Над сажалкай сіняй зара начавала,
Было там і зорак нямала.
У сажалку зоркі праменні кідалі,
Свяціліся блізі і далі.
I грала зара сваім крыллем агнёвым,
Адсвеццем на лісцях дубовых.
– Няма нада мною, – сказала зарніца, –
Святлейшай на свеце сястрыцы.
– Няма тут над намі, – сказалі і зоркі, –
Ярчэйшай палянкі, узгорка.
Спяваў у арэшніку шэры салоўка,
Хваліў іх і спрытна і лоўка.
Тут ветрык прачнуўся на яснае ранне,
Пачаў між лістоў сваё гранне.
I сонца з-за гаю зірнула харобра:
– Дзень добры! дзень добры! дзень добры!
I зоркі патухлі, патухла зарніца,
I змоўк салавей на галінцы.