У Жупранах звоняць званы.
Ашмянкі плынь халадзее.
На чатырох вараных
вязуць Бурачка Мацея.
Якая высокая сіла
асвечвае сумны абрад –
сармацкі звычай ці сімвал?
Мужыцкі быў адвакат!
Ад Кушлян да Жупран
ціхія гоні ў скрусе.
З адкрытых сялянскіх paн
капае боль Беларусі.
На чатырох вараных
з чорнага шляху не збочыць.
А паабапал труны
гора аж слепіць вочы.
Колькі рабіў ён спробы
гора ўкінуць у лёх.
Чорнай хусцінкай жалобы
цень на пагоркі лёг.
Слёзы над вейкамі шорсткімі
у дзецюкоў, бы ў дзяцей.
Стаў перад суддзямі жорсткімі
павераным люду Мацей.
Скруціў ён сумную дудку,
балесна зайграў дудар
новаму веку пабудку
ад скляпенплў да хмар.
Сумленнем не пакрывіў.
У клетцы грудзей зацеснай
сэрцу не стала крыві –
яно захлынулася песняй.
Рванулася на прастор
шукаць новай праўды-спакусы.
Мацей Бурачок не памёр,
бо выжылі беларусы.
У душах сыноў, дачок,
ад веку памаладзелы,
едзе Мацей Бурачок
на конях памяці –
белых.
Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. Даўняе сонца: Лірыка. – Мн: Маст. літ., 1987. – 398 с.