Адзін з кагорты "нашаніўцаў". Змітрок Бядуля (у сапраўднасці Шмуэл-Нохім (Самуіл Навум) Плаўнік; 1886-1941) выявіў такую асаблівасць нацыянальнага жыцця, як працяглае гістарычнае існаванне поруч двух этнасаў: карэннага, беларускага, і габрэйскага, абмежаванага так званай мяжой аселасці. Гэтая асаблівасць выявілася і ў змесце, і ў форме яго твораў, якія культурна ўзбагацілі жанрава-стылявую плынь нашай літаратуры, арыентуючы яе на ўзнёслую ўрачыстасць Талмуда і Бібліі. Як і Купала, Змітрок Бядуля аддаў даніну дэкадансу, у яго вершах і празаічных абразках відавочны ўплыў імпрэсіянізму. Кастрычніка 1917 года ён фактычна не заўважыў.
Змітрок Бядуля нарадзіўся 23 красавіка 1886 г. у мястэчку Пасадзец, на Лагойшчыне, у сям’і габрэя-арандатара. Вучыўся ў пачатковай школе-хедары, у духоўнай семінарыі (ешыбоце), адкуль выходзілі рабіны (габрэйскія святары). Расчараваўся ў будучай прафесіі і пакінуў вучобу. Настаўнічаў у Пасадцы, Батурыне, рабіў пісьмаводам у бацькавай канторы лесапрамыслоўцы. Яму ўласцівыя былі трапяткія, навеяныя старазапаветнымі настроямі, адносіны да слова і кнігі. Пад уплывам габрэйскай духоўнай паэзіі Змітрок Бядуля пачаў пісаць вершы на іўрыце, маючы адно трынаццаць гадоў. Пачаў друкавацца ў 1910 г. на расійскай мове ў часопісах "На берегах Невы" і альманаху "Ветви". Беларускай мовай зацікавіўся ў 1909 г., натрапіўшы выпадкова на нумар "Нашай Нівы". Пасля гэтага ён пачаў дасылаць у газету карэспандэнцыі пад псеўданімам Змітрок Бядуля. Першы апублікаваны твор па-беларуску – апавяданне "Пяюць начлежнікі", які з’явіўся ў "Нашай Ніве" 28 верасня 1910 г. Атрымаўшы запрашэнне Вацлава Ластоўскага, сакратара рэдакцыі, Бядуля пераехаў у Вільню. У 1913 г. у Пецярбургу ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша ваконца" выйшла яго кніжка "Абразкі". У тым жа годзе ён апублікаваў вершы пад псеўданімам Ясакар. Так сталася, што Ясакар быў дэкадэнтам, а Змітрок Бядуля – прапаведнікам тэорыі "суцэльнага рэалізму".
У гады Першай сусветнай вайны Бядуля жыў у Пасадцы, потым у Мінску. Працаваў у Беларускім таварыстве дапамогі ахвярам вайны. Сябраваў у гэты час з Максімам Багдановічам, які жыў у яго на кватэры. Друкаваўся ў газетах "Вольная Беларусь" і "Беларускі шлях". Яго творам гэтага часу ўласцівае трагічнае светаадчуванне і пошукі Бога ў чалавеку. Са жніўня 1920 г. Змітрок Бядуля працаваў загадчыкам аддзела культуры газеты "Савецкая Беларусь", рэдагаваў дзіцячы часопіс "Зоркі", пазней – краязнаўчы часопіс "Наш край". Гады з 1918-га па 1922-гі для Бядулі – самыя плённыя ў творчым сэнсе, хоць савецкія літаратуразнаўцы якраз угледзелі ў яго творчасці гэтага перыяду "глыбокі ідэйна-творчы крызіс". У 1922 г. Змітрок Бядуля выдаў свой самы лепшы паэтычны зборнік "Пад родным небам".
На нейкі час Змітрок Бядуля далучыўся да літаратурнаага аб’яднання "Маладняк". У вершах гэтага перыяду, апублікаваных у зборніку "Буралом" (1925), шмат штампаванай пафаснай рыторыкі і ўслаўлення "чырвоных датаў", тут нямала няроўных рытмаў і "цыклапічных вобразаў". Бядуля падтрымаў узвышаўцаў у іх імкненні ствараць шэдэўры, якія "ўбачаць вякі і народы". У часопісе "Узвышша" ён апублікаваў гістарычную аповесць-казку "Салавей" (1927) і сацыяльна-псіахалагічны, заснаваны на прыгодніцкім сюжэце раман "Язэп Крушынскі" (1928-1932). У гэтых творах шмат рэалій жыцця літаратурна-артыстычнай багемы 20-х гадоў, лёгка пазнавальныя вобразы многіх прататыпаў, актуалізаваная праблематыка.
Пасля разгрому літаратурных суполак у пачатку 1930-х гадоў Бядуля як бы "сышоў у падполле": Язэп Пушча згадваў, як ён баяўся сустрэч з крытыкам-пагромшчыкам Лукашом Бэндэ ("Страшны чалавек. Як яго зямля трымае"). У 30-я гады Змітрок Бядуля піша ў асноўным творы для дзяцей – гэта быў ратунак для многіх пісьменнікаў у той час: дзіцячая літаратура дазваляла ў карнавальна-гульнёвай форме нейкім чынам заставацца мастаком слова і пазбягаць псеўдасацыялістычнай пафаснасці і прапагандысцкай рыторыкі, а таксама выкарыстоўваць амаль забароненую ў "дарослай" літаратуры мастацкую ўмоўнасць. З-пад пяра Бядулі выходзяць цудоўныя апавяданні "Свінарка Фрэйда" (1934) і "Віхор" (1935), літаратурная казка "Мурашка-Палашка" (1939) і казка-антыўтопія "Сярэбраная табакерка" (1940). У гэты самы час Бядуля падводзіў творчыя вынікі свайго жыцця і літаратурнай дзейнасці ў аўтабіяграфічных аповесцях "Набліжэнне" (1935) і "У дрымучых лясах" (1939).
У пачатку вайны Змітрок Бядуля эвакуіраваўся з сям’ёй на Урал. 3 лістапада 1941 г., падчас чарговага пераезду на усход Расіі, ён адстаў ад цягніка; даганяючы, перахваляваўся і памёр ад інфаркту Гэта была адна з першых пісьменніцкіх страт, якіх налічваецца за час вайны больш за тры дзясяткі імёнаў.
Проза. "Малая проза" Бядулі адметная класічнымі памерамі (Чэхаў лічыў, што добрае апавяданне павінна быць не больш за 7 старонак рукапісу), вылучаецца аўтарскай шчырасцю, беларускім каларытам, арыгінальным стылем, які спалучае лірычную настраёвасць і філасофскую рэфлексію. Лірычны герой абразкоў і імпрэсій з вышэйзгаданага зборніка "Абразкі", выдадзенага ў 1913 г., "Нуда мая", "Вечарам", "Як памру", "У заварожаных казках" цікавы сваім багатым унутраным светам. Ён жыве ў гордай адзіноце і пакутуе ад сваёй непрыкаянасці. Эмацыянальны, нават гарачлівы, парывісты, ён найперш сузіральнік людскіх бядотаў, трагічных парадоксаў побыту звычайных персанажаў. Драма сялянскага існавання з яе галечай, цемрай, абяздоленасцю яскрава выяўлена ў апавяданнях "Тулягі" (1912), "Сцёпка" (1913), абразках "Сымон", "Пастушка", "Без споведзі" (усе 1913). Не выходзячы за абсягі біблійнага разумення жыцця, аўтар тым не менш хваравіта ўспрымае людское гора, бядняцкую долю. Яго душа разрываецца паміж захапленнем хараством чалавечае душы і цяжкімі ўражаннямі ад відовішча яго жыццёвай нэндзы і сацыяльнай незапатрабаванасці. Кніжнік і летуценнік, ён абвострана рэагуе на жорсткія рэаліі першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. з яго войнамі і рэвалюцыямі.
Стылёва проза Бядулі вылучаецца экспрэсіўнасцю, рамантычна-біблійнай прыўзнятасцю, метафарычнай квяцістасцю, увагай да псіхалагічных загадак, цягай да асветніцкага маралізатарства.
Як мастак і філосаф Бядуля схіляўся да эвалюцыйнага варыянту развіцця падзей, рабіў стаўку на асветніцтва, спадзяваўся на магутны ўплыў хараства. У гэтым ён блізкі да сацыяльнай і эстэтычнай праграмы класікаў-адраджэняцаў Купалы, Коласа, Багдановіча, Ластоўскага, Гарэцкага. Малюнкі змрочнага побыту ў яго абразках заўсёды кантрастуюць з аўтарскімі ўяўленнямі пра красу свету і чалавечай душы. Празаік змякчае цяжкое ўражанне ад убачанага з дапамогай каментароў і філасофскіх сентэнцый. Так, славутае апавяданне "Пяць лыжак заціркі" (1912) завяршаецца глыбакадумнай высновай: "Шчасце, як і няшчасце не мае асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самае шчасце". Бядуля стварае разнастайныя беларускія тыпы ў апавяданнях "Гора ўдавы Сымоніхі", "Сон Анупрэя", "Вялікі пост", "Злодзей" (усе 1912). У кожным жыццёвым здарэнні ён шукае праявы народнай душы ("Ашчаслівіла", 1912; "На каляды к сыну", "Чараўнік" – абодва 1913). Асобнай увагай карыстаюцца жаночыя вобразы і лёсы: у долі беларускі аўтар бачыць паказчык маральнага заняпаду грамадства ("Плач пралескаў", "Снілася мне казка", "Маці", "Яе душа" – усе 1913). Ад "змрочнага гумару", заўважанага ў Бядулі яшчэ Багдановічам, да захаплення жаночай красой – такі дыяпазон пачуванняў празаіка. Розныя бакі вясковага побыту паказаныя ў апавяданнях "Малыя дрывасекі" (1912), "Велікодныя яйкі" (1913), у прыпавесцях "Ратай" (1913), "Акорды мора" (1914). У пачатку 20-х гадоў галерэя малюнкаў і партрэтаў папоўнілася апавяданнямі "Бондар" (1920), "Дванаццацігоднікі" (1921), "Панскі дух"(1922), "На балоце" (1923). З’яўляецца "новы герой", які нясе з сабой канфлікты савецкага перыяду ("Дэлегатка", 1925; "Маці", 1928).
Паэзія. Паміж паэзіяй і прозай Бядулі мала прыкметная мяжа: аўтар выкарыстоўвае розныя роды літаратуры, каб ствараць вобразы, тыпы, постаці беларускага жыцця. Крытык А. Навіна (Антон Луцкевіч) адзначаў асобна яго "тэмперамент паэта", акадэмік Яўхім Карскі згадваў яго "суб’ектыўна-лірычны пачатак" на фоне "масава-сялянскай" паэзіі. Мастацкія малюнкі Бядулі прыкметна стылізаваныя, павышана экспрэсіўныя, прасякнутыя сімвалізмам. У вершах тая ж туга і сумны роздум: "Думы, дзеці душы маёй, мне супакою не даюць". Неўміручая душа лірычнага героя адчувае велічнае хараство створанага Богам свету і разрываецца паміж імкненнем да вечнасці і рэальным існаваннем, дзе безліч усяго супрацьлеглага красе, агіднага і пачварнага ("Мой спеў", 1911; "Ля срэбнай затокі", "Сляпыя" – абодва 1913; "Сэрца прароча", 1914). Вось яго звычайны душэўны стан: "Здаецца, абхапіў бы ўвесь свет божы і зліўся бы ў адно з ветрам лёгкім, каб нешта цікавае, патрэбнае казаць убогім вёскам, каторыя, нібы апенькі на пасецы, рассеяны па ўсім вялікім абшары беларускіх раўнін і балот?" Лірычны герой гэтак заклапочаны зямнымі турботамі, што і ў любоўнай лірыцы рэдка адчувае гармонію са светам, у яго слоўніку чуецца знаёмае агульнапаэтычнае: слёзы, боль, туга, страх, кроў, нябыт і інш. Гэта вечная неспатоленасць чалавечай душы, якая прагне абсалюту, недасягальнага ў гэтым свеце.
Тужлівыя настроі, калі пераважае прадчуванне таго, што свет ідзе да бясслаўнага фіналу, моцныя ў вершах ваеннага часу ("Волат", "Ад крыві чырвонай", "Балада", "Арліхі" – усе 1914). Паэт шукае гістарычныя паралелі, каб зразумець жахлівую сучаснасць, узгадвае старазапаветныя вобразы і сюжэты ("Юда жэніцца", 1915; "Шатан смерці", 1917). Малюнак дэградацыі грамадства ствараецца бязлітасным пяром: "Няма сэрца. Няма жалю. Няма веры у душы. Апусцілісь Смерці шалі. Звер пануе – так пішы". Каб узнавіць у творы крывавы вобраз ваеннай бойні, патрэбныя новыя фарбы: традыцыйныя рэалістычныя сродкі тут бяссільныя. У вершы "Рассеяўся туман" (1915) паказваецца, як знікаюць апошнія ілюзіі, народжаныя спачатку, калі ішоў "новы век", у час, калі замест "божага чалавека" узнік "звер". Паэта ўражвае маўчанне гісторыі, якая пільна ўглядаецца ў аблічча "новага свету", здзіўляе бясстраснасць старца-летапісца, які "спакойна, без страху" апісвае сучасныя падзеі ("Гісторыя").
У вершах і паэмах савецкага часу падзеі прыкметна адцясняюць на другі план здольнасць Бядулі асэнсоўваць іх з дапамогай звыклай рамантычнай сімволікі і біблійнай метафорыкі. Бядуля проста канстатуе надыход той ці іншай "чырвонай даты". У паэме "Беларусь" (1923) паэт аддае даніну адраджэнскім матывам, пералічваючы вядомыя атрыбуты беларускай мінуўшчыны і супрацьстаўляючы ёй "новы быт" Беларусі-"магутнай будаўніцы".
У творчасці Бядулі чуецца боль пісьменніка-гуманіста, які спачувае абяздоленаму беларускаму люду, разрываецца душой паміж прыгожай марай і разуменнем недасканалага свету. Жанр "абразкоў" з яго лёгкай рукі стаў надзвычай папулярным у беларускай прозе. Вядомы Змітрок Бядуля і як літаратурны перакладчык. Найбольш каштоўныя яго пераклады з мовы ідыш, у т.л. класіка габрэйскай літаратуры Шолама-Алейхема.
Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014