A куранёўцы жылі сваімі клопатамі і навінамі. Зімовым вечарам, ужо пасля вяртання Васіля з турмы, яны сабраліся ў хаце Нібыто-Ігната на свой першы агульны сход. Раней купкамі збіраліся ў Міканора Дамецікава, які вярнуўся з арміі, гаварылі пра тое, што ёсць добрыя мясціны, дзе зямля і без гною родзіць, што за Нароўляй асушылі балота і збіраюць багатыя ўраджаі. Міканор настойліва даводзіў, што "калі сарганізавацца ўсім, дружно ўзяцца", то і яны змаглі б асушыць балота і зажыць па-людску. Аднак усе паставіліся да гэтага як да пустога, не вартага ўвагі.
На агульны сход прыехаў сам Апейка. Ён паведаміў, што банда Маслака разбіта і час "думаць пра тое, каб жыць далей", "каб чалавек жыў як чалавек, а не як звер".
Яго прапанова між Куранямі і Алешнікамі збудаваць грэблю падтрымкі не сустрэла. "Не трэба яна, етая грэбля! і ўсё!" — такой была агульная выснова.
Не першы раз бачыў Апейка — на добрую, карысную для сябе справу людзі не хацелі даваць згоды. …Нібы загадзя вядома было, што нехта на гэтым добрым неяк выйграць мяркуе, нехта іншы, а не яны… Таму ён тут, на сходзе, не толькі не паддаваўся якому-небудзь расчараванню, але нават і не здзіўляўся.
Падтрымаў прапанову Апейкі спачатку толькі Міканор, падтрымаў палка, настойліва: "От не люблю ето наша плаканне! Ну, просто — слухаць неахвота! Шчэ і за сякеру не ўзяліся, а ўжэ стогнем — спіна баліць!" На Міканора накінуліся ўсе, папракаючы, што ён не ведае клопатаў куранёўцаў, не разумее таго, што "адзін будзе надрывацца, а другі на мураве качацца" (і без аўтарскіх слоў зразумела: рыфмамі сыпле, творачы іх на хаду, Сарока). Але гэта яшчэ больш надало Міканору ўпартасці, і ён ужо прапануе не толькі фэблю будаваць, але і балота асушаць, як гэта "ў другіх сёлах, не сакрэт, асушаць пачалі". І тут зноў бярэ слова Апейка — і гаварыць не пра меліярацыйнае таварыства, якога неадкладна патрабаваў Міканор, а толькі пра грэблю. І Васіля амаль не здзіўляла, што большасць ужо згаджаліся з Апейкавай прапановай — грэблю трэба рабіць, бо ўсе напалохаліся, што яшчэ і за балота загадаюць брацца, усё-такі з грэбляй меней клопату.
Засталося толькі выбраць старшага. Апейка прапанаваў Міканора, на што Са рока крыкнула: "Кеб не выбраць халеру — гарачы не ў меру!"
Але ўжо калі выбралі, сама ж і падсумавала: "Ад службы дурасць. Пажыве — розуму нажыве…"
І Міканор пасля няўдалых заляцанняў да Хадоські ўсю сваю энергію скіраваў на грамадскае. І пачаў ён з …песень. Вельмі хутка тужлівыя песні, што спявала моладзь на вячорках, змяніла задзірыстая — "Марш Будзённага". Алёша, памагаючы сваім бацькам, якія былі беднякамі з беднякоў, хадзіў з гармонікам на ігрышчы і ў Алешнікі, і ў Мокуць, і разам з ім цяпер хадзіў усюды "Марш Будзённага". Міканорава песня хутка разышлася па ўсёй балотнай акрузе…
Намнога складаней было са справамі, бо людзей, як ні стараўся Міканор, хвалявалі не праблемы свету, а праблемы Куранёў толькі.
Багата што ў Куранях тачыла сумам і клопатам Міканора, непакоіла, трывожыла, абурала. Багата што бачылася не такім, як трэба, як павінна быць, багата што трэба было перайначваць у заведзеным адвеку парадку. Паспрабаваў перайначваць ва ўласнай хаце, але маці даводзіла, што і ў іншых гэтак жа сама…
І сапраўды! У Зайчыка — дык парасяты ў хаце побач з дзецьмі, гуляюць дзеці разам з парасятамі ў разлітай парасячай поліўцы. Калі сказаў Зайчыку, што не па-людску гэта, той пажартаваў, што невядома каго яшчэ даглядаць лепей трэба! Дзяцей вунь колькі, а парасят — двое!
Проста бяда — ніякай санітарыі! І лазні няма, і школы няма (з Куранёў у школу ходзяць толькі двое — дачка куранёўскага кніжніка Андрэя Рудога Соня ды сын Глушака Сцяпан), і чытальні няма.
Беднасць, нішчымніца. Б’юцца як рыба аб лёд, каб скарынку хлеба, расол мець, каб перабіцца неяк ад лета да лета, хлеб з карою ядуць і пухнуць з голаду. У Зайчыка дзяцей многа, але яшчэ больш паўміралі.
Міканор чуў малітву свайго бацькі на каляды, як той успамінаў усіх памерлых, сярод іх — імёны пяцярых Міканоравых сясцёр і братоў.
Прычыну страшэннай галечы, цемнаты і забітасці куранёўцаў Міканор знайшоў у… "папоўскай брахні", у рэлігіі і распачаў заўзятае з ёю змаганне. Пасля абеду, замест таго каб, як патрабаваў звычай, перахрысціцца, падступіўся да абразоў і запытаў у маці з самым сур’ёзным тварам: "Хто ето — верхні Бог, — бы на старого Глушака падобны?" Асабліва актывізаваў сваю антырэлігійную прапаганду ў час падрыхтоўкі куранёўцаў да галоўнага свята — Калядаў. Дзе толькі мог, вучыў людзей, рэзаў праўду-матку: Каляды гэтыя — забабоны з цемнаты, опіум папоўскі, рэлігійная выдумка. Людзі слухалі, часам нават згаджаліся, але кожны рабіў тое, што і да гэтага рабіў. Хадоська, якой хутка ў камсамол дарогу думаў даць, аказалася не лепшай за Васіля Дзятла. Гаварыць не дала не толькі пра Бога, але і пра папоў.
Песні-шчадроўкі, што пелі Зайчыкавы дзеці, расчульвалі ўсіх, Міканор жа пахваліў іх па-свойму: "Як старцаваць прыслаў, Калядамі карыстаючыся". За Зайчыкавымі прыйшлі і Хоневы, якога ўсе называлі "Бацько і матко". Пра Хоню яшчэ раней маці Міканора казала: "От хлопец! Ето ж трэба — бяда такая! Матка — як дзераво дрэннае, з ложка не ўстае, дзяцей чарада на яго руках, накармі ўсіх, дагледзь!"
Усіх калядоўшчыкаў маці старалася шчодра надзяліць каўбасамі, смажаным мясам, духмяным хлебам…
Змаганне Міканора з "забабонамі" скончылася тым, што і сам ён не толькі наеўся свежаніны, але і напіўся самагонкі, жартаваў і галёкаў, як усе. Працверазілі крыкі "Забіваюць!", што несліся з вуліцы. І крычалі не на жарт, бо пабіліся каламі куранёўскія на чале з прыдуркаватым Ларывонам, сябрам Яўхіма, з трыма хлопцамі з Глінішчаў, якія прыйшлі ў Курані на гулянку.
Будоўля грэблі выявіла лепшыя якасці Міканора. Сабраць людзей, усіх размеркаваць, усіх забяспечыць работай — "на яго долю выпала не абы-якая роля", і не было для яго нічога больш важнага ў свеце, як гэтая купка людзей, як грэбля, якую яму належала пракласці цераз балота. Дні гэтыя былі самыя турботныя, але і самыя шчаслівыя ў Міканоравым жыцці. Не на каго іншага, а на яго, Міканора, глядзелі людзі, чакалі загаду, куды ісці, што рабіць… Ён і сам працаваў, і яго брала весялосць. Хацелася спрачацца з другімі сілаю, спрытам — гнацца навыперадкі. Браў і браў балотнае цеста, кідаў і кідаў наводмаш.
…Новае лета ўжо не было для закаханых летам-песняй, летам-святам. Абое пакутавалі, але кожны сам-насам, не здолеўшы пераступіць мяжу непаразуменняў і крыўдаў. Выпадак у малінніку аканчальна вырашыў усё ў іх лёсе, паставіўшы кропку ва ўзаемаадносінах. Каршун дачакаўся свайго часу… І трэба ж было, каб так усё павярнулася.
Калі так далей пойдзе, то на Яўхіма, чаго добрага, пальцамі паказваць стануць, смяяцца, бо дайшоў да таго, што з-за гэтай задзірлівай ганарліўкі вечарамі не сядзіцца, начамі не спіцца. Ад злосці і нянавісці ("Круцёлка языкатая! Ходзіць у зрэб’і падраным, а дзержыцца — як пані якая!") думкі ішлі ў іншым накірунку. Думаў — як гэта недарэчна, бязглузда бывае часам у жыцці: адзін чалавек усёй душой табе прыяе, любіць бы яго ды любіць, а — не любіш, ён, дабрадзей, хіліцца да цябе, а ты абыходзіш, уцякаеш ад яго.
На даволі высокую прыступку духоўнага сталення ўзабраўся Яўхім, калі да такога дадумаўся. Толькі ж разуменні, адкрыцці тады чаго-небудзь вартыя, калі з іх вынікаюць адпаведныя справы, учынкі. Адно толькі адпавядала тым думкам у такой сітуацыі — змірыцца, любіць і чакаць прасветлай для свайго кахання часіны: а раптам яшчэ ўзнагарода чакацьме за такое цярпенне. І абставіны спрыялі Яўхіму: трэба было толькі пачакаць, каб і яна сама, не пад прымусам, а па ўласнай волі змірылася з тым, што Васіль яе не возьме ўсё роўна.
Васіль доўга змагаўся, робячы выбар паміж дарагім і яшчэ даражэйшым. І яшчэ да выпадку ў малінніку зрабіў свой свядомы выбар.
Не хапала толькі зачэпкі, поваду, каб аканчальна вызначыцца. Але ж калі чалавек у чым цвёрда намерыўся, вызначыўся, то зачэпка заўсёды знойдзецца. "Усё адно ніякага толку не було б ад етага стаяння…
Не пара яна мне, усё адно. Толькі і дабра таго, што краса, — а хіба з той красы жыць будзеш, пабагацееш!.." і ўжо перад самым вяселлем ён зноў і зноў думае пра тое, што "само зрабілася як трэба, дзякаваць Богу", "што шкадаваць аб Ганне няма чаго, што трэба толькі дзякаваць Богу за тое, што так разумна зрабілася".
A ў малінніку, куды, высачыўшы Ганну, падаўся і Яўхім з цвёрдым намерам наблізіцца да сваёй мэты, "зрабілася" тое, што было знакам, веставала пра яшчэ адну трагедыю — цяпер ужо Ганны з Яўхімам. І трэба ж так здарыцца! Так спяшаўся: хутчэй, пакуль не адышла далёка, не прапала ў зарасніку: зойдзе, залезе ў гушчар — век не знойдзеш!.. Парывіста нырнуў у жаданую засень — а насустрач (трэба каб так не ў час!) Хадоська!. Сапсаваны ўвесь настрой, але, пераступіўшы цераз яе ("Нагуляла, значыцца?.. Цяпер шукаеш, хто віна-ваты?.. У Глінішчах е знахарыха… Яна ето ўмэнт!.. Выкіне!.. Чуеш?"), трывожыўся зусім нядоўга. Сама прыдбала, сама няхай і думае, як збыць, а за дзеўку думаць — не мужчынская гэта справа.
Спачатку зацікавіўся, кал і Ганна, ратуючы свой гонар, паабяцала яму адкрыць сакрэт, як да яе падступіцца. А пачуўшы: "Адно – дабрата! Па-добраму кеб!", — засмяяўся: "А-а… А я думаў, чорт знае што!"
Пра выпадак у малінніку гаварылі ўсе: каля плота, каля калодзежа — для ўсіх толькі гэта навіна! Лямантавала мачаха, бедаваў і гразіўся Глушакам Чарнушка ў роспачы, але супакоіўся, паверыўшы Ганне, што сапраўды "чапляўся, але не дабіўся нічога". Хадоська, пачуўшы
Ганніна прызнанне, затрэслася, закрыла твар рукамі, аж заходзілася ад плачу. Са слязамі яна і пайшла. Пайшла, куды параіў ёй яе "дабрадзей". Адчай і крыўду, сорам і боль зведала няшчасная Канапляначка.
Юравіцкія дактары адратавалі яе, вярнулі да жыцця, толькі сама яна жыць ужо не хацела…
Зведала крыўду і адчай і Ганна, калі на сваё запытанне, ці паве-рыў таму, што людзі кажуць, пачула ад Васіля: "Гавараць — дак штось е… Дыму без агню не бувае…"
Боль і крыўда ад такіх слоў вылілася ў няпраўду, нагавор на сябе, што не сілаю, а "па-добраму, па згодзе ўсё было", і пагрозу: "Я етаго табе не забуду!"
Схлусіў Васіль, што паверыў. Кроілі сэрца матчыны словы, што нагаварылі на Ганну людзі: не дамогся яе Яўхім, не такая яна, што б дапусціць! "Як бы і сам ён не знае!.." Цяпер схлусіў. Шчырым быў там, каля грушы, у іх лета-песню, калі запэўніваў: "За мной не прападзеш!"
Тады ён меў сур’ёзны намер толькі з ёю віць сваё гняздо, спадзеючыся, што новая ўлада дапаможа нарэшце авалодаць запаветнай зямлёй каля цагельні…
Аднак юравіцкая турма, а пасля і бойка з Яўхімам да крыві за той кавалак каля цагельні (камісія па перадзеле зямлі выдзеліла-такі Васілю паўдзесяціны, але ён не мог чакаць і не спадзяваўся менавіта на гэты кавалачак, а іншы нічога не змяняў у яго становішчы) канчаткова пераканалі яго ў тым, што "надзеі ні на каго не было". Трэба было ратавацца, ваяваць за сваё жыццё самому. На сходзе ён не вытрымаў, і людзі першы раз бачылі Васіля такім, слухалі са здзіўленнем: "Дак дакуль жа мы будзем мучыцца?! Дакуль жа ето ўсё бу-дзе? Добра каторым — зямля як зямля! А ў мяне — пясок адзін! Зелле і тое расці не хоча! Нічога! Дакуль жа ето мы будзем гнуцца на адным пяску! A другія будуць сабе, як паны, раскошувацца! Ето — па савецкіх законах?"
"Кумедзіяй" назваў перадзел зямлі Зайчык, заявіўшы, што зямля тая яму і не трэба, бо ў яго няма каня і ён усё адно абрабіць яе не зможа. Няма насення, чым засеяць, а дзеці да вясны з дубовай кары пухнуць. На павучанне Андрэя Рудога, што каб не пухлі, зямля якраз і патрэбна, Зайчык дасціпна адказаў байкай пра дурня, які купіў, як у пана, залатую міску, думаючы, што яна сама карміць будзе.
Апошнімі на тым сходзе былі Васілёвы словы, які ўпершыню так разгаварыўся: "Як хто, а я ад зямлі не адмаўляюся". І без тых слоў чытач пераканаўся, што ад усяго на свеце Васіль здольны адмовіцца — толькі не ад зямлі. Турбота пра яе цешыла і вярэдзіла яго душу, ні на момант не прападаючы, жыла ў ім. Да перадзелу ён толькі марыў пра яе, а цяпер яна была ўжо ледзь не ў яго руках. Калі б пашанцавала пры дзяльбе ды людскі, урадлівы кавалак прырэзалі, то гэта ўсё роўна што ўраз пабагацець!
Яно ж так блізка, дабро гэта. Амаль у руках. Чакаць — страціць!. І ён перасіліў страх… Бойка з Яўхімам была жудаснай: не даваліся, хапаліся адзін за аднаго, малацілі кулакам!, хрыпелі, гразіліся. Кроў цякла Васілю на вочы. Ламала рукі маці, лямантавала каля Васіля — ён адпіхнуў і яе. Боль мяшаўся з крыўдай, са злосцю… Потам паліваў Васіль зямлю, а цяпер паліў яе сваёй крывёю…
Яшчэ перад раздзелам зямлі ваявалі і ў хаце Глушакоў. Пасля здарэння ў малінніку выснова Глушака была такая: "Жаню!!!" Аж захлынуўся ад лютасці, калі пачуў умову Яўхіма: "Толькі — кеб з тым, з кім хочу!" З галадранкай — Чарнушкавай Ганнай! Вайна нерваў, вайна цярплівасці, што доўжылася некалькі тыдняў, закончылася перамогай Яўхіма.
Сваты ўжо сядзелі за сталом, а Ганну ўгаворвала мачаха. Доўга ўгаворвала, але здолела-такі пацэліць у самае важнае, самае трывожнае. Ганна і сама разумела, сэрца само добра чула — не такую трэба Васілю, як яна — са скрыняй, з набыткам трэба, іншую хацеў бы, не беспасажніцу! і Ганна зрабіла крок насустрач лёсу. Яна потым багата разоў успамінала гэты момант са шчымлівым шкадаваннем і болем. "Думала, балела душой: як багата бяды выпадае чалавеку за іншы адзін крок".
Сарока так і сыпала словамі: "Прыйшоў малады хлапец — добры купец… Сам малады, чуб залаты, дабра поўныя клеці — лепшы на ўсім свеце". Пра маладосць нявесты таксама знайшла чым адказаць: "самы час, самы лепшы квас! А то — пераспее, закісне, стане ўсім ненавісна. Стане, як тая макуха, — будзе векавуха! Шкадаваць будзе — баньку, матку клясці, што не далі замуж пайсці! Жаніх бо які: што ўродай, што славай, што красой, што справай!.. І да ўсяго — дастатак! Пойдзе каторая — не нахваліцца на долю, і паесць, і пап’е ўволю!"
Назаўтра, пасля змовін, Ганна зноў думала пра Васіля, зноў прыгадалася яе шчасце з ім, якое было такім кароткім: "Не суджано, значыцца… Бувай!.." Разам са сваёй гераіняй смуткуе і аўтар. Гэта ўжо быццам яго голас: "Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары! Не прыйсці больш да вас, як было, не стаяць да ранку! Яшчэ два тыдні, а там яна ўвойдзе ў Яўхімаву хату. Увойдзе з цвёрдым намерам любіць яго, слухацца, служыць яму. А Яўхім — што ж? Не сама выбірала, яе выбіралі!.. І няхай не даспадобы ён, мусіць, неяк зжывуцца. Любіць жа ён, што ні кажы… І яна — сцерпіцца, злюбіцца!..
Часта, шалёна забілася сэрца: Васіль! Выйсці, пагаварыць, памірыцца? Сказаць, што даруе яму?.. Выйсці! Апошні раз!.. Выйсці?! Замоўленай! Чужой, другому аддадзенай!.. Не яго цяпер! Не вольная — каб сустракацца! Грэх…"
Свет зачыніўся і Васілю. Ля знаёмага плота, дзе колісь стаялі, здалося, было так пуста і так сумна, што крыўда і гора ўмомант затапілі ўсе развагі. Ён аж разгубіўся ад наплыву гэтых бязлітасных, пякучых, бясконцых і бязмерных крыўды і гopа. Ніколі яшчэ не чуў ён сябе такім няшчасным.
Калі наплыў гора апаў, прыціх, ён, як бы шукаючы прасветліны, стараючыся стань мацней на зямлі, пачаў думаць аб дарагім, запаветным. Не, не ўсё яшчэ кончана! Усё яшчэ будзе!.. Будзе яго пара!.. Ён узнімецца, пабачыце! Гумно снапамі наб’е! Кароў завядзе! Не адну — тры, пяць! Стаенніка завядзе! Такога, што Корч пазелянее ад злосці!.. Толькі б перадзел зрабілі! Каб зямлі, каторая ля цагельні!..