П. У. Броўку
Мая радзіма –
Жытні колас,
Сінь мурагу, язміну цвет.
Яна –
Пілы гарачай голас,
Калёс цяжкіх глыбокі след…
Мая радзіма –
Дзе з-за бору
Ўзыходзіць месяц уначы,
Дзе ў братнім ладзе, ў дружным зборы
Жылі калісьці крывічы…
Валілі лес, аралі ляды,
Сушылі гуртам нераты
I да туманных даляглядаў
Ганялі спраўныя плыты.
Дзяцей бацькі вучылі строга
Любіць саху, пчалу, зямлю
I аднаму маліцца богу –
Нялёгкай працы мазалю.
Таму і праўнуку, і ўнуку
Было няміла нішчыць, біць;
Ён вывучаў адну навуку,
Адно евангелле: рабіць…
Рабіў ён зрубы залатыя,
Нарогі, гонкія чаўны
I сцены белыя Сафіі
Над плынню быстраю Дзвіны.
Умеў мой продак човен ладзіць,
Паліць ікластыя карчы,
Таму, хто ў роспачы, –
дарадзіць,
Таму, хто ў горы, –
памагчы…
Адказы на пытанні:
1. Вобразы, з якімі звязана ўяўленне паэтэсы пра радзіму, – гэта "жытні колас", "сінь мурагу", "язміну цвет", "пілы гарачай голас". Паэтэса ўяўляе вобразы плямён крывічаў, якія жылі раней на тэрыторыі краіны, узгадвае Сафійскі сабор ля Дзвіны. Усё тое, што сімвалізуе гісторыю нашай краіны.
2. Жыццё нашых далёкіх продкаў аўтару бачыцца зладжаным, моцным, братэрскім, сяброўскім, працавітым:
"Дзе ў братнім ладзе, у дружным зборы
Жылі калісьці крывічы.."
"Валілі лес, аралі ляды,
Сушылі гуртам нераты"
3. Крывічы перадавалі сваім нашчадкам навуку жыцця, міру і плённай працы:
Дзяцей бацькі вучылі строга
Любіць саху, пчалу, зямлю
I аднаму маліцца богу –
Нялёгкай працы мазалю.
4. Продкі-крывічы былі працавітым, міралюбівым. Для іх несупынная праца была спосабам жыцця, выжывання. Яны не нападалі, не ваявалі, не рабавалі, яны жылі сваёй працай, расцілі дзяцей у згодзе, цанілі спакой і мір на сваёй зямлі.
5. Вытокі моцы і трываласці чалавека ў яго выхаванні і яго каранях на генетычным узроўні. Калі перад вачамі быў вопыт такога жыцця, дзеці таксама, як і бацькі займаліся стваральнай працай, раслі моцнымі і трывалымі, бо кіраваліся законамі продкаў.
6. Аўтар стварае паэтычны вобраз Радзімы пры дапамозе наступных вобразна-выяўленчых сродкаў:
— эпітэтаў
"сінь мурагу", "туманныя далягляды", "спраўныя плыты", "нялёгкай працы мазалю", "зрубы залатыя", "гонкія чаўны", "плынь быстрая Дзвіны", "ікластыя карчы"
— метафар
"пілы гарачай голас"
— метафарычнага параўнання
Мая Радзіма – Жытні колас.