Увага! Поўны змест
Іх было пяцёра, смярдзючых ад тытуню і самагоннага перагару дужых мужчын, на яе адну, кволую, як падлетак, з вялікімі перапалоханымі вачыма маладую настаўніцу. Навучыцельку, як казалі яшчэ на польскі лад тутэйшыя людзі.
Страціўшы мужа — няхай крые Бог, яны пражылі разам усяго толькі месяц — і баючыся ўжо сама арышту, яна пры намове і помачы добрых людзей уцякла з горада сюды, у прылясную вёску. Не спадзявалася, вядома, што і тут няма зацішку: партызаны разбілі ўправу і застрэлілі інжынера-дарожніка, які ўладкаваўся быў на працу дырэктарам тутэйшай пачатковай школкі.
Як не ведала, што яны ўжо напытвалі і пра яе.
I вось, апранутыя хто як — у напалову вайсковае, у напалову цывільнае, — але ўсе падпаясаныя шырокімі рамянямі, яны стаялі ў пройме асвечаных малочнай поўняю дзвярэй. I ўсе з ружжамі. Хоць не. Той, што насуплена пазіраў з-пад круглай фуражкі з нізкай туліяй, уздымаў руку, зашчаміўшы ў ёй вастрадзюбы пісталет.
Яна і не адсунула б дзвярэй, каб яе не абхітрыў знарок падасланы імі ціхі, сарамяжы Ілля — школьны вартаўнік.
Савецкі бяжанец, як казалі на яго, прыбіўся сюды, у Косічы, з Беластоку, дзе ён быў на практыцы — устанаўліваў у клубе кінапраектар. Аглушаны, як і ўсе, першымі ўзрывамі бомбаў, першымі сполахамі пажару і першым, ніколі не чутым стогнам і енкам параненых, ён сарваў з экрана шоўкавае палатно, запхнуў яго за пазуху і ўліўся ў паток бежанцаў. Ён уцякаў на ўсход, у Расію.
Але за Слонімам яго нагналі нямецкія танкі, а палатно, якое ён адрэзамі мяняў на харчы, таксама скончылася. Дайшоўшы да Косічаў, Ілля застаўся тут спярша парабкам, а потым, як адчынілася школка, перайшоў у яе вартаўніком, а заадно і прыбіральшчыкам.
Яна і паддалася на падман, калі гэты самы Ілля, асцярожна пастукаўшы ў акно, ціхавата, з хітрай ліслівасцю папрасіў:
— Откройте, дело есть.
Накінуўшы лёгкі халацік, яна падышла да дзвярэй.
Думалася пра ўсё благое — пажар, смерць, — толькі не пра тое, што ў яго за спіною будуць стаяць яшчэ пяцёра, а ў пройму прыадчыненых дзвярэй уткнецца руля вінтоўкі, каб ужо іх зачыніць яна не магла.
— Окошко занавесь и огонёк зажги, — загадаў той, што ў шчыліну між вушаком і дзвярмі ўсадзіў вінтоўку, і халоднаю руляю, што запахла нейкім мазутам і гарам, адапхнуў яе на сярэдзіну вузкай бакоўкі.
Яна зняла з ложка лёгкае, пашытае з лапічкаў-ласкутоў коўдра, завесіла акно і тады ўжо на стале каля газоўкі пачала шукаць запалкі — малюсенькі карабок нямецкіх, кардонавых, з вялікімі шыпучымі галоўкамі, што нядаўна купіла ў горадзе.
Шыпучая запалка высвеціла стол, стосік вучнёўскіх сшыткаў на ім, чарнільніцу-невыліванку з драўлянаю лакіраванаю ручкаю і пухірок газоўкі. А каснічок дымнаватага агню, што захістаўся на газоўцы ад скразняку, бо дзверы яшчэ не зачынілі, — іх усіх: найперш іхнія чырвоныя ад перапою, адутлаватыя твары, а потым і чорныя рулі вінтовак, што былі ў іх за плячыма.
Ілля баязліва таптаўся за імі ў парозе.
— Так вот какая ты, немецкая шлюха, — азваўся нарэшце той, што шчыміў у руцэ пісталет. Пэўна, старшы над імі. Акрамя пісталета пра гэта сведчыла і яго нягеглая, ужо добра паношаная фуражка на нізкай туліі. У немцаў фуражкі седлаватыя, ганарыста задзёртыя, а гэтую нібы хто прыпляскаў на галаве.
— Да, ничавось птичка, — рагатнуў другі, мурлаты, у цывільнай кепцы і суконным, вясковае работы фрэнчы.
— Ну что же, ребята, крылышки мы ей почистим, — азірнуўся і сказаў сабе за плячо той, што быў у вайсковай фуражцы.
I маладая, падобная да дзеўчаняці-падлетка настаўніца схаладзела душою. 3 жахам успомнілася ўжо тое, што тыдзень назад ёй сказала рупная, занепакоеная гаспадыня, у хаце якой яна і зняла гэтую бакоўку з адным венскім акном і асобным ходам.
— Ой, дзяўча, не ўпору ты прыехала. Спакою нямашука ў нас. Наўкруга лес, а ў ім ужо развяліся і віжуюць парцізанты. Яны, пераадзеўшыся ў нямецкае, нават удзень прыйшлі і заарыштавалі Аўсяніка, што да цябе рабіў у нашай школе. I няхай сцеражэ Бог, каб да цябе чаго-небудзь не мелі.
— Ці ёсць у іх інтэрас да мяне?
— Гэ, дзетка, — усміхнулася гаспадыня, нейкім трохі касаватым вокам агледзеўшы кватарантку, — цяпер бойся кожнага. Вайна. Ніхто ні на каго не зважае. Абы што, так за ружжа і хватаюцца. — I ўскінула абедзве рукі, нібы адмахнулася ад сваіх слоў. — Во галава! Я ж не спытала, як жа зваць цябе?
— Леанарда. Баброўская Леанарда.
— Во моднае імя. Але ж ці дзіва — навучыцелька.
— Чаму ж моднае?
— Не чула я.
— Тады кажэце проста — Лявонка.
— Во гэта іншая рэч, — гаспадыня паглядзела зноў гэтым сваім касаватым вокам.
— А як жа вас велічаць? — спытала ўжо яна, кватарантка-навучыцелька.
— Ужо з мяне такая вялікасць, — нібы засаромелася і адвярнула галаву гаспадыня. — Ёўда я.
— Во і я першы раз чую такое імя, — задрыжалі ад смеху пухкія губкі ў валавокай, прыгожай з твару кватаранткі.
— Яно палескае. А па-тутэйшаму — Аўдоця. Мой нябожчык Іванка, калі рабіў за Польшчаю на чыгунцы, знайшоў мяне ажно за Ганцавічамі і прывёз сюды, у Косічы. Во як было…
Цётка Ёўда, накульгваючы на левую нагу і нібы трохі перавальваючыся на левы бок, падышла да дзвярэй, узялася за клямку, але не адчыніла іх.
— Я кажу — было. Немцы неяк стараною прайшлі ад нас. Толькі потым, ужо ўследа за хронтам тут на хутарах савецкіх байцоў выпорвалі. А з гэтай восені ўсё пагоршала. Ужо адныя за аднымі палююць: парцізанты за паліцыянтамі, паліцыянты за парцізантамі. Свет калоціцца, як на верацяне…
I вось іх пяцёра, першы раз убачаных, стаяць і цяжка, як загнаныя дыхавічныя коні, сапуць перад ёю, адзінокаю і бездапаможнаю маладзіцаю. Што ж рабіць ёй, як бараніцца ад іх, неразважных, п’яных і агідных?
— Ну, рассказывай, — не ўстояў на нагах і пахіснуўся на яе той, што трымаў у руцэ сінявата-чорны пісталет.
— Што вам расказваць?
— А с каким заданием фашисты подослали тебя.
— Ніхто мяне нікуды не падсылаў, — сказала ўжо цвёрда, спадзеючыся яшчэ, што тут выйшла нейкая абмылка. — Я прыехала сама. Уцякала ад нямецкай жандармерыі, што застрэліла майго мужа.
— Да-да, от имени жандармерии открывать фашистские школы.
— Школа ў нас беларуская.
— Ха-ха, — зарагатаў мурлаты ў пляскатай кепачцы і ў суконным вясковым фрэнчы. — Школа с портретом Гитлера на стенке.
— Дзяцей трэба вучыць.
— Конечно, на немецкий лад.
Ім, мусіць, нічога не дакажаш. Яны настроіліся на адно: забіць ці згвалціць яе. Няўжо той кажан, рыжавата-сухі, як кажурынка, з сабачай мордачкай, што зачапіўся раніцаю за лату над парогам, прынёс бяду? Леанарда, баючыся яго чапіць, паклікала тады гаспадыню.
Трымаючы, як у муфце, рукі пад шарым фартухом, старая падышла да парога, прыскаліла адно вока і, паказваючы ў роце чорны дупляны зуб, глухавата, нібы сама сабе сказала:
— Нешта ліхое яго прыгнала, гэтага кажана.
Старая азірнулася наўкруга сябе, убачыла пры плоце сухі арэхавы кій і парнула ім у ржава-сухую кажурынку. Але кажан толькі разявіў сабачую мызу з натапыранымі вушкамі, вышчарыў вострыя зубы і тоненька, як драцінка, зазвінеў.
— Во, яшчэ і не ўцякае, нічыстая сіла, — гаспадыня прыцэлілася і зноў парнула доўгім кіем у кажана. Ён нарэшце адарваўся ад латы, нячутна, па-матылінаму пархнуў і ўлукаткі паляцеў пад стрэху блізкага гумна.
— Нядобрую ён табе новасць прынёс, — зноў пацвердзіла сваё цётка Ёўда і заківалася ў хату.
А яна, Леанарда, увесь дзень была як сама не свая. Прыгадвала Наваградак. Тую ноч, калі прайшла павальная аблава — нехта падклаў міну пад парог дома, дзе кватараваў гебітскамісар, але падарваўся ўсяго вартавы. Арыштоўвалі чамусьці найбольш беларусаў. Шукалі тых, хто калісьці палітыкаваў ці быў на прыкмеце, як падазроны. Хоць яе Франак ні з кім вельмі і не знаўся.
Але во кажан прынёс новую бяду. Нібы не хапіла той, што прылучылася ў Наваградку. Праўду ж кажуць: бяда адною не ходзіць. Яны толькі пабраліся, і ім нібы пашэнціла: Франак напытаў работу ў транспартным аддзеле гарадской управы, а яе, Леанарду, узялі карэктарам у рэдакцыю павятовай газеты.
Надарылася тым часам зняць і кватэрку — вузкі пакой за дашчанаю перагародкаю ў шарай неабшалёванай хаце заўсёды п’янага балагола — ці не татарына? — і яго рослай, заўсёды пакорна прыгорбленай, як яна сябе называла, — Разаліі.
Было яно, гэтае мядовае шчасце, ці не, Леанарда разабрацца не паспела. Бо, можа, не вельмі і любіла наіўнага і, здаецца, яшчэ няспелага як мужчыну свайго Франака. Ёй падабаўся яго таварыш, шыракаплечы з валасатымі рукамі Жэнік, што працаваў загадчыкам склада ў гандлёвай нямецкай фірме.
Але ў тую трывожную ноч яна якраз не спала. Сэрца нібы чула бяду. У двары баязліва цяўкнуў чуйны гаспадароў сабачка. Ад яго брэху яна заўсёды прачыналася, як і ад Франака, калі ён гарнуў яе да сябе і яго рука шкраблася ў яе між ног і нахабна, упарта разводзіла іх…
Перапуджана цяўкнуўшы, сабачка больш не аказаўся. Леанарда нават не ведала, што сабакі, як і людзі, баяцца ўзброенага чалавека, — яны, мусіць, чуюць, як пахне гарачаю смерцю настылая руля вінтоўкі.
Леанарда ўжо не спала — прачнулася ад цяжкага і страшнага сну. Угнуўшы і пагрозліва набычыўшы чорную голаў з белай зоркай між шырока раскінутых вострых рог, на яе ішоў вялікі бык з кутасікам пад шырокім чэравам. I гэты кутасік варушыўся.
Яна ўцякала, але ногі адымаліся. Спрабавала крычаць, але голасу не было. А ўбуялы, расовы бык, бушуючы і дзеручы пярэднім капытом зямлю і кідаючы яе на сябе, упарта і раз’юшана блізіўся да Леанарды. Яна нават убачыла яго налітыя крывёю, вялікія, як слівы, лілова-сіняватыя вочы. Яна закрычала зноў, але без голасу… і прахапілася.
Дзесьці ў прыцемку ночы натужна вуркатала ценжароўка — можа, тая, доўгая і чорная, з адсечаным радыятарам і накрытым кузавам, што была пры турме. У фортцы брамы востра дзынкнула жалезная зашчапка. У двары зноў ашалела заскавытаў і аціх перапуджаны сабачка.
Здаецца, мільганула, як начная трапяткая маланка, святло кішаньковага ліхтарыка. Леанарда палахліва прыгарнулася да Франака, і яго халодная рука настойліва прасунулася ў мяккае цяпло яе ног. «Дурны», — хацела сказаць, але ўжо не трэба было: у гэты міг у дзверы моцна і адчайна загрукалі, і каля акна шаргануўся нечы размыты цень. Мусіць, пільнавалі, каб ніхто не выскачыў праз акно.
Хату адчыняць пайшоў сам гаспадар.
I, счакаўшы, у сенях загаварылі то па-нямецку, то па-беларуску. У кватэры пад аранжавым абажурам засвяцілася слепаватая жароўка-лямпачка. Загрукалі нямецкія шыпаватыя боты…
Раніцою яна прыбегла да турмы. Паліцыянт з вузкімі падбрытымі вусікамі, што адчыніў быў аконца, хаваючы свае вочы, каротка адсек:
— Тут нікога не шукайце.
— А дзе ж?
— За кашарамі.
У Леанарды падкасіліся ногі. За даўнейшымі польскімі казармамі, дзе цяпер стаяла нямецкая вайсковая часць, у ровішчах пры горадзе ў першы год расстрэльвалі савецкіх актывістаў, а ў гэтае жніўнае лета — набожна пакорных яўрэяў.
Леанарда яшчэ збегала туды, але ўжо блізка да ямаў, дзе яшчэ ўспыхвалі адзіночныя тупаватыя стрэлы, яе не пусціла старая жанчына ў чорным, з’едзеным моллю плюшавым каптане, што падпасвала ў прышашэйнай канаве мігітлівую казу:
— Не йдзі туды, маладзічка. Тут адзін мужчына быў пайшоў шукаць і напытваць сына і сам не вярнуўся.
У вузенькі завулак з белымі двухпавярховымі мураванкамі, адную з якіх займала рэдакцыя, яна ўжо ледзьве дабрыла.
Нізенькі, сыта-ружовы рэдактар, прыладжваючы абедзвюма рукамі за вушы свае рэдзенькія, напамаджаныя валасы, для прыліку толькі паспачуваў:
— Але чым жа ж я вам памагу. Мы ўсе пад памялом.
А потым і падстрашыў:
— Я баюся, каб не арыштавалі і вас.
Як абязвечаная, Леанарда вярнулася ў свой цемнаваты кабінет, што адным акном выходзіў у заслонены дрэвамі двор, села за столік насупраць рыжавата-агністае машыністкі, што перастала ляскаць па старэнькім рэмінгтоне, і затрасла худзенькімі плячыма ад нестрыманага плачу.
— Не траць часу, — неяк трохі суха і нібы абыякава сказала машыністка. — Зайдзі ў аддзел народнай асветы, да інспектара. Ён у недалёкую школу напытвае настаўніка… У Косічы, здаецца… Перачакай бяду там.
I вось яны, Косічы, дзе Леанарда хацела знайсці зацішак і ўратавацца ад арышту, гвалту, смерці… А перад ёю стаяць пяцёра ўжо гатовых на ўсё страшнае і агіднае дурнавата-п’яных мужчын.
Не дзіва, што сёння ў школу прыйшло менш як напалову дзяцей. Непакою ці чагосьці таемнага, загадкавага дадала яшчэ бялявая дзяўчынка з другога класа ў доўгай плаценкавай сукенцы з нашытымі ў падоле чырвонымі паскамі і ў зморшчаных скураных хадаках.
Цярпліва стоячы каля стала і пазіраючы з-пад краплістай хусткі валошкавымі вачыма на Леанарду, яна нарэшце адважылася і спытала:
— Скажыце, пані навучыцелька…
— Цяпер трэба называць мяне грамадзянка настаўніца, — падказала Леанарда.
— Ага, грамадзянка, — пацёршы кулачком свой нос, паўтарыла бялявая дзяўчынка. — Чаму ўсе кажуць, што не трэба хадзіць у нямецкую школу?
— А хто кажа?
— Не ведаю. Але мы баімося, што нас могуць пастраляць.
— Хто? — сумелася Леанарда.
— Усе: і немцы, і партызаны.
— А за што ж вас, малых дзяцей? Глупства гэта.
— О, не кажыце так. Бо і вучыцеля вунь забілі.
Толькі цяпер Леанарда здагадалася, чаго на вочы не паказваўся Ілля. Недзе ўсё туляўся. Значыць, нешта ведаў. Пэўна ж, баяўся, каб не выдаць сябе. I цяпер туліцца ў парозе, як пабіты сабака. Хаваецца за шырокія спіны гэтых пяцёх.
— Анутка, Илья, — махнуў чорным, зашчэмленым у руцэ пісталетам старшы сярод іх. — Напомни ей, какие она немецкие агитки привезла с собой.
— Да, привезла, — зноў нясмела з прыцемку адклікнуўся вартаўнік, але на святло газоўкі не выйшаў. — Журналы с портретами всяких геббельсов.
Ах, Божа, гэта ж ён віжаваў за ёю і ўсё пераказваў ім. Ці ж не яго гэта справа — адзін украдзены нумар «Новага шляху»? Усім класам па чарзе яны чыталі з яго апавяданне пра санітарку.
— Ну, так скажи, кто тебя подослал сюда? — перад ёй зноў махаецца гэты чорны пісталет.
— Мне даў накіраванне школьны інспектар.
— Инспектор, говоришь, — той мурлаты, што быў у суконным вясковым фрэнчу, імгненна выцягнуў з вінтоўкі чорны востры шомпал.
Але яго перапыніў ён, старшы:
— Постой маленько. Она нужна нам чистенькая…
Аднак шомпал раз’юшана свіснуў над ёю. Як ад удару перуна, яна заплюшчыла вочы. I ёй убачыўся той высокі пагодны дзень бабінага лета, калі яна на спадарожнай фурманцы ехала сюды з сваім невялікім пажыткам — плеценаю карзінаю. Дарэчы, вёз яе не абы-хто, а тутэйшы багатыр, саракагадовы ўсмалелы, як корч, гарбаносы і чорны, як корч, з навіслымі бровамі і сінімі хітрымі вочкамі Гервас Сапега.
Памогшы ёй з карзінаю і пасадзіўшы поруч з сабою ў фацэтную, з прэтэнзіяй на нейкае шляхецтва, рысорную брычку, ён адразу і назваўся:
— Гервас буду, а па прозвішчы — Сапега. — Махнуўшы выгінастымі прыгожымі вейкамі, ён неяк сарамяжа заплюшчыўся, а потым раскаціста зарагатаў: — Кажуць, знакамітая княжацкая фамілія. А тут, наўкруга нашых Косічаў, яе носіць столькі галадранцаў, што і не злічыць.
Пад’ехаўшы да самае школы, што была ўпрытык з управаю — прыгожым драўляным домам пад нямецкі вугал, крытым драніцаю і з прычолкам, падпёртым дзвюма выштукаванымі калонамі, нечакана запрапанаваў:
— А можа, паедзем да мяне? Хата вялікая, на два канцы. Не раўня гэтай школцы.
Зазірнуў у вочы і вялікаю жорсткаю далоняю злавіў яе руку:
— Мне гаспадыня патрэбна.
— А што вы кажаце, дзядзька?
— Во, яшчэ і дзядзькам называе, а я — нежанаты.
— Даруйце, як вас па бацьку? — сумелася Леанарда.
— Бацьку Цімохам называлі, — ён неяк паволі, нібы не хочучы, зняў з брычкі яе плеценую карзіну і паставіў на зялёную мураву каля шырокае сцежкі.
— Я чалавек адкрыты, прызнаюся. Адчыняю ў горадзе краму. Буду гандляваць шапкамі. Мы аднога жыдка-краўца прыхавалі. Ён ужо іх шые. Мне патрэбны граматны супольнік ці памочнік. А што ваша школка? Ці пратрывае да зімы. Тут партызаны ўсё спрытком паляць — і ўправы, і школы. Што ні ноч, то пажар. Вунь колькі ўжо згарэла двароў і фальваркаў.
— А як жа дзеці? Без навукі? Не, буду трымацца школы.
— Дарма даяце ганьбу майму дому. Я ж платы не вазьму. А ў мяне і садок, і пчалярня…
Яго рысорная брычка доўга і, здаецца, зласнавата падлясквала на ружовым выбоістым бруку вуліцы.
А назаўтра, знайшоўшы нейкую зачэпку, зазірнуў да гаспадыні. Потым і яе, Леанарду, перастрэў на падворку. Нацягваючы яшчэ ніжэй барашкавы каўпак і пільна азіраючы яе сінімі быстрымі вочкамі, загаварыў:
— Еду ў горад. Можаце што заказаць. Сахарыну, ніткі, іголкі…
— Ой, што вы, дзякую, нічога покуль не трэба, — як магла аднеквалася Леанарда.
Яго жаўтлявая вялікая рука тым часам пакапашылася ў адтапыранай кішэні шарага ў клетку пінжака і выцягнула колькі цёплых, мусіць, толькі з печы, падсушаных груш.
— Цукровыя, — падказаў Гервас і, варухнуўшы чорнымі навіслымі бровамі, цераз парог у сені падаў іх старой Ёўдзе.
— О, дагаджае вам, — смяялася і паказвала чорную шчарбіну ў роце ўедлівая старая.
— Кінь перад сабою, знойдзеш за сабою, — трапна, слова на слова адказваў хітраваты Гервас.
А потым, нібы незнарок, уцягнуўся да яе ў баковачку, агледзеў адзін табурэцік, налёгшы на яго, праверыў, ці моцны і стойкі, і ўжо папрасіў:
— Я з вашага дазволу прысяду?
— Садзіцеся, што ўжо зробіш з вамі.
Зняўшы з чорнай густой чупрыны, што ўжо іскрылася першай сівізною, свой барашкавы каўпак, загаварыў:
— Я ж вам ужо казаў, што хачу мець пры сабе пісьменнага чалавека. Знаюся ў арыхметыцы, але з драбямі рэч благая.
— I што пры вас буду рабіць я?
— Памагаць у рахунках.
— I не болей? — з’едліва ўсміхнулася тады яна.
— А калі прыгледзецца адзін да аднаго, то…
— Ну, дагаворвайце.
— А хіба вы ўжо не здагадваецеся?
— Не вельмі, бо намёкаў шмат.
— Прызнаюся, шкада мне вас, маладзенькую.
— Нешта страшыце, ці што?
— У страха, як кажуць, вочы вялікія… Бо наўкруга столькі брыды. I на вас, адзінокую і харошую з твару, кожны спакусіцца.
— Во пра што вы загаварылі.
— Не ласкавая вы нешта са мною, — ён зарыпеў табурэтам, падняўся з яго. У парозе яшчэ сказаў: — А я вам хачу дапамагчы і заступіцца.
Хітраваты і трохі як нахабны Гервас гаварыў праўду — як на тое ідзе: яны, гэтыя пяцёра п’яных начных гасцей, будуць дамагацца яе. Яна ўжо адчувае, як прагна гараць іх асалавелыя з шкляным водбліскам вочы, як яны раз’юшана дыхаюць.
I яна, трацячы над сабою ўладу, ужо крыкнула ім у чырвоныя, налітыя крывёю твары:
— Што вам трэба ад мяне?
— А разве не знаешь, что мужикам надо?..
— Пайшоў вон, брыда! — крыкнула яна таму рыжаватаму, у пілотцы, што высунуўся наперад і намагаўся схапіць яе за руку.
— Слушай, Шубин, — закамандаваў старшы. — Сделай кляп и закрой ей хайло.
Леанарда забегла за стол, нібы ён мог яе ўратаваць. Але сюды ўладна ступіў стрыжаны пад нулёўку, на галаве ў якога шырока разлезлася злінялая пілотка з чырвонай, аблушчанай на адным куце зоркай.
Ён і схапіў Леанарду за грудкі, моцна, да болю, рвучы на ёй летні халацік. Яна нават не паспела апомніцца, як бразнулася плячмі ўпоперак ложка. Леанарда закрычала зноў, але яе дыханне перахапіла ўваткнутая ў рот гаркаватая ад тытунёвай пацярухі анучка, што была ў некага з іх заміж насоўкі.
— Илюха, давай, первым пойдёшь? — нечыя халодныя дужыя рукі схапілі яе за аголеныя калені і пачалі іх разводзіць. Яна сілілася стуліць іх, але не магла.
— Илюха, не трусь, целина у неё уже вспахана, — нехта душыўся ад рогату з прадчуваннем блізкае асалоды.
— Ты что, плачешь?
— Ну, это от радости, — рассцёгваючы дрыготкімі рукамі рэмень і пазвоньваючы спражкай, крычаў той, што апошнім станавіўся ў калейку.
— А вон, смотри, Ильюшка сгорел.
— Ха-ха! В одном шаге от счастья.
«Якая пакутлівая, якая здзеклівая і нечалавечая смерць у мяне», — яшчэ падумала Леанарда, сілячыся супраціўляцца таму, што гэтыя пяцёра пачыналі чыніць над ёю. Пасля ўжо, знясіленая, ледзьве памятная, учула, як першы ўдар штыка палыхнуў ніжэй жывата, а потым яшчэ адзін, гарачы, як агонь, нібы дзеля збаўлення ад доўгіх мук, знайшоў яе сэрца…
Старая Ёўда прачнулася ад першага стуку ў суседняе акно. Падумала адразу пра благое. Гэтаксама і ў гэтакую пору стукалі тады, калі забіралі нядаўняга кватаранта, прыгожага рослага мужчыну з бародкаю і ў скураной карычневай куртцы, што толькі і паспеў парабіць у школе не больш як месяц. I на табе, прыйшлі па яе, ціхенькую, прываблівую і адзінокую маладзіцу.
Спешна, блытаючыся ад страху і перадрагі ў спадніцы, старая праз голаў нарэшце нацягнула яе, знайшла на біле ложка кофту. Косы слупок мройнага, вадзяністага святла ляжаў на стале — месяц, набраўшы вышыню, пераходзіў на другі бок хаты. Старая, адшморгнуўшы фіранку, прыпала да халоднай шыбы. На вуліцы пры плоце цямнела фурманка. Нехта нецярпліва і размашыста расходжваў каля каня. За сцяною ў бакоўцы чуліся глухаватыя неразборлівыя галасы, цяжкае і невядомае грукатанне, нібы хто падаў.
Тады, як арыштоўвалі кватаранта, такога грукату не было — забіралі яго сцішком, нібы крадучыся.
Ах, Божа святы, што робіцца там? Што чыняць яны над безабароннаю маладзіцаю? У яе і так ледзьве ліпіць душа. Можа, рашыцца на ўсё і збегаць паглядзець? Але ж ці будуць гэтыя злыдні зважаць на тваю старасць. Заб’юць ці ўкалечаць — і не знайся.
Ёўда, як сама не свая, як адрашоная, пасядзела на лаве пры акне, а потым рашуча ссунулася і парыўна падышла да дзвярэй, націснула на язычок клямкі і з усяе моцы папхнула іх. Яны, нямазаныя колькі гадоў, моцна і ржава зарыпелі на петлях. Ажно ў яе ад страху перахапіла дых і прапала раптоўная гарачая рашучасць.
Неўзабаве на падворак выкаціўся сыты рогат. Цэлаю плоймаю, несучы за плячыма страхатлівыя вінтоўкі, яны, нехрысці, ішлі да фурманкі.
Старая вярнулася да лавы, прыкленчыла на яе адною нагою і зноў лобам ткнулася ў халодную шыбу.
Загрукацеўшы коламі, фурманка нарэшце знікла ў сутоках вуліцы.
Вобмельгам выскачыўшы з хаты, старая Ёўда абабегла яе і спынілася каля дзвярэй бакоўкі. Наўкруга шапаткім звонам сыпалася цішыня, і старая адно чула, як тахкае і разрываецца яе сэрца. Яна пастукала ў зачыненыя дзверы, але за імі ніхто не адклікаўся. «А можа, забралі яе, як таго кватаранта?» — старая пацягнула за клямку і ў зеленаватым месячным святле на ложку ўбачыла белае цела. Леанарда лежала ўпоперак ложка, безда-паможна звесіўшы на падлогу аголеныя ногі.
У бакоўцы пахла газаю, але газоўка ўжо не гарэла.
— Лёнька, Лявонка! — закрычала старая, трасучы яшчэ цёплую, але ўжо маўклівую Леанарду.
Нахіліўшыся бліжай над мёртвым целам, старая нарэшце ўбачыла анучу ў роце і на абедзвюх грудзях чорныя, мусіць ад штыка, ранкі. Адна з іх, як у Хрыста на абразах, была з падцёкам крыві ніжэй карычневага зморшчанага саска. Як здагадалася старая, штык прыйшоўся якраз у сэрца.
Ёўда дзіка, адчайна заенчыла, асунулася на каленкі і пачала хрысціцца.
7-23 красавіка 1999 года