Чалавек вялікую ласку мае і да маці сваёй, і да таго месца, дзе нарадзіўся, нават калі тое месца "богам забытае і людзьмі праклятае", ад свету адарванае. "Бацьку, маці, бацькаўскай зямлі" прысвяціў Іван Мележ сваю запаветную песню — раман "Людзі на балоце". "Палескі край туманны" апеты ў той песні з любоўю, памножанай на талент, чым і вызначаецца сіла яго ўздзеяння на нашы душы. У нашай багатай беларускай літаратуры няма другога такога твора, які па энцыклапедычнасці выяўлення ў ім нацыянальнага, так набліжаўся б да "Новай зямлі". I ў "Палескай хроніцы" паказана ментальнасць нашага народа, яго звычаі і традыцыі, яго быт і памкненні, думы і пачуцці ў адзін з пераломных момантаў гісторыі. Паказана, з якімі набыткамі людзі на балоце да яго прыйшлі, чым тыя набыткі памножылі і што страцілі.
То панарамна, то "буйным планам", партрэтна выпісаны мастаком народ і асобныя постаці. Курані і куранёўцы (а на іх вобразах увесь народ у часы калектывізацыі) паказаны Іванам Мележам у лепшых традыцыях нашай літаратуры — рэалістычна. Народ у рамане такі, як пра яго трапна і афарыстычна сказаў яшчэ Тарас: "Былі паны, было і зброду, як часам і на свеце ў нас". Не "часам", а заўсёды; народ — ён розны. Былі такія, як Васіль Дзяцел, на якіх трымалася і трымаецца наша зямля, якія з прыходам новага звязвалі свае надзеі, што можна будзе працаваць на сваёй зямлі і стаць нарэшце гаспадаром на гэтай новай зямлі.
Былі і такія, як Зайчык, якіх прывабіла магчымасць працаваць яшчэ менш, хоць, здавалася б, як яшчэ менш? Прыгадаем той трагікамічны эпізод у творы, калі Міканор, шчыра ўзяўшыся за навядзенне новага ладу і парад ку, абураўся страшэнным брудам у Зайчыкавай хаце і тымі "антысанітарнымі ўмовамі", у якіх Зайчыкавы недагледжаныя дзеці елі з парасятамі з аднаго карыта. I справядлівым было тое абурэнне, бо якую ўладу трэбачакаць, каб вычысціць бруд ва ўласнай хаце і вынесці смецце на сметнік. А Зайчыку — ні бяды: "Го! Яшчэ невядома, каго лепш даглядаць! Дзяцей вунь сколькі, а парасят усяго двое!" I смех і грэх, як кажуць. Зайчыкам не прыйшлося пакутаваць ад абагулення лепшага на вёсцы стаенніка — такога ў іх не было. З непрытоенай радасцю такія зайчыкі чакалі моманту завалодаць суседскім. Вось яна магчы масць рэалізаваць стоеную раней зайздрасць! З уласцівым Мележу майстэрствам рэаліста і псіхолага засведчана і тое, як пад уздзеяннем часу і падзей змяняўся менталітэт народа, фарміравалася, на жаль, і не лепшае.
Час "карэннага пералому" стаў зорным для Міканора, бо рэалізаваў яго прыродныя задаткі: схільнасць да лідэрства, актыўнасць, неўтаймоўную энергію, неабыякавасць да ўсяго, што вакол яго, жаданне змяніць усё да лепшага, павесці за сабой людзей, быць для іх прыкладам. Усё новае ён убірае ў сябе, як губка, не асабліва разважаючы, ці да лепшага ўсё тое новае. Ён не вагаецца і не хістаецца.
Нецярпімы да тых, хто, як яму здаецца, "не бачыць далей свайго носа". Абураецца, калі ў адказ на сваю палкасць і шчырае жаданне дабра сустракае недаверлівасць і абыякавасць да тых ідэй, якімі хоча зацікавіць усіх куранёўцаў. Вычарпальную характарыстыку Міканору пісьменнік дае праз рэпліку Сарокі: "Кеб не выбраць халеру — гарачы не ў меру".
Стрыманасць, абачлівасць, насцярожанасць да ўсяго новага, недаверлівасць нават, пачуццё меры ва ўсім, здаровы розум, вера толькі справам, а не словам — гэта так сама элементы нашай ментальнасці. Вякамі, як мудра і справядліва пра тое думае Апейка, фарміраваліся гэтыя якасці народа. Міканор жа не хоча з гэтым лічыцца. Супярэчлівым і нават вераломным у прамым сэнсе гэтага слова паказаны пісьменнікам характар Міканора. Гэта тыповы вобраз актывіста. Дзеля новага ён пераступае цераз веру сваіх бацькоў, абражае іх рэлігійныя пачуцці, патрабуе вынесці з хаты абразы, а ў рамане "Подых навальніцы" паказана, як ён наладжвае спектакль з разбурэннем гумна, пачынаючы з уласнага. Пра супярэчлівасць гэтага вобраза яскрава сведчыць і неадназначнае стаўленне да яго і крытыкі, і чытачоў. Па-рознаму "прачытваецца" гэты вобраз. Адны ўсведамляюць яго як сумленне куранёўцаў і вернага слугу савецкай улады. Другія бачаць у дзеяннях і ініцыятывах Міканора больш шкоды і для людзе й, і нават для самой улады, даводзячы, што менавіта такія, як Міканор, тую ўладу і дыскрэдытавалі.
Антыподам вобраза Міканора з’яўляецца вобраз Апейкі, у якім, безумоўна, увасоблены пісьменніцкі ідэал кіраўніка. I зусім не схематычным, а канкрэтным, прывабным з’яўляецца гэты вобраз, у якім увасоблены лепшыя якасці сапраўднага кіраўніка: разуменне душы простага чалавека, яго псіхалогіі, любоў і павага да яго працы.
Апейка выдатна разумеў, што Дзяцел зусім не вораг новай уладзе, а падмурак яе, калі яна сапраўды дэмакратычная, бо на такіх працаўніках зямля стаіць, а значыць, і любая ўлада. Пераканаўча і глыбока рэалістычна паказана ў "Палескай хроніцы", як паступова інтэлігентны, чулы і сумленны чалавек, якім быў Апейка, становіцца ахвярай жудаснай машыны таталітарызму, бо слугаваў не машыне, а людзям.
Яшчэ адным антыподам вобраза Міканора з’яўляецца Хоня, хоць апынуліся яны, як кажуць, на адным баку барыкады. Гэтым вобразам пісьменнік славіць людскасць у чалавеку, яго здольнасць зразумець і дапамагчы бліжняму канкрэтнай справай, спагадлівым словам. Нельга не здзіўляцца выхаванасці, далікатнасці і тактоўнасці простага, малаадукаванага куранёўскага юнака, з якой ён дапамагае Хадосьцы вярнуцца да жыцця. Урокі чалавечнасці і дабрыні дае нам пісьменнік гэтым вобразам.
Унутранае хараство, духоўнае багацце беларускай дзяўчыны ўслаўлена ў незабыўным і яркім вобразе "канапляначкі" Хадоські.
Псіхалагічна тонка і пранізліва паказвае пісьменнік сілу, што здольна вылечыць параненую душу, здольна ўтрымаць, уратаваць чалавека ад таго, што паправіць ужо было б немагчыма. Сіла тая — любоў да жывога, да прыроды, дзяцей, вера, што жыве ў душы чалавека, з якім спрычынілася бяда. Любоў і вера ўратуе чалавека ад непапраўнага, а таксама падтрымка і спагада бліжняга. Гэтым вобразам пісьменнік дае нам урокі аптымізму і духоўнай прыгажосці, якая, як вядома, толькі адна і здольна ўратаваць свет.
I тугадум Пракоп Лясун, які гаворыць з такім намаганнем, "нібы воз сена падымае"; і балбатлівая (але якая ж дасціпная і таленавітая!) Сарока, што не толькі назапасіла ў сабе народныя "залацінкі" і сыпле імі як гарохам, але і сама іх стварае, так і стракочучы ў рыфму ("Бегла, баялася спазніцца, а прыбегла— адна мая спадніца!"); і пыхлівы, упэўнены ў сваёй выключнасці (а таму ўсё лепшае і прыгажэйшае павінна належаць толькі яму!)Яўхімз яго кучаравым чубам; і стары Глушак з яго хітрасцю, сквапнасцю і двухаблічнасцю; і кніжнік Андрэй Руды з яго цягай да ведаў; і Ганніна мачыха, карыслівая і абмежаваная; і Ганнін бацька з яго шчымлівым болем за дачку, што вымушана ісці за нялюбага; і Дубадзел з яго нялюдскай, як ён сам, мовай, — усё гэта людзі на балоце, людзі зямлі беларускай.
Сапраўдны вянок з незабыўных, яркіх вобразаў, створаных талентам пісьменніка і выпісаных ім як жывыя. Вымеш хоць адну кветку з гэтага вянка — і распляцецца, рассыплецца вянок. A ў аснове таго вянка — куранёўская прыгажуня Ганна і самы першы працаўнік на вёсцы, дбайны гаспадар, апора ўсёй сям’і Васіль. Трагічна склаўся іх лёс, нязбытным было і каханне. Як і трагічным быў лёс усяго народа ў той вірлівы час…
Людзі на балоце жылі, бедавалі, кахалі, радаваліся і плакалі, адчайваліся і верылі, будавалі грэблю, што нарэшце звязала іх са светам, і вучыліся жыць калгасам, чаго да гэтага не ведалі. іх продкі і чаго нідзе яшчэ ў свеце не было; спявалі новыя, прывезеныя Міканорам песні, а навальніца ўжо набліжалася. Подых яе ўжо адчуваўся ў прыродзе…