам’е» і «Маўчанне травы» (1980). Першая з іх мае падзагаловак «Дыялог пра час і прастору» і ўяўляе сабой магутны гімн малой радзіме паэта – Начы. Ягонае адлюстраванне рэчаіснасці цесна пераплятаецца са старажытнымі паданнямі гэтага месца і ўяўленнямі пра некаторыя сучасныя працэсы:
Высечам пушчы,
Крыніцы асушым…
Як жа яны будуць – нашыя душы!
Ці не збяднеюць?
Ці не змялеюць?
«Лукам’е» – тыпова гістарычная паэма, напісаная ў традыцыях Купалавай «Бандароўны». Дзеянне паэмы адбываецца ў канцы XV ст. і звязана з князем Іванам Лукомскім, уцягнутым у рэлігійную і палітычную барацьбу на Полаччыне, які, спрабуючы захапіць уладу, перасварыўся з усімі і, у рэшце рэшт, стаў ахвярай Масквы. Гістарычны фон паэмы выпісаны аўтарам вельмі выпукла, багаты на дэталёвае апісанне падзей, артэфактаў, народных паданняў і абрадаў. За іншую выдатную паэму – «Маўчанне травы» – Зуёнак атрымаў у 1982 г. Дзяржаўную прэмію БССР імя Я. Купалы. Паэма ў значнай ступені аўтабіяграфічная і прысвечана лёсу адной вясковай сям’і, а праз яе – лёсу ўсяго беларускага народа ў XX ст., з яго войнамі ды іншымі трагедыямі і, не ў апошнюю чаргу, калектывізацыяй сельскай гаспадаркі. Магчыма, у святле сваіх больш ранніх уяўленнях Зуёнак малюе псіхалагічную карціну сялянскага жыцця. У нейкім сэнсе паэму можна параўнаць з раманам у вершах, у якім спалучаюцца эпічныя, лірычныя і драматычныя элементы на багатай канве з персанажаў і падзей.
З’яўленне ў 1966 г. зборніка «Крэсіва» стала сапраўднай падзеяй у беларускай літаратуры, і не менш знакаміты беларускі паэт Рыгор Барадулін адзначаў, што для яго паэзія Зуёнка была заўсёды як сустрэча з чымсьці чыстым, дарагім, родным, беларускім, такім звонкім, як вясна, і такім смелым, як маладосць. I сапраўды, у вершах Зуёнка часта гучаць глыбокія думкі і пачуцці, што перадаюцца праз наватарскія вобразы і нечаканыя асацыяцыі. Напрыклад, у «Помніку» (1963), адным з ягоных найлепшых ранніх твораў, тэкст будуецца на цэлым шэрагу пытанняў, што ставіць аўтар. Адрасаваныя як бярозе, так і самотнай маці, што страціла сыноў ў часы ваеннага ліхалецця, гэтыя пытанні прасякнуты моцным народным духам, які абуджае ў чытачу праніклівыя вобразы і водгук на эмацыянальным, сацыяльным і палітычным узроўнях. Для творчасці Зуёнка характэрна ледзь улоўнае тонкае разыходжанне паміж думкай паэта і вобразам, што перадае гэтую думку, калі ён выкарыстоўвае фальклорныя вобразы, якія разам з узгадкамі пра мінуўшчыну таксама надаюць твору надзвычай сучасны і непаўторны беларускі каларыт. Тэма матчынай тугі паўстае і ў шэрагу іншых вершаў з першага зборніка, напрыклад, у вершы «З вайны сустрэлі мацяркі сыноў…»:
З вайны сустрэлі мацяркі сыноў
I выкладалі-радзілі нявестак.
А сын яе дадому не прыйшоў.
Прыйшло кароткае:
«Прапаў без вестак…»
Зусім іншая, чым у «Помніку», форма дыялогу ў гумарыстычным творы «На Начы?..» служыць ілюстрацыяй шматграннасці паэтычнага таленту аўтара:
– На Начы?
– На Начы.
– З паўпуда?
– Няйначай.
…Сяджу
і рыбачу…
То клюне,
То плюне
Ды ўглыб
Нырне
I плёткі
між рыб
Пляце пра мяне…
Над Начай,
над Начай
Гайдаецца кладка.
– Дзень добры!
– Дзень добры…
– Не ловіцца?
– Гладка…
Аднак менавіта дзякуючы сваёй шчырасці і глыбіні раннія творы Зуёнка прыцягнулі пільную ўвагу крытыкаў і такіх паэтаў, як Барадулін. Асабліва вялікую цікавасць выклікаюць тыя творы, дзе аўтар здолеў спалучыць усеабдымнае бачанне свету з нязначнымі мясцовымі падзеямі. Просты, аднак красамоўны прыклад – верш «Ніхто не пачуў…» са зборніка «Крэсіва»:
Ніхто не пачуў:
Яблык упаў дасвеццем –
Ля Халопеніч,
на Беларусі.
Ніхто не пачуў –
Ні людзі,
ні травы,
ні вецер…
Ніхто,
А шар зямны
Здрыгануўся.
У свеце, створаным Зуёнкам, чалавек мусіць захоўваць прастату. Паэт у ягоным уяўленні – гэта хутчэй раб, чым кумір («Я не кумір – я чорны раб…», зб. «Світальныя птушкі»), і ягоная мэта не здзівіць свет, але бясконца самому здзіўляцца яму («Здзіўленне – подых абнаўлення…»), імкнуцца раскрыць «сакрэты жыцця». Апошні вобраз узяты з прыгожага ранняга верша «Тры вышыні…» (1965), што цесна звязвае лёс прыроднага феномена (тры дрэвы) з людскім лёсам. Пасля ўзнёслай першай часткі, дзе аўтар апісвае цуды прыроды, чые сакрэты ён хоча раскрыць, настрой верша раптоўна мяняецца.
Сялянская карані Зуёнка моцныя, адлюстраваны ці не ва ўсіх ягоных творах як высокімі, так і простымі словамі: «На ніве смерці і жыцця / Мне вечна юным быць аратым» («Мільёны год…») або «жыццё і жыта – як адно» і «Я веру ў хлеб, як у людзей» («На сэрцы – неспакою камень…»). Апошні верш – гэта гнеўная водпаведзь тым, хто сцвярджае, што чорны хлеб можа быць прычынай раку, і тыпова, што Зуёнак бачыць прычыны іх у сумятні, неўрозах і складанасцях сучаснага жыцця. Можна прывесці і іншы прыклад, калі такая натуральная з’ява, як дождж, таксама разглядаецца ў кантэксце яе скажонай сучаснай формы, напрыклад, у вершы «Ідуць дажджы…» са зборніка «Крэсіва», дзе мы чытаем: «Цвікі ў дамоўкі б’юць і б’юць…», аўтар як бы прадбачыць Чарнобыльскую трагедыю.
Хоць у першым зборніку паэта і пераважаюць надзвычай яркія насычаныя фарбы, усё ж ягоная паэзія сузіральная і няспешная, простая і глыбокая адначасова, і ягонае прамое сцвярджэнне ў вершы «Я свой тут», здаецца, не толькі паказвае прыналежнасць паэта да звычайнага свету, але і натуральнасць ягонай паэзіі ў цэлым.
Ранняя творчая спеласць Зуёнка дазваляе вылучыць некаторыя характэрныя асаблівасці ягонай паэтычнай манеры і зацікаўленняў. Танальнасць другой кнігі вершаў, «Крутаяр», пераважна настальгічная, паколькі паэт узгадвае сваю родную беларускую вёску з яе працай, традыцыямі і навакольнымі краявідамі. Зуёнак у асноўным шчыра аўтабіяграфічны паэт, таму гэтыя вершы, напісаныя з ягонага ўласнага досведу, значна болей пераканаўчыя і аўтэнтычныя за большасць сучасных твораў на вясковую тэматыку. Натуральна, што яны перадаюць шмат горкіх успамінаў пра ваенныя часы, атрыманых таксама з уласнага досведу, як, напрыклад, у вершы «Мой ліпень», адкуль узяты наступныя радкі:
А на падвор’і немец балабоніў,
Я плакаў горка ў баразне бульбоўнай,
Як наш, апошні, за пагоркам знік.
Курэй адважна садзячы на штык.
Рыгор Бярозкін крытыкаваў некаторыя вершы з гэтага зборніка за іх невыразны стыль і празмерны этнаграфізм, але, па вялікім рахунку, Зуёнак застаецца вельмі адметнай фігурай.
Трэці зборнік, «Сяліба», быў, праўдападобна, занадта вялікай данінай часу і ягоны пафас часта цяжка лічыць апраўданым, як, напрыклад, у апошняй страфе верша «Часта думаю ў барацьбе…»:
Што скажу я тады Ільічу?
I якое знайду апраўданне?..
Я хутчэй за ўсё прамаўчу –
I пайду на любое заданне.
Іншыя творы з гэтага зборніка, у тым ліку і паэма, што дала яму назву, маюць куды большую вартасць для сучаснай Беларусі, чым розныя дэкларацыі незалежнасці.
У наступных зборніках, такіх, як «Нача» і «Світальныя птушкі», пераважаюць у асноўным жыццесцвярджальныя, яркія колеры і прысутнічае пэўная доля гумару. Патрыятычныя пачуцці Зуёнка тут знайшлі яшчэ больш моцнае выражэнне: ён уводзіць у свае творы геаграфічныя назвы і апісвае асаблівасці расліннага і жывёльнага свету Беларусі, розныя гістарычныя факты і людзей. Добрым прыкладам можа паслужыць верш «Развітанне Каліноўскага» (1983). Камбінацыя абстрактных і канкрэтных элементаў у вершы стварае ўражанне шчырага і глыбокага патрыятызму, што добра гарманіруе з вобразам Зуёнка, шматкроць створаным ягонымі калегамі-паэтамі і крытыкамі. Простае пацвярджэнне таму можна знайсці ў вершы «Любоў да Айчыны»:
Як поле жытнёвае, сціплая, –
Не трэба воплескаў ёй,
Ад крыку яна не асіплая –
Любоў да Айчыны сваёй.
Мамінаю хусцінкаю
Свеціцца над зямлёй,
У сэрцы звініць трысцінкаю
Любоў да Айчыны сваёй.
Зуёнак, без сумнення, паэт сялянскі, нягледзячы на тое, што ў ягоных творах няма тыпова вясковай наіўнасці. Вёска застаецца з ім нават тады, калі ён доўга жыве ў горадзе, і свае пачуцці аўтар ярка выражае ў вершы «Я трыццаць год на асфальце…»:
Я трыццаць год на асфальце,
А ўсё яшчэ цяжка хаджу –
Сутулены,
Нібы з плугам,
Над баразною –
Плечы да сонца.
Іду і ўглядаюся долу,
Каб не наступіць
На краску
Ці на жаўрукова гняздо.
Падобная ідэя, але ужо з гумарам, гучыць у тым самым вершы крыху ніжэй: «Хто збіўся з вясковага рытму, / А рытм гарадскі не асвоіў /І на верлібр перайшоў». Адносіны паэта да прыроды заўсёды застаюцца анімістычнымі, і часам яго называюць сонцапаклоннікам. Паэт з вялікім энтузіязмам глядзіць і на чалавечыя магчымасці. Вядомы цікавы факт, што першы беларускі касманаўт узяў з сабой у космас менавіта томік вершаў Зуёнка «Нача». Не дзіва, што некаторыя негатыўныя падзеі апошніх гадоў дадалі да палітры мастака цёмныя фарбы. Да гэтых падзей можна аднесці розныя па сваім характары, але аднолькава жудасныя трагедыі Чарнобыля і Курапатаў, а таксама менш драматычныя, але вельмі актуальныя праблемы беларускай нацыянальнай самасвядомасці і стану беларускай мовы. Верш «Штодня паміраць на шпагах радкоў…» прасвечаны наступствам Чарнобыльскай катастрофы:
Я не змагу… Прабачце
Не быць і смычком пры лірычнай струне
I одапісцам сезонным…
Бо зараз не сэрца ў грудзях у мяне –
Чарнобыля зона.
I ўрэшце, арыгінальнасць ды фантазія ў стварэнні вобразаў, характэрныя для Зуёнка, могуць быць праілюстраваны выдатным кароткім вершам 1975 г.:
Узараны ўспамінамі,
Як нарогамі поле.
Пад спякоту палынную
Засеяны болем.
Прарастаю трывогамі,
Як імкненне – дарогамі,
Як цемень – агнямі.
Узыходжу чаканнем,
Як вечнасць, бясконцым,
Як травінка праз камень:
Без сонца – да сонца.
Узлятаю надзеямі,
Як жаўранак весні.
Толькі дзе яны, дзе яны –
Поля жніўнага песні?
Васіль Зуёнак займае у беларускай паэзіі досыць значнае месца.
Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.