Данута Бічэль-Загнетава — Любы мой!

Данута Бічэль-Загнетава

Любы мой!
Сцяжынаю зямною
ходзіш —пругкі,
малады і ўпарты.
Будзь адкрытым,
праведным са мною,
з іншымі —
любові нашай вартым.

Мне, як шчырай кнігаўцы на лузе,
без расінкі прагнуць і марнець.
Што ні ўчыніш на жыццёвым крузе,
кожны чын твой дойдзе да мяне.

Вуснамі,
алоўкам,
чуткі стрэлам.
Сэрца
вымерае
меркай часу.
Дазваляю быць са мной нясмелым,
а з Радзімай смелым да адчаю.

Можаш свята нашае не ўспомніць,
не прынесці ружаў ці вяргінь.
Толькі не праспі ты
ноч-апоўнач
крокі ворагаў і варагінь.

За ракой, за борам, за гарою
пагасціць запросіць край суседскі, —
будзь заўжды маёй душы героем,
будзь сапраўдным,
як Максім Гарэцкі.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений