Генрых Далідовіч — Губаты

Генрых Далідовіч

Увага! Поўны змест

1

….Яно, ласяня, нечакана, прачнуўшыся, пачула, што нехта сюды ідзе. Хоць яшчэ мала пражыло на свеце, але ўжо адчула, што гэта тупае не той малы рыжаваты, але шпаркі і спрытны, дужы ў нагах, з учэпістымі зубамі звер, які нядаўна, зваліўшы з ног, цяў яго за кумпяк, што цяпер абліваўся нечым цёплым і соладка пахкім ды балюча ныў. Той звер падпоўз зусім нячутна, насупраць ветру, а пасля, як яно крыху адстала ад маці, неспадзявана выскачыў з-за кустоў, збіў з ног; тым болей гэта ішла не лёгкая даўгахвостая знаёмая ліса, якая часта блізка падыходзіла і доўга пазірала на іх , дужую маці і яго – свавольніка, і не баязлівы заяц-сусед, не буравата-шэры, з белаю мызаю барсук-валацуга, якіх маці ніколі не баялася і не адганяла, якія любілі пастаяць ля іх і самі пасля адыходзіліся. Валокся нехта цяжка, ломячы галінкі і парыпваючы, тупаючы; а пасля, калі гэтыя шаргавітыя крокі пачуліся зусім блізка, хтосьці, рассякаючы паветра, лёгка шуснуў сюды, да ягонай схованкі – пад густы лазовы куст,– і ласяня, адплюшчыўшы вочы, са страхам убачыла праз напаратныя камлі амаль такога ж невысокага, толькі другога колеру – не рыжаватага, а чорна-белага – звера, які нядаўна разарваў яго сцягно.
  Але стомленае, аслабелае ласяня не магло ўжо болей уцякаць, яно толькі торгнулася, крышку праехаўшы ўперад на складзеных пярэдніх нагах і жываце, і зноў заплюшчыла вочы, чакаючы ўдару, за якім ягонае цела зноў ірвануць вострыя клыкі, ды адчуваючы, як зайшлося ад страху сэрца, шурхне, збягаецца і халаднее скура; звер, які чамусьці амаль не пахнуў лесам, дзікім сіверам, ператраўленым пахам дзічыны, а меў нейкія чужыя, як палявыя, пахі, не накідаўся, а таптаўся паблізу, нават не датыкаўся, а залівіста, аж закладала ў вушах, брахаў. Неяк дзіўна сёння абзываўся і той страшны звер – закінуўшы ўверх невялікую галаву, працяжна зацягваючы, выў,– пасля гэтага хутка прыбеглі аднекуль яшчэ такія ж невысокія злосныя звяры і разам абкружвалі, нападалі; нарэшце, правалтузіўшыся так з ночы да раніцы, адсталі ад яго і пагналі некуды маці. Відаць, вось так падклікае сабе памагатараў і гэты чорна-белы звер…
  I праз брэх чуваць было, што гучныя крокі ўсё прыбліжаліся, цяжэлі, ад іх аж пачало, здаецца, бухаць у вушах; нарэшце заціхлі, у гэтую хвіліну змоўк і брэх – і спачатку халодны цень, а пасля і нешта вялікае, пахкае і лесам, дымам, смалою, і гэтым чорна-белым зверам, і зусім яшчэ нечым не звярыным, не дзікім, прысела над ім, мякка лэпнула па здаровым сцягне – ад чаго ласяня ўздрыгнула, моцна заплюшчваючы вочы і душою адчуваючы: ну, вось і няма сіл уратавацца, вось і прыйшла смерць!.. I яно абыякава падумала: што будзе, хай тое і будзе. Ад слабасці і адчаю апала галава, тыцнулася зубамі ў зямлю, аж забалелі вусны і набілася ў рот сырога пяску.
  Яно плюшчыла вочы, аж уздрыгвалі бровы, сціскалася ў камячок, чакаючы ў любое месца цела балючага ўдару, але ўдару не было. I тады яно з цяжкасцю адплюшчылася і як скрозь вільготны туман, відаць, праз слёзы, убачыла, што сядзіць каля яго на каленях невядомы яму звер, трымаючы пярэднія ногі з доўгімі пальцамі высока над зямлёю. I гэтыя ногі, і твар звера былі белыя, зусім без шэрсці, добра кранутыя загарам. Доўгая шэрсць была толькі па круглай галаве з высокім белым ілбом.
  – Дальбуг, плача па-чалавечаму…– як са здзіўленнем пачулася ад таго, і ласяня ўспомніла, што і ў лесе, і за лесам, за рэчкаю, ужо не раз чула такія далёкія галасы, здзіўлялася, які ж звер іх вымаўляе, хацелася пачуць лепш, убачыць таго, але маці зводзіла падалей, балюча таўхалася, каб яно ніколі не імкнулася ісці на гэтыя галасы, і вось яно цяпер пачула, убачыла, хто так гукае (пачула, але нічога не разумела, як не ведала, што гэта ніякі не звер, а чалавек, і не абы-які чалавек, а тутэйшы ляснік).– Ну, што з табою, маё цялятка? Ножку зламала, гойсаючы, ці матка цябе кінула?..– і яшчэ рукою палэпаў яго па спіне, ад чаго я но зноў заплюшчылася, задрыжала, сціснулася.
  Той раптам, як толькі даткнуўся да раны, адхапіў – як ад агню –руку, якая стала чамусьці чырвона-яркай, зацёр яе аб зямлю.
  – Ды вось яно што!..– усклікнуў ён.– Ваўке цябе парвалі… Беднае ты мае, бязвіннае…
  I ён хуценька ўстаў, нарваў паблізу травы і ёю, прыціскаючы, выцер ніжэй раны, кінуў убок, зноў вырваў і працягнуў жмут да калена – услед за яго рухам нага запякла, зайшлася ад болю. Адляцеліся і зазвінелі мухі.
  – Трэба ратаваць цябе, цяля маё,– сказаў ляснік, падсунуў пад жывот ласяняці спачатку адну, а пасля і другую руку, падцягнуў, выносячы з-пад куста, пасля падкінуў; высока падняў, што ў ласяняці не толькі абвіслі доўгія белаватыя ногі і не маглі дастаць зямлі, але і закружылася ад непрывычкі галава, і панёс, блытаючыся ў роснай папараці, што па грудзі рабіла вільготнай вопратку носчыка.
  Паперадзе іх пабег сабака – падаўся не скачкамі, аж выцягваючыся, як беглі сёння ваўкі, а задрабязіў, часта прыпыняючыся і шохаючы зямлю: там, прыходзячы з поля, жылі мышы, рыўся, выварочваючы чорна-жоўтыя купіны, стары крот.
  За драбналессем, якое ўжо высыхала ад ранішняга, але вельмі цёплага сонца, пачалося знаёмае канюшыннае поле, дзе ласяня з маці не раз ласаваліся смачнаю травою, калі не было надта горача, то і ляжалі, адпачывалі, напіўшыся вады ў блізкай рэчцы і вяртаючыся ад яе ў лес.
  Хутка – яны цяпер падышлі да зарослай кустамі, аерам старой рэчкі, дзе закіданая гніллём вада была нясмачная, абагнулі яе і апынуліся ля амаль безбярэжнай, стромкай новай рэчкі-канавы, дзе яны пілі золкам ці зусім познім вечарам плыткую смачную ваду, за якой – у цемнаватай зелені і сярод мноства дамоў– чуліся тыя знаёмыя галасы. Яны з маці часта стаялі тут, на беразе, і з вялікай цікавасцю глядзелі туды, гадаючы, што там за жыццё…
  Носчык прайшоў берагам і апынуўся ля кладкі, неакораных, але гладкіх зверху жэрдак, перакінутых з аднаго берага на другі. Ступіўшы, ён пагойдаўся і паволі, калышучыся, бокам падаўся на другі бераг, дзе яно ні разу не было: страх і боязь за сваё жыццё праходзілі, але незнаёмыя мясціны з дзіўнымі галасамі, з дзіўным, не лясным, пахам, таемная будучыня так расхвалявалі, што ад усяго гэтага ўзрушэння заслязіліся вочы і пачалі падаць з іх на зямлю буйныя кроплі…

2

  Ляснік, прыйшоўшы дамоў не вуліцай, а сценкай, праз загадзя адчыненыя жонкай дзверы ўнёс ласяня ў хату, за парогам якой стаяла вялікая печ, дзе шугала полымя і кіпела вада ў гаршках. Тут стаяў зусім незнаёмы для ласяняці дух, якім яшчэ там, у прылеску, пахнуў гэты чалавек.
  Ласяня апусцілі і палажылі ў кут на цвёрдую падлогу, а сам носчык разагнуўся і памахаў, мусіць, здранцвелымі рукамі.
  – Дзе ты яго ўзяў?– спытала невысокая поўненькая гаспадыня. –Такое ж яшчэ малюсенечкае…
  – Падабраў у Кавалёвым бары,– адказаў муж, высокі, плячысты, сярэдніх гадоў мужчына.– Ваўке зад парвалі, а матку, відаць, уходалі. Каб яшчэ з гадзіну якую, то і яму капцы былі б: крывёю сышло…
Трэба спіртам абмыць рану ды падбелам прыкласці. Схадзі ты, Маня, нарві…
  – Божа, ты мой божа!– пабедавала гаспадыня, збіраючыся выходзіць на двор.– Гэтакае маленечкае, колькі яшчэ там пажыло, а ўжо такі боль… Хай яе з такой доляй!.. Хоць дзікі звер, але як шкода…
  Жанчына, накульгваючы, падалася з хаты, а мужчына падышоў да ляжанкі- печы, палэпаў па ёй, намацаў белую анучу, трасянуў яе, што пасыпаўся пыл, пагамтаў у руках, падышоў да вузкай высакаватай шафкі, адцягнуў верхняе шкло і дастаў бутэльку, у якой напалавіну было празрыстай вадкасці. Адкаркаваўшы зубамі бутэльку, ён лінуў з яе на анучку, якая ўвачавідкі памакрэла, што з яе ўпалі долу кроплі, запахлі незнаёмым хмелем– намнога мацнейшым, чым пахне паслядажджовы лісцяны лес.
  Паставіўшы на месца бутэльку, мужчына падышоў да яго, ласяняці, нагнуўся і прыклаў халодную анучку да раны – ад чаго яго сцягно, здаецца, апалілі агнём.
  Яно дзіка замукала, спрабавала ўскочыць, але ляснік паклаў другую дужую руку на спіну і прытрымаў, супакойваючы: «Ну, пацярпі, маё цялятка, папячэ яшчэ троху і сціхне!..» – і вадзіў ды вадзіў, выціраючы, латкаю па ране і вакол яе, раз за разам перакручваючы анучку, хаваючы ў сярэдзіну камячка крывяныя плямы. Выціраў, трымаў спіну і сам ад нечага крывіўся, робячы зусім маленечкія вочкі.
  Ласяня моцна-моцна заплюшчыла вочы і зайшлося ад болю, ад якога закалола ў скроні, думала, што вось то ўжо напраўду наступіў канец. Але пасля – і нават нечакана – боль пачаў паціху слабець, пакідаючы толькі пра сябе напамінак, шчымлівы зуд,– і здалося, што параненая нага, якая торгала, палягчэла, стала лёгкая-лёгкая. Мужчына гладзіў яго па галаве, шыі – і яно сцішылася, ткнулася галавою да цвёрдага долу, стомлена, але з палёгкаю заплюшчыла вочы, адчуваючы, што будзе жыць, што небяспека праходзіць, прападае, а замест яе прыплывае спакой ды суцяшэнне, што стала менш балець, а пасля раптам захацелася есці: сёння маці не паспела яго пакарміць з-за ваўкоў, збегла недзе з поўным вымем,якое цяпер, можа, пырскае на зямлю… Ад успаміну пра цёплае салодкае малако ў ласяняці сабралася ў роце сліна, і тая, якую не паспела пракаўтнуць, пацякла на ніжнюю губу…
  – Ці не естачкі ты хочаш?– лагодна запытаў ляснік.– Зараз знойдзем табе малачка, напоім, каб падужэў,– і адышоўся да белай шафкі.
  Адчыніў дзверцы, узяў з налічкі збанок, трымаючы яго вялізнай рукою за горлачка, пакруціўся, нешта шукаючы, пасля ўзяў міску, наліў у яе малака і паднёс, даў ласяняці. Яно пачула знаёмы малочны пах (хоць ён быў не зусім такі, як у мамы-ласіхі), але адразу ткнулася ў міску ды так няўдала, што свежае, відаць, яшчэ нядаўна надоенае, малако залілося ў ноздры, ад чаго прыйшлося некалькі разоў фыркнуць і апырскаць чалавека ды падлогу.
  – Ды ты не ўмееш яшчэ піць з місы… Ты яшчэ, брат, зусім нягеглы,– усё так жа лагодна сказаў ляснік, устаў і зноў падаўся да шафкі.
  Узяў там бутэльку і, нагінаючы, і льючы на стол, пачаў пераліваць у яе з міскі малако.
  Ласяня, шкадуючы, што так хутка прапаў ласунак, аблізала языком вусны, бараду, адчуўшы, што і гэтае малако смачнае, з радасцю праглынула ўсё, што трапіла ў рот, яшчэ больш распаляючы голад.
  Ляснік хутка вярнуўся, несучы ў руках бутэльку з чырвонаю соскаю, даў яе, халодную, мяккую, і ласяня, скрывіўшыся ад непрыемнага гумовага паху, пацягнула і ад чула, што малако палілося ў рот тонкім струменьчыкам. Ад радасці яно ледзь не захлынулася, памкнулася ўсхапіцца, але яго працяў боль у назе, і прыйшлося аціхнуць, перачакаць, калі стане лягчэй, тады ўжо смактаць далей, выцягваючы шыю і стараючыся не выпусціць слізкай соскі.
  I ўжо смокчучы, яно бачыла, як з другой, адгароджанай, палавіны хаты, адчыніўшы дзверы, зайшло двое заспаных босых дзяцей – худаваты, але высокі хлопчык гадоў сямі і поўненькая, у доўгай белай кашульцы дзяўчынка гадоў пяці. Спачатку, тручы ручкамі вочы, яны з дзівам пазіралі на бацьку і на яго, а пасля ажывіліся, пайшлі сюды хутка-хутка – і ў іх адразу прапаў сон, шырока адплюшчыліся вочы і паадкрываліся роцікі.
  – Гэта другое цялятка?– запытала мякенькім, далікатным голасам дзяўчынка.– Дзе ты яго ўзяў?
Бацька нічога не адказваў, пасміхаўся.
  – Гэта не цялятка,– сказаў хлопчык, пакручваючы на голым вострым плечуку шлейку ад майкі.– Гэта маленькі лось. Так, татусь?
  – Так, дзеці,– сказаў ляснік.– I цяпер ён будзе жыць у нас, пакуль не вылечым яго.
  – Лёсь, лёсь! – прысеўшы ля ласяняці і гладзячы яго маленькаю ручкаю па спіне, гаварыла дзяўчынка, а пасля зайшла з другога боку і пацягнулася да бутэлькі…– Дай я, татусь…– I як той згадзіўся, узяла бутэльку і трымала яе абедзвюма ручкамі.
  Ласяня, з цікавасцю пазіраючы на маленькіх дзяцей, высмактала ўсё малако, нават доўга патрымала пустую соску, ад чаго тая засвістала, а пасля зліплася. Як забралі яе з рота, я но пацмокала языком, адчула, што зусім змарылася, што самі пачалі ліпнуцца вочы.
  …Ноччу – пасля таго як яго рану прыклалі падбелам, зноў напаілі малаком і яно спала – прытрызнілася, што паблізу блукае маці, ціхенька падклікае яго – самотна мычыць.
  Яно прахапілася, прыслухалася – мыканне прапала. Толькі, здаецца, дзьмухнуў, адбіўся ад сцяны вецер. Як яно суцішылася, пачынала засынаць – зноў пачулася жалобнае мыканне.
  Ласяня напялася, абапёрлася на пярэднія калені, каб стаць на заднія ногі, а пасля падняць ужо адну і другую пярэднія, але задняя нага не ўпёрлася, як у лесе аб зямлю, а паехала, зарыпела капытом па падлозе. На нагу аб’ехала з плячэй старая фуфайка, і я но заблыталася ў ёй і ў падасланай, але ўжо збітай набок дзяружцы.
  – Ужо хвост падняло, га? – пачуўшы яго грукат, азваўся гаспадар, які ў майцы і трусах прыйшоў сюды са спальні і ўключыў святло, асляпіўшы зусім ласяня.– Ужо і сіла ест? Га?
  Гэта добра, але каб не нарабіла ты нам бяды, я адгараджу цябе,– і ён, прыпаднімаючы, прывалок перад сабою і паставіў наўскасяк высакаваты столік.– A заўтра, маё даражэнькае, я цябе ў дрывотню затарабаню. Там табе будзе воля…– пастаяў крыху, успёршыся грудзінай на столік, пагладзіў па спіне і, выключыўшы святло, пашлэпаў назад у спальню.

3

  Прайшло некалькі тыдняў.
  Ласяня падрасло, падужала, пачула, што ў яго залячылася рана –спачатку зацягнулася цвёрдаю, тоўстаю, бураю ад крыві нарасцю, а пасля гэтая нарасць пачала сушэць, свярбець і адлушчвацца ды абвісаць.
  У падпаветцы – на ахапку сена – яно спала ноччу, а днём гуляла па двары, пазнаёмілася з усімі яго насельнікамі. Палюбіла шчыра гаспадара, добрага і спагадлівага чалавека, мірна ўжылася з крышку страгаватаю і буркліваю гаспадыняю, падружылася з таварысцкім сабакам, са свавольнікам цялём, амаль равеснікам, з якім гойсала па двары; з катом, з курамі – драбнатой – яму было нецікава, і яно без ніякай злосці, толькі дзеля жарту не адганяла тых, а наўмысна бегала за імі, нясмелымі, пудкімі, бачачы, як яны баязліва ўцякаюць, і гаспадар, заўважыўшы гэта, у першы раз накрычаў, кажучы, што ката чорт не возьме, а вось курэй не трэба гэтак палохаць: яны і пер’е губляюць, і «адбіваюцца», не нясуцца. З вялікай – амаль з ласіху –каровай адразу ж, у першую хвіліну сустрэчы, ніякага сяброўства не выйшла: яно памкнулася да яе, да вымя, пачуўшы пах малака, але тая балюча трэснула задняю нагою, і яно, плачучы ад болю, больш не падышло да яе, як і тая ганарліва не звяртала ніякай увагі.
Найбольш ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі – з хлопчыкам і дзяўчынкаю. Яно не ведала, каго больш з іх любіла. Відаць, абаіх пароўну. З імі яно і дурэла, бегала па двары, брала з іхніх рук смачны хлеб, салодкія цукеркі і пернікі, ад іх яно атрымала смешную, на ват дураслівую мянушку – Губаты.
  Прыдумаў гэта хлопчык. Усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці, такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, а пасля і выдумаў: «Губаты!»
  Падклікалі яго адным з цялём клічам: «Цяля-цяля!» – а мянушку вось далі такую.
  Спачатку называлі так дзеці, а пасля пачалі гэтак падклікаць і сталыя.
  У адзін з апошніх летніх дзён, у яшчэ раннюю, сівую ад туману раніцу, да якой яго рана стала цвёрдай, зарубцавалася, ужо не трэскалася і не балела, толькі крышачку саднела, хоць так і не зарасла шэрсцю, чамусьці зрання прынёс яму вядро з пойлам не босы, яшчэ заспаны хлопчык, а сам гаспадар. Ён быў ужо ў аброшаных кірзавых ботах, старым пінжаку, на плечы якога начаплялася шмат лясной павуціны, і ўвесь ён пахнуў вільготнымі грыбамі.
  Прынёс па паўвядра пойла яму і цяляці, якое сёння чамусьці ўсё яшчэ не выводзілі ў поле і з якім яны дасюль елі з цабэрка свежую траву.
  Хлопчык заўсёды стаўляў перад ім вядро, апускаў у яго руку, і Губаты, ловячы пальцы, хлябтаў смачнае цёплае пойла, а пасля ўжо языком вылізваў наліплае да дна салодкае цеста. Цяпер Губаты тыцнуўся ў вядро, шукаючы мяккіх пальчыкаў, абліў да вачэй морду і, нічога не абмацаўшы, не мог піць, толькі выплёхваў усё долу.
  Ляснік моўчкі пазіраў, але пальцаў сваіх не даваў і за такую марнату не крычаў. Стаяў і курыў зацяжкамі, моршчыўся. Быў ён сёння нейкі задумлівы, надта сур’ёзны.
  Як цяля выпіла і вылізала сваю долю, ласяня абы-як гэтаксама апаражніла вядро, ляснік узяў з плота зматаны ланцуг, адзеў ашыйнік на цялячую шыю, адчыніў брамку і павёў яго з двара. У тыя разы, калі выводзіў цяля на пашу, зачыняў брамку перад самым носам
  Губатага, якому гэтаксама хацелася пайсці разам, не заставацца аднаму, а сёння чамусьці не паспяшаўся гэтага зрабіць, і Губаты –спачатку нясмела, як не верачы, што яму гэта можна, а пасля смялей – памкнуўся следам.
  Яны падаліся па выцэментаванай сцежцы ля хаты; ідучы, Губаты ўбачыў, што ў запацелае ад цяпла акно пазірае гаспадыня, глядзіць самотна і нават, здаецца, нечага плача – выцірае рагом белай хусцінкі вочы.
  За яшчэ адною – лаўчэйшаю намнога – брамкаю амаль адразу пачаўся бела-шэры брук, на якім Губаты ледзь не спатыкнуўся, не могучы ісці па каменнях. За брукам ляжаў неабгароджаны вялізны –ад вуліцы да лесу – выган, амаль увесь ужо выгаралы ад сонца, рыжы, але мясцінамі, у лагчынках, яшчэ зеленаваты. Гаспадар прывёў іх да зелянейшай лапіны, па дарозе вырваўшы з зямлі калок, да якога, відаць, раней прывязвалі цяля.
  Як гаспадар прыпыніўся, нагнуўся, пачаў забіваць каменем у дол сплясканы зверху калок, пятлёю надзеўшы яго на ланцуг, стала і ласяня, здзіўленае такім вялікім прасторам, над якім, здаецца, намнога пабольшала і блакітнае, з лёгкай парнасцю неба.
  – Ну што, Губаты? – кінуўшы вобзем камень, ляснік падняўся, атрэпаў аб штаніны рукі, а пасля пагладзіў яго па спіне.– Стаў ты ўжо дужы, здаровенькі, то ідзі ў свой дом, так сказаць, і жыві, дзе ўсе твае сваяке жывуць…Бо цяперака, покуль ты яшчэ малое, табе добра ў нас, а скора будзе нядобра… Ідзі, покуль дзеці спяць…– сказаў так і падштурхнуў у зад.– Ідзі, звярок мілы, да свайго, а пра нас забудзь…
  Так будзе табе ж лепей…
  Губаты адышоўся, пхнуў мызаю цяля – і яны, як штодня ў двары, і матнулі адсюль. Але хутка цяля, ірвануўшыся, стала: яго, напяўшыся, затрымаў ланцуг. Ляснік, які шлэпаў у ботах за імі, замахаў вялікімі рукамі – і Губаты, зусім не спалохаўшыся, а дурасліва і як дражнячыся, падскочыў, брыкнуў заднімі нагамі і гайцануў далей, імгненна п’янеючы ад вялікай прасторы, бегу, душой адчуваючы, як яму ўсяго гэтага дасюль не хапала.
  За выганам пачаўся адразу малады лес, які знаёма запахнуў зеленню, смалой, расою,– і ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, і ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк і памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але і ахмяліла зусім. Ён прабег яшчэ, тыцнуўся ў высокую траву і нечакана, зморшчыўшыся, спыніўся: гэта былі калючыя ажыны.
  Губаты хутка выблытаўся назад, адчуваючы, як гараць агнём падрапаныя ногі, прайшоў крыху, асцярожна дакрануўся мордай да высакаватага густога ядлоўцавага куста – і зноў хуценька адскочыўся, адчуваючы, што запякла наколатая далікатная мыза. Ап’яненне воляй прайшло, і ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц, адчуў, што і лес сустрэў яго непрыхільна. Падаўся далей паволі, баючыся, каб зноў не наткнуцца на што калючае.
  I тут ён пачуў, што яго жаласна кліча хлопчык: «Губаты, дзе ты, Губаты?» – а гэтаксама тоненька, як камар, плача дзяўчынка: ён зразумеў, што далёка адбегся, пакінуў адных сваіх сяброў. Падумаў так і затрусіў назад.
  Выскачыўшы з лесу, згледзеў, што ляснік трымае на руках і спрабуе несці дамоў дзяўчынку, якая вырываецца і румзае.
  – Губаты, Губаты! – радасна закрычаў хлопчык – босы, у кароткіх трусіках ды майцы,– а пасля хутка-хутка пабег насустрач.
  Убачыўшы гэта, ляснік апусціў на зямлю дзяўчынку ў кароценькай кашульцы, босую, і яна гэтаксама падалася сюды за хлопчыкам, крышку смешна віхляючы крываватымі ножкамі. Бегла і нешта радаснае крычала.
  Яны сутыкнуліся з хлопчыкам і пакаціліся долу (Губаты падаў першы, каб не пакалечыць малога); хлопчык хутка ўсхапіўся, абняў за шыю, прытуліўся, шэпчучы: «Губаты мой! Губаценькі!» Падбегла, гопнулася на яго і дзяўчынка, гэтаксама абхапіла шыю мякенькімі маленькімі ручкамі, а пасля і прытулілася поўненькаю шчочкаю – і Губаты не вытрываў, заплакаў, што ў яго такія верныя, мілыя маленькія сябры…
  – Ты маніў нам…– папракнуў хлопчык бацьку, калі той паволі падышоў сюды.– Губаты не ўцёк сам, а ты яго выпусціў. Як выпусціў бусла, зайчыкаў, дзікіх парасят… Але Губатага мы не адпусцім, ён будзе жыць у нас… Я яго буду карміць…
  – I я буду кальміць…– паўтарыла за ім дзяўчынка, гэтаксама з папрокам пазіраючы на маўклівага, як вінаватага бацьку сваімі вялікімі вачамі, поўнымі слёз.– Ты нядоблі, татусь…
  – Добра вы робіце, дзеці, і нядобра…– зморшчыўся, нарэшце азваўся ён.– Хораша і люба, што гледзіцё так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер і павінен жыць у лесе. Там яго дом… Пасцель, яда, воля… Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаць людзі… Гора бывае, бяда… Я ж ведаю…
  Губаты, нічога не баючыся, падхапіўся, гарцануў і пабег да яшчэ аднаго сябрука – да цяляці. За ім, не слухаючы, а можа, зусім не разумеючы сталых, сур’ёзных бацькавых слоў, памчаліся і шчаслівыя дзеці.

4

  Губаты – так ужо выйшла – застаўся ў лесніковай гаспадарцы.
  Летам і ранняй восенню ненавязаны пасвіўся з цялём на выгане, бегаў у лес паласавацца лісцем і ка рою, прывык да вёскі, да машын, людзей, аббегаў усе ваколіцы, і да яго прывыклі, надта дзеці. Начаваў у падпаветцы.
  На зіму яго паставілі ў невялікую загарадку ў хляве, да якога ён доўга не мог прывыкнуць: неяк муляла суседства з каровай і свіннямі.
  Тыя не хацелі падружыцца з ім – надта ж палахліва свінні рохкалі і пудзіліся яго,– цяжка было пераносіць пах гною і цеснату ў маленькай загарадцы, усё ж у душы яму хацелася волі, прастору, бегатні, чаго яму даводзілася мець вельмі рэдка і не памногу, толькі тады, калі выганялі паіць яго з каровай і цялём да абмёрзлай лёдам студні.
  За зіму ён зусім змяніўся – выцягнуўся, пастрайнеў і памацнеў у нагах, ударам капытоў мог ужо адбіваць жэрдкі, падаўжэў у спіне ды пацяжэў, аброс густой, доўгай, амаль чорнай поўсцю, адчуў неспакойны сверб у галаве вышэй ілба – там, няйначай, раслі, касцянелі рогі.
  Вясною,калі спала талая вада, патужэла вільготная халодная зямля і пачала ядрана пахнуць яшчэ нябачная маладая лістота, Губаты засумаваў, не мог больш стаяць у паменшанай ад гною загарадцы, многа есці, спаць ці паціху хадзіць па двары, як хадзілі цяжкая, сытая, палінялая карова і падрослы, пазласнелы і не такі ўжо сябрук бычок-выхваляка, а яго зноў, але мацней, як восенню, завабілі воля, прастор, лес і яшчэ нейкія незразумелыя жаданні, завабілі больш, калі адчуў, што і ён, падрослы, не так ужо цягнуўся дурэць з дзецьмі і тыя за зіму неяк да яго пахаладнелі, пачалі баяцца яго штуршкоў, ад якіх яны адляталі, як снапы.
  I ён, калі апынаўся на двары, нервова хадзіў на ім, цёрся ля высокага плота, пакідаючы на стрэмках пабурэлую ўжо поўсць, а аднойчы пад’юшчыла гэтая самота, жаданне волі – і ён разагнаўся, стукнуўшыся галёнкай, перагойснуў загарод і радасна пабег па знаёмым выгане ў лес.
  …Ляснік, як сонца паднялося над хатай, разліло маладое цяпло на сінім небе, уехаў у двор з калясьмі, увайшоў сюды, у хлеў, пагладзіў Губатага, якому надакучыла стаяць аднаму ў загарадцы, па шыі, а пасля амаль нячутна завязаў на яе пастронак і за яго, адчыніўшы перакошаныя варотцы, вывеў з пустога хлява на двор, прывязаў да калёс. Ён тыцнуўся да воза, панюхаў сена, галінкі з альховым і лазовым лісцем, шчыпнуў, але з неспакоем адчуў, што гаспадар сёння задумаў зрабіць з ім нешта дасюль яшчэ не вядомае.
  Да воза падышлі гаспадыня, дзеці, моўчкі пазіралі на іх .
  Гаспадар гэтаксама моўчкі сеў на воз, пацягнуў за лейцы – і маленькі рудаваты конік з белаватымі нагамі крануўся. Пастронак нацягнуўся – і павалок за сабою. Губаты, непакоячыся, але не адчуваючы яшчэ ніякага страху, нехаця падаўся, здзіўляючыся, куды яго вядуць: спяшаўся за возам і не мог азірнуцца, убачыць, што гаспадыня з дзецьмі выйшлі на вуліцу і развітальна махаюць рукамі…
  У лесе ляснік прыпыніўся, неяк крадучыся, падышоў, прылашчыў, даючы ўзяты з кішэні выкачаны ў махорку акраец хлеба, і нечакана накінуў яму на галаву мех. Ён спачатку спалохаўся неспадзяванай цемнаты, чакаючы раптоўнага ўдару па галаве, затрапятаўся, ірвануўся, але пастронак пераціснуў горла, і ён ледзь не задыхнуўся.
  – Не бойся, Губаты,– заспакоіў яго ляснік.– Ніц благога я табе не зраблю…– зноў паехаў, прымусіўшы яго бегчы ўслед.
  Ехалі яны так доўга. I па мяккай, і па тупкай, з карэннямі дарозе, у адным месцы перамінулі мост – Губаты там вельмі насцярожыўся, ішоў баязліва – пасля яшчэ многа, можа, гадзіны са тры, падаваліся то ўлева, то ўправа, затым паехалі лесам, па сухім імху і верасе, што Губаты некалькі разоў спатыкаўся аб пні і ў вырытых, мусіць, дзікамі ямінках.
  Нарэшце ляснік прыпыніўся, падышоў да яго, зняў мех, ад якога ўвапрэлі галава і карак, адвязаў пастронак. Губаты паварочаў мызай, зафыркаў і адышоўся. Ляснік у гэты час махнуў вяроўчынай: уцякай, маўляў, вось твой дом, у якім ты цяпер павінен жыць!
  Губаты не спалохаўся гэтага ўзмаху, ведаючы, што гаспадар ніколі яго не біў, але яшчэ далей адышоўся, адчуваючы нядобрую перамену да сябе, стаў і пачаў глядзець, што ж будзе далей, убачыў, што чалавек зноў садзіцца на воз і ад’язджае. Ён памкнуўся следам, не хочучы заставацца тут, у незнаёмым лесе, адзін, але мужчына спыніўся, нагнуўся, падняў тоўстую, з аблезлай карой галіну і запусціў у яго.
  – Пайшоў! – закрычаў ён, а пасля – ужо ціха – сказаў сабе: –
  Пайшоў, родны… Цяпер не прападзеш. Гэта летась, як быў малы і я шкадаваў разам з дзецьмі, баяўся, што не ўцалееш… Каб ты не прыбег, я наўмысля выпусціў не за нашымі Янковічамі, а прывёз сюды, у Налібацкую пушчу… Жыві тут сабе на здароўе…У нас табе не жыць… I нам клапатэ з табою…
Губаты, пакрыўдзіўшыся, больш не памкнуўся наўздагон, адстаў, адвярнуўся і паціху пакрочыў па чужым, ціхім, зусім далёкім ад вёсак лесе, чуючы, як аддаляецца ляскат колаў. Але ён наўмысна, не ўслухоўваючыся,ішоў, куды вялі ногі.
  …Ужо к вечару ён, не раз пад’еўшы і напіўшыся ў невялікай лужынцы зеленаватай нясмачнай вады, спалохаўшы зайца, сямейку цецерукоў, набіўся на лася.
  Той, высокі, буры, рагаты, стаяў уперадзе і, падняўшы галаву, чакаў яго, а пасля злосна зафыркаў, грабянуў стройнаю дужаю нагою зямлю. Губаты і спалохаўся, і радасна памкнуўся да свайго ляснога аднакрэвіча, але той, моцна раздзімаючы ноздры, грозна насупіўся, апусціў рагатую галаву, а пасля, бачачы, што аднаго яго пагрознага выгляду мала, подбегам падаўся насустрач. Губаты ледзь паспеў адскочыцца, ухіліцца ад вострых цвёрдых рогаў, зразумеўшы, што ён тут чужы, лішні, замінае, бо – хоць у лесе ўсяго шмат і ўсім любога хопіць – гэтаксама хоча мець тут нязводны харч, быць гаспадаром удалай мясціны… Таму вось так не хочуць, каб яшчэ быў і ён, ці, можа, і не супраць, каб быў, але каб блукаў недзе падалёку, у горшых мясцінах…
  Губаты мусіў уцячы з багатага на лісце і траву глухога кутка, вярнуцца ў стары, а ля яго і малады сасновы лес, куды яго прывёў ляснік, думаючы, што трэба ўсё яшчэ шукаць і сабе лепшага прытулку. Нервова патаптаўся, здзіўляючыся і абураючыся, што яго тут так непрыхільна сустрэлі, а пасля зашыўся ў густую папараць і лёг, спрабуючы заснуць. Але не мог. Спачатку здавалася, што вельмі мулка ляжаць, ён шмат круціўся, поўзаў, выбіраючы мякчэйшае месца, пасля стала холадна, стыла ад зямлі, што ў яго збеглася, пакрылася буйнымі зярняткамі скура. А з густою, як ад накрытага на лес вялізнага гаршка, цемнатою прыйшоў страх – сполах ад адзіноты, ад савінага прарэзлівага крыку,– і ён засумаваў па цёплым хляве, па маленькай загарадцы, якіх яшчэ ўчора патаемна недалюбліваў, а цяпер так помніў, шкадаваў, хацеў зноў трапіць туды.
  Яму не цярпелася ўскочыць і пабегчы туды, да людзей, і калі гэтая думка, ад якой аж зашумела ў галаве і нечым гарачым аблілося сэрца, ледзь не падняла на ногі, нечакана прыйшла другая, цвярозая, халодная, ад якой адліла кроў ад галавы і сэрца: падумалася, што можна не знайсці туды дарогі і – самае важнае – там ён зусім непатрэбны…

5

  Прывыкаючы да лесу, кожнага мігу шукаючы ў ім са бе сябра, але ўсё яшчэ пастаянна ратуючыся бегам ад таго бурага і другіх вялікіх аднакрэвічаў, толькі маладой смеласцю ўрываючы ў іхніх кутках крыху лісця і травы, Губаты пачаў жыць у пушчы.
  Ён пачаў пакрысе дзічэць. Можа, і зусім здзічэў бы, вырас у дужага вялікага лася, заваяваў бы пакрысе сабе добрае для харчу, сну, гулянак, сям’і месца, меў бы сярод ласёў славу, калі б не людзі.
Губаты не мог яшчэ зусім ад іх адвыкнуць. Аднойчы, як пачуў неспадзявана далёкія людскія галасы, ён, усхваляваны, радасны, нават адурнелы ад шчасця, пабег да іх на злом галавы праз стары лес.
Знайшоў, убачыўшы некалькі жанчын у гумовых ботах, з клункамі і граблямі. Чакаючы смачнага хлеба і аж пускаючы слінкі, кінуўся да іх , падбрыкваючы ад радасці нагамі, але яны, пачуўшы яго тупат, азірнуліся, нарабілі дзікага піску і сыпанулі хто куды. I як ён ні стараўся дагнаць якую кабету, прылашчыцца, усе ад яго ўцякалі, нема крычалі, азіраючыся (твары іх аж пасінелі ад страху), а пасля, асмеліўшыся, сабраліся разам, схаваліся за тоўстую хвою, злосна махалі на яго граблямі, кідалі галлё, зямлю…
  …Гэтых двух маладжавых мужчын – высокага, чарнявага, гарбаносага на шырокім загарэлым твары і маларослага, рыжаватага, дробненькага па твары, у гумовых высокіх ботах і фуфайках,– якія ішлі не па блізкай, тупкай пасля дажджу дарозе, а ціха, зладзеявата азіраючыся, падаліся лесам, Губаты ўбачыў першы.
  Ён стаяў у яшчэ макраватым, парным алешніку і скуб лісце. Як лавіў ротам галінку і цягнуў да сябе, заплюшчваўся: дрэва траслося і абкідвала густымі кроплямі, ад якіх у яго была ўжо вільготная спіна.
Убачыўшы мужчын, якія неслі ў апушчаных руках стрэльбы, паскі ад якіх амаль цягнуліся па зямлі, чапляліся за кусцікі, ён ужо не думаў выбягаць насустрач, але і не збіраўся ўцякаць. Паразважаў: няхай ідуць сабе на здароўе, куды ім трэба.
  – Гавораць, што недзе во тут, у гэтым алехавым гайку, ходзіць той падлетак, ідзе да людзей…
  – Страшнавата неяк, халера…– дрыготкім голасам прамовіў маларослы.– Закон жа ест строгі!..
  – Бо ідзеш так у першы раз…– хіхікнуў высокі, змахваючы вольнаю рукою з твару мокрае павуцінне і паднімаючы вышэй стрэльбу.–
  Але паўплятаеш на поўную губу раз-другі дармавога смачнага мяса –і варанага, і паранага, і катлетак, і шметак,– то асмелішся, яшчэ панясешся ў лес… Стой! – Ён раптам стаў, як укамянеў, схапіў за плячо спадарожніка.– Дальбуг, вунь ён стаіць…
  – Дзе? – пытаўся той, плюшчыў маленькія вочкі.
  – Па кубельцу, брат, будзя…– прашаптаў высокі, ціха здымаючы з плечука сумку і апускаючы яе долу, падымаючы стрэльбу.–Так што не лгалі людзі, бачылі-такі…
  Губаты ўсё стаяў і пазіраў, здзіўляючыся, што самі нарэшце ідуць да яго людзі, углядаюцца; ён пачуў пагрозлівы порахавы пах са ствалоў, але не збаяўся, помніў, што яшчэ чуйней пахла і леснікова стрэльба, якая ніколі не зрабіла яму нічога благога.
  – Э-э, стралок!– грэбліва прашаптаў высокі мужчына меншаму.
  – Ды ў цябе рукі калоцяцца і губы дрыжаць, як у зайца… То я пальну… Калі не ўкладу, то ты тады бі…– і паволі, стараючыся не шумець, не рабіць лішніх рухаў, сціснуў поўныя вусны, што яны пасінелі, прыціснуў прыклад да плечука, прыплюшчыў левае вока, паварочваючыся сам і ведучы ў яго бок ствалом.
  Губаты дажаваў лісце, губляючы долу зялёную сліну, хацеў падацца адгэтуль і толькі сабраўся адводзіць галаву, як на міг пачуў, што нешта моцна ляснула, а пасля асляпіла, зваліла з ног, і больш ужо ён нічога не мог уцяміць: яго ахутала глухая цемната…

 

Адказы на пытанні:

 2. Назвы частак апавядання:
1 частка – Параненае ласяня. (Маленькае ласяня адбілася ад маці і яго ўгрыз воўк. Ласяня сцякала крывёю, лежачы пад кустом, тут яго знайшоў ляснік і аднёс дадому.)
2 частка – Смачнае малако. (Ляснік выратоўвае ласяня, прыпыняе кроў, накладвае павязку, корміць параненага. Ласяня знаёміцца з дзецьмі лесніка: маленькім хлопчыкам і дзяўчынкай, які дапамагаюць бацьку выхадзіць цялятка).
3 частка – Губаты – лепшы сябар. (Ласяня выздаравела і вельмі пасябравала з дзецьмі лесніка. Аднак той імкнуўся адпусціць яго ў лес. Напачатку Губаты адчуў кліч знаёмай прасторы, але пасля халоднай і калючай сустрэчы незнаёмай прыроды, ён памкнуўся вярнуцца. Дзеці бегалі і клікалі яго, насуперак бацькавым словам, яны не хацелі з ім развітвацца.)
4 частка – Смерць Губатага. (Ласяня ператварылася ў моцнага маладога лася, якому не ставала волі. У рэшце ляснік вырашыў адвесці яго ў лес, падалей ад дому. Надзеў ласю мех на галаву, прывёў яго ў Налібоцкую пушчу. Так Губаты стаў прывыкаць да дзікай прыроды. Аднак тое, што ён не баяўся людзей каштавала яму жыцця. Аднойчы яго напаткалі браканьеры і застрэлілі).

 3. Ляснік паўстае ў апавяданні, як чулы, уважлівы чалавек, які любіць прыроду і ўсё жывое. Убачыўшы параненае ласяня ён гаворыць яму:

 "– Ну, што з табою, маё цялятка? Ножку зламала, гойсаючы, ці матка цябе кінула?.. – і яшчэ рукою палэпаў яго па спіне, ад чаго яно зноў заплюшчыла вочы, задрыжала, сціснулася.
 Той раптам, як толькі даткнуўся да раны, адхапіў – як ад агню – руку, што стала чамусьці чырвона-яркай, абцёр яе аб зямлю.
 – Ды вось яно што!.. – усклікнуў. – Ваўке цябе парвалі… Беднае ты маё, бязвіннае…
 I ён хуценька ўстаў, нарваў паблізу травы і ёю, прыціскаючы, выцер ніжэй раны, кінуў убок, зноў вырваў і працягнуў жмут да калена – услед за яго рухам нага запякла, зайшлася ад болю. Адляцелі і зазвінелі мухі.
 – Трэба ратаваць цябе, цяля маё, – сказаў ляснік".

 Ляснік – добры, міласэрны, ён выратоўвае ласяня, спачувае яму, шкадуе, як асабістага дзіцёнка. У гэтага чалавека – залатое сэрца і добры характар.

 4. Губаты хутка прывык да свайго новага жыцця, ён палюбіў дзяцей, гуляў з імі, але адначасова адчуваў і цягу на волю. Яго кармілі, песцілі, толькі хатняя жывёла, чуючы ў ім ляснога звера баялася і цуралася яго. Усё гэта мы бачым вачыма Губатага, ён быццам чалавек, які дае характарыстыкі людзям. Жонка лесніка бачыцца яму невялікай і поўненькай жанчынай, добрай і спагадлівай:

 "– Божа, ты мой божа! – пабедавала гаспадыня, збіраючыся выходзіць на двор. – Гэтакае маленечкае, колькі яшчэ там пажыло, а ўжо такі боль… Хай яе з такой доляй!.. Хоць дзікі звер, але як шксда…
 Жанчына, накульгваючы, падалася з хаты".

 Вельмі палюбіліся Губатаму дзеці:

 "Найбольш ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі – з хлопчыкам і дзяўчынкаю. Яно не ведала, каго больш з іх любіла. Відаць, абаіх пароўну. З імі яно і дурэла, бегала па двары, брала з іхніх рук смачны хлеб, салодкія цукеркі і пернікі, ад іх яно атрымала смешную, нават дураслівую мянушку – Губаты.
 Прыдумаў гэта хлопчык. Усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці, такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, а пасля і выдумаў: "Губаты!" Падклікалі яго адным з цялём клічам: "Цяля-цяля!" – а мянушку вось далі такую."

 Паважаў лесніка:

 "Палюбіла шчыра гаспадара, добрага і спагадлівага чалавека".

 Аповед гісторыі ад імя ласяняці, аўтарам абраны не выпадкова. Гэтым сцвярджаецца, што кожная жывая істота мае душу, свой унутраны свет, адчувае і боль, і радасць, плача ад адчаю, сумуе без сяброў. Гэтым аўтар таксама перадае эмацыянальна-псіхалагічны стан людзей праз іх учынкі і паводзіны, як бы ўкладвае гэтыя чалавечыя адчуванні ў свядомасць маленькага ласяняці, выкарыстоўваючы прыём адухаўлення.

 5. З словамі лесніка можна пагадзіцца: ласяня павінна жыць на волі, як дзікі звер, нельга яго трымаць у хатняй гаспадарцы, аднак дзеці вельмі палюбілі ласяня, перажывалі за яго і не змаглі зразумець словы бацькі. На нашу думку, лесніку, вопытнаму чалавеку, патрэбна было ўсё ж пакінуць Губатага на волі, магчыма гэта захавала б яму жыццё. Губаты адразу адчуў, што тыя людзі, якія ішлі "ціха, зладзеявата азіраючыся", мелі нейкі нядобры намер. Але ён, прывыклы да таго, што людзі не рабілі яму нічога дрэннага, нават не зварухнуўся з месца. Людзі не былі для яго ворагамі, ён іх не баяўся.

 6. Першыя ўражанні Губатага ад жыцця на волі:

 "За выганам пачаўся малады лес, які знаёма запахнуў зеленню, смалой, расою, – і ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, і ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк і памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але і ахмяліла зусім. Ён прабег яшчэ, тыцнуўся ў высокую траву і нечакана, зморшчыўшыся, спыніўся: гэта былі калючыя ажыны.
 Губаты хутка выблытаўся назад, адчуваючы, як гараць агнём падрапаныя ногі, прайшоў крыху, асцярожна дакрануўся мордай да высакаватага густога ядлоўцавага куста – і зноў хуценька адскочыў, адчуваючы, што запякла наколатая далікатная мыза. Ап’яненне воляй прайшло, і ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц, адчуў, што і лес сустрэў яго непрыхільна."

 Гэта сведчыць аб тым, што адарванае ад лесу ласяня, якое жыло ў спрыяльных умовах і не ведала, як здабываць сабе ежу і выжываць, не было падрыхтавана да выхаду ў свет. Усяму гэтаму не мог навучыць яго ляснік, а маці ў ласяняці ўжо не было. У маленькага было мала шанцаў выжыць без ведання своеасаблівых лясных законаў.

 7. Губаты – маленькая ласяня, якое было паранена ў лесе ваўком і сцякала крывёй. Тут яго знайшоў ляснік, які, каб выратаваць яго ад смерці, забраў малое цяля да сябе. "– Трэба ратаваць цябе, цяля маё, – сказаў ляснік, падсунуў пад жывот ласяняці спачатку адну, а пасля і другую руку, падцягнуў, выносячы з-пад куста, пасля падкінуў, высока падняў, што ў ласяняці не толькі абвіслі доўгія белаватыя ногі і не маглі дастаць зямлі, але і закружылася ад непрывычкі галава, і панёс, блытаючыся ў роснай папараці, што па грудзі рабіла вільготнай яго вопратку."
 У гэты момант ласяня бачыць краявіды і ўзгадвае сваю матулю, якая вадзіла яго сюды і "… яны з маці часта стаялі тут, на беразе, і з вялікай цікавасцю глядзелі туды, гадаючы, што там за жыццё…"
 Прынёсшы звера ў хату, ляснік прыпыніў кроў, апрацаваў рану ласяня. Напачатку, яно думала, што зараз памрэ ад болю, аднак праз некаторы час яму стала лягчэй і яно адчула голад: "і нават нечакана – боль пачаў паціху слабець, пакідаючы толькі пра сябе напамінак, шчымлівы зуд, і здалося, што параненая нага, якая торгала, палягчэла, стала лёгкая-лёгкая. Мужчына гладзіў яго па галаве, шыі, і яно сцішылася, ткнулася галавою да цвёрдага долу, стомлена, але з палёгкаю заплюшчыла вочы, адчуваючы, што будзе жыць, што небяспека праходзіць, прападае, а замест яе прыплывае спакой ды суцяшэнне, што стала менш балець, а пасля раптам захацелася есці"
 Карміць ласяня памаглі лесніку яго дзеці – хлопчык і дзяўчынка, якія моцна палюбілі і пасябравалі з ім. Ласяня таксама палюбіла дзяцей, яны дурэлі разам, хлопчык прыносіў яму ежу штодня і розныя прысмакі.
 У адзін з дзён леснік вырашыў адпусціць ласяня на волю, калі яно акрыяла. У гэтым эпізодзе малюнкі прыроды дапамагаюць нам зразумець жаданне Губатага вярнуцца да людзей:
 "За выганам пачаўся малады лес, які знаёма запахнуў зеленню, смалой, расою, – і ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, і ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк і памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але і ахмяліла зусім. Ён прабег яшчэ, тыцнуўся ў высокую траву і нечакана, зморшчыўшыся, спыніўся: гэта былі калючыя ажыны.
 Губаты хутка выблытаўся назад, адчуваючы, як гараць агнём падрапаныя ногі, прайшоў крыху, асцярожна дакрануўся мордай да высакаватага густога ядлоўцавага куста – і зноў хуценька адскочыў, адчуваючы, што запякла наколатая далікатная мыза. Ап’яненне воляй прайшло, і ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц, адчуў, што і лес сустрэў яго непрыхільна."
 Дзеці знайшлі яго і бацька не здолеў ім адмовіць. Ён застаўся ў гаспадарцы, аднак хутка падрос і стаў моцным маладым ласём, якога клікала воля. Ляснік адвёз яго у Налібоцкую пушчу і пакінуў там.
 Тут малюнкі прыроды дапамагаюць нам убачыць як непрыязна сустрэў лес і звяры новага суседа, як цяжка было Губатаму прызвычаіцца да здаецца, сваёй стыхіі.
 У апошнім эпізодзе лася забіваюць браканьеры. Гэта здараецца таму, што Губаты прывык давяраць людзям і ён не пабег, убачыўшы іх.

 8. Сваім апавяданнем Генрых Далідовіч хоча нас папярэдзіць аб небяспецы: чалавек становіцца падобным на драпежную жывёлу. Паўнацэннае жыццё ў будучыні залежыць ад добрай волі і розуму чалавека, які не павінен быць забойцам. Трэба жыць у згодзе з прыродай, вучыцца ў яе гармоніі і красе, бо прырода – наш дом. Мы і прырода – непадзельнае цэлае. Чалавек не мае права быць жорсткім, заставацца абыякавым да прыроды. Гуманныя адносіны да ўсяго жывога ўзбагачаюць асобу чалавека, абуджаюць найлепшыя чалавечыя якасці

 9. План апавядання Генрыха Далідовіча «Губаты»

1. Знаходка лесніка.
2. Выратаванае ласяняці.
3. Сяброўства Губатага з дзецьмі.
4. Развітанне з лесніком.
4. Жыццё ў Налібоцкай пушчы.
5. Сустрэча з браканьерамі.
6. Расплата жыццём.

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 3.67 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений