Шасцігадовай Машы і яе старэйшаму брату Сяргею цётка пад Новы год прынесла дарагі па нашым часе падарунак – добры кулёк цукерак, самых адменных: «Мішка», «Чырвоная Шапачка», «Вавёрачка», «Крыжачок», «Грыльяж» і яшчэ нейкія, назвы якіх я і забыў ужо.
Цётка сказала:
– Хацела аддаць вашай бабулі, каб захавала да навагодняй ночы. Ды ўбачыла, як вы глядзіце на мяне з пытаннем: «А што прынесла цётка?» – і ўручаю іх вам. Але дайце абяцанне, што вы не будзеце есці іх у старым годзе. Пакладзіце пад ёлку і лічыце, што вам прынёс Дзед Мароз.
Сярожа сказаў:
– А я павешу іх на ёлку. Як яны ўпрыгожаць яе! Цётка і бабуля ўхвалілі такую задумку:
– Малайчына, Сярожа! Убачыце, як заззяе ваша ёлка! А Машы задумка гэтая зусім не здалася прывабнай.
Ёй хацелася хутчэй пакаштаваць цукеркі – хаця б па адной кожнага гатунку. Яна такі паспела запусціць ручку сваю ў кулёк, як толькі брат адвярнуўся. Ды якая там жменька – тры цукеркі змясціліся! Яна схавала іх у кішэні сваёй сукенкі. А потым пачала падбіваць Сяргея:
– Давай жа пакаштуем хоць па адной. Можа, яны горкія.
– Яшчэ што скажаш. Хіба бываюць цукеркі горкія?
– Бываюць, калі доўга ляжаць у магазіне.
– Цяпер нічога доўга не ляжыць, – зазначыў хлопец, бо часта чуў гэта ад бабулі, ад бацькоў, цяпер, маўляў, у магазінах усё разбіраюць умомант.
Брат, выдаючы сябе за дарослага, злітаваўся над сястрой і даў ёй дзве цукеркі.
– А гэтыя вешаю! Дай іголку з ніткай. Я буду чапляць іх. Але глядзі, Маша, сарвеш з ёлкі – атрымаеш па руках. Цябе ж трэба вучыць, каб ты не была сквапнай. Ты ведаеш, які гэта грэх – быць сквапнай?
Брат умела падвешваў цукеркі на ёлку, стоячы на табурэце. Маша падавала. Але не стрымалася, каб яшчэ колькі ўпотай не сунуць у кішэню; збегала ў свой пакой і схавала ў скрынку, у якой ляжала яе любімая лялька.
Сяргей саскочыў з табурэткі, замілавана агледзеў сваю працу. Ёлка ззяла ад каляровых абгортак.
– Шкада, не хапіла на гэты бок, ад акна.
Маша цяжка ўздыхнула, шкадуючы, што не хапіла. Весела сустрэлі Новы год. Але ёлка стаяла да Ражаства Хрыстова.
Пасля Каляд бабуля сказала:
– Здымайце вашы цукеркі, а то высахнуць. Сярожа палез здымаць. Маша затрымалася на кухні – бліжэй да бабулі.
I раптам пачуўся крык і стогн. Ці не зваліўся хлопец? Кінуліся ў пакой. Сярожа стаяў на табурэце.
– Што такое, унучак?
– Ты паглядзі, што ў гэтых цукерках?! Сухі хлеб! Ён зрываў прыгожыя абгорткі, мяў, і з іх сыпаліся крошкі сухога хлеба.
– Гэта яе работа! Яе!
– Чыя? – спытала Маша.
– Твая!
– Мая? Ну, ведаеш… За такую абразу раней выклікалі на дуэль. Ты будзеш на каленях прасіць у мяне прабачэння.
Бабуля прыкрыла хусткай рот і ледзьве стрымлівала смех.
– А хто замест цукерак напхаў хлеба?
– Можа, у магазіне.
– Хітруння ты! Хітруння! Каму ў магазіне гэтым займацца?
– Ёсць каму, – аўтарытэтна, з пераканаўчасцю дарослай сказала Маша.
Доўга ў доме смяяліся з гэтых цукерак. Але ніхто не вінаваціў Хітрунню. Нават Сяргей смяяўся разам з усімі. Вось такая наша Маша! Была. Пакуль не вырасла.