Абуджаюцца зямныя сокі,
Бродзяць хмелем п’яным, маладым.
На палях з праталін чарнавокіх
Ўецца туманоў бялявы дым.
Набіраюць сілу-моц рачулкі,
Каб пабегчы хутка як адна.
На палеткі, бальшакі, ў завулкі
Маладая сочыцца вясна…
Забывае дома рукавіцы
Муляр, на будоўлю ідучы…
Хутка загарацца бліскавіцы
I дажджы зашэпчуць уначы.
Хутка над зялёнаю прысадай
Прагучыць зязюльчына «ку-ку!».
Абудзіўся свет.
Я вельмі рада,
Што радзілася ў сакавіку!
1957