Змітрок Бядуля — Тулягі

Змітрок Бядуля

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  – Бадай цябе трасца, бадай цябе! – буркнуў Арцём і паставіў апарожненую ўжо пляшку ад гарэлкі на стол.
  – Ё-о-о чаго з’есці? – вышэй крыкнуў ён п’яным голасам, адвярнуўшыся да згорбленай, забітай горам жонкі, каторая капалася каля прыпечку.
  – Эй, ліха, кратайся, – бо калі трэсну! – і яго кулак ужо засвістаў у яе над вухам, як ластаўка над сваім гняздом.
  Арцёміха здаўна ўжо прывыкла да яго лупцоўкі, дык і не старалася б нават выкруціцца, але ў гэты самы момант з шырокага ложка пачуўся слабы, тоненькі галасок:
  «Піць, мамачка, піць!..»
  Арцёміха падбегла да ложка, а тым часам Арцём бразнуў дзвярамі і выйшаў.
  – Даю, Ганулька, даю! – Арцёміха шмыг у сенцы з конаўкай па ваду.
  Гануля была дзяўчынка гадоў трынаццаці, стройненькая, пекненькая і ўжо каторы год служыла ў аднаго багатага гаспадара, бо бацькі яе чуць самі, дзед з бабай, кутам прахаваліся, – і то яна ім кожны год на каляды грошы аддавала. Цешыліся яны сваёй дачкой, але прылучылася няшчасце. Восенню пры малацьбе Ганулька прастудзілася і захварэла. Адвязлі яе дамоў да бацькоў. Прывялі старога знахара; даў ён ёй нейкія галачкі з хлеба, зелле; купілі ліманаду і пірага ў Соркі, – але нічога не памагала. Кажа яна, што ўнутры нешта паліць і ўсё піць хочацца. Уся яна высахла, як лучына, а вочы, быццам вугалі, гараць. Бывае часам, што з гарачкі яна выкідвае ўсялякія штукі і непрытомна гаворыць.
  Сягоння яна толькі цяжка стогне, лежачы на сенніку… А праз брудны кавалак шыбіны, перакрыжаванай лучынкамі, прасвечваюцца праменні сонейка, і мнагаколерны пыл тоўстым слупам даходзіць аж да бледнага твару Ганулькі… Пазірае яна на залатыя праменні, і слёзы коцяцца з вачэй… Вось пачала абамлеўшымі ад смагі вуснамі нешта шаптаць ціха, слаба… Маці прыслухаецца, але не можа пачуць нічога.
  Шэпт усё слабей ды слабей… Гэтаксама шэпча і скрыпка, калі музыка адымае ўжо смычок ад струн.
  Змоўкла Ганулька…
  Маці датаркнулася да яе, ажно яна ўжо сцюдзёная, як лёд. Арцёміха не плакала, не галасіла, толькі слаба крыкнула: «ай!» – яна ўжо выплакала за свой век усе свае слёзы.
  Гэта ведаюць старыя могілкі за вёскай. Гэта ведаюць там разнарослыя крыжы і крыжыкі яе дзяцей: Юзя ўтапіўся, Марылю кабыла забіла, Аагатку яна сама прыспала на ложку. Сцёпка так памёр ад нейкага безгалоўя – мала ж ёсць напасцей у няшчасных, бедных вёсках?
  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 
  Як нарыхтаваная машына, Арцёміха цяпер рабіла ўсё без цікавасці, чула, як на хаўтурах бабы цешылі яе, ківаючы галовамі, сморкаючыся ў хусткі ды прыгаварваючы проста з мосту:
  – А ты ж бедная, Арцёміха!
  – А ты ж не вытрымаеш, Арцёміха!
  – А як жа ты будзеш жыць, Арцёміха!
  – А ей-ей, Арцёміха, матачка!
  I шмат нагаварылі гэтакіх слоў, што аж вушы вянулі. Чула Арцёміха, як на хаўтурах шаптункі вялі, што гарэлкі мала, што закусак скупа, што таго-сяго не хапае, але не цікавілася, як бы не пра яе казана…
  Ачнулася яна толькі тады, як вынеслі дамавіну, як засталася адна, бо знядужала сама пайсці…
  Азірнулася…
  I давай сухімі слязамі плакаць і прыгаварваць нараспеў.
  – А я ж цябе насіла пад сэрцам!
  – А я ж цябе гадавала, няньчыла, слёзкі выцірала, карміла, адзявала…
  – Хадзіла на падзённую і аб табе ўсё думала… купляла хустачкі чырвоненькія…
  – Няхай жа бы ты жыла, і я б табе палатна наткала, я ж ужо кросны прыгатавала…
  – А я б сама падставіла плечы, каб бацька мяне біў, а не цябе…
  I, як галубка падстрэленая, білася, кідалася старая Арцёміха.
  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 
  Дзіўнай робіцца душа чалавека ў горы. Чароўным робіцца слова балючага сэрца, даходзіць яно да найвышэйшага хараства і чыстаты, становіцца ўладарным над людзьмі.
  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 
  Плакала старая Арцёміха сухімі слязамі і быццам пяяла:
  – Зямля-зямелька родненькая!
  – А ты ж ужо навекі прыкрыла сцюдзёнымі грудкамі Ганульку маю…
  – А ты яе навекі-навекі схавала ад сонейка!..
  – Ніколі яна ўжо не адчыніць вочкі ясныя – ніколі-ніколі!..
  – Hiколi галасочак яе не зазвініць – ніколі-ніколі!..
  – Хай каршуны кіпцямі рвуць мае грудзі старыя!..
  – Хай сабакі глымзаюць маё сэрца непатрэбнае!..
  Зноў заенчыла «ай» і змоўкла. Увайшоў Арцём і ціха сеў. Галагуцкі певень ускочыў на ложак, дзе ўперад ляжала Ганулька.
  – Кі-ш-ш-ш! Кі-ш-ш-ш! – і не вытрываў…
  – А бадай цябе трасца, бадай цябе! – крыкнуў ён і дзіка азірнуўся на цёмны кут ля печы.
  Крыкнуў ён не на бабу сваю, як заўсёды, але на самога сябе. I то не. Крыкнуў ён на свой страшэнны боль, каторы, як бы кляшчамі, абхапіў яго ўсяго…
  – Бадай цябе трасца, бадай цябе!.. – і паваліўся на мокры гліняны памост і плакаў, як малое дзіцянё…

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений