Данута Бічэль-Загнетава — Кросны

Данута Бічэль-Загнетава

У раніцы, у леце, у прыродзе
сядзела на бярозавай калодзе.
Вакол ад кветак, ад росаў бела.
Шчэ толькі сэрца істоту грэла.

Не варушыліся, драмалі цені
і людзі дасыпалі. Толькі пеўні
выводзілі свае чатыры ноты.
Нічога не азмрочвала пагоды
маёй натуры… Праўда, нейкі птах
гартанна прадвяшчаў абстрактны страх.
Прарэзаў неба, растварыўся ў соснах.
Снавала промні па тумановых кроснах
спрадвечная зямная ткалля –
сонца,
матаючы вясёлкавы сувой
на круглы шар зямны, як на навой,
маўкліва, засяроджана, бясконца.

Разгладжваю сівы сувой далонькай:
не скамячыць бы ў вечнасці далёкай,
каб ён нашчадкам не быў каляны.
Пакуль у вочы сонцу можна глянуць –
накласці на аснову свой уток –
сцяжыну палявую, слоў віток…

Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. Даўняе сонца: Лірыка. – Мн: Маст.  літ., 1987. – 398 с.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений