Мой скарб мацней жыцця і смерці,
Бяссмертны ён у смертным сэрцы.
Мой скарб блішчыць – мой скарб багаты,
Даступны ўсім – ён не закляты.
Мой скарб – ад зор, мой скарб – ад неба,
Мой скарб – ад гор, мой скарб – ад глебы.
У глыбі вод, у шэптах бору,
У шоўку траў, у птушках хоры.
У серабры вільготных росаў,
У харастве дзявочых косаў,
У марах-снах, у тайных муках,
У гусляроў на струнных гуках.