Іван Шамякін працаваў над раманам "Сэрца на далоні" ў 1960 — 1963 гадах. Спачатку твор быў надрукаваны ў часопісе "Полымя", а ў 1964 годзе з’явілася яго асобнае выданне. Па словах аднаго з галоўных герояў рамана журналіста Кірыла Шыковіча, гэта быў час "перавароту ў мазгах". Менавіта другая палова 50-х і першая палова 60-х гадоў сталі часам перамен у грамадстве, часам выкрыцця культу асобы Сталіна, аднаўлення ленінскіх (на тыя гады — дэмакратычных) нормаў жыцця. Нездарма гэты час назавуць "хрушчоўскай адлігай", бо сапраўды пасля XX з’езда КПСС (1956 год) у грамадстве "пацяплела": адбывалася своеасаблівае "ўзвышэнне чалавека", зварот да паказу жыцця простых людзей, іх надзённых клопатаў, удзелу ў грамадскім жыцці. Многія ў гэты час пранікліся верай у магчымасць пабудовы ў дзяржаве самага справядлівага камуністычнага грамадства, усе члены якога будуць жыць па прынцыпах маральнага кодэкса будаўніка камунізму. Пісьменнікі шмат пісалі пра тое, што быць будаўніком новага грамадства абавязаны кожны грамадзянін, што не можа ў справядлівым грамадстве быць звычайных, "простых" людзей і людзей асаблівых, кожны чалавек варты ўвагі і павагі. Апісваючы канкрэтны перыяд у жыцці тагачаснага грамадства ("шэсць гадоў пасля XX, з’езда партыі"), Іван Шамякін скіруе ўвагу на найбольш вострыя праблемы: жаданне ведаць праўду пра недалёкае — ваеннае і пасляваеннае — мінулае і надзеі на сапраўдную дэмакратызацыю ўсёй сістэмы грамадскага жыцця. Асуджэнне культу асобы і павінна было прывесці да таго, каб рэпрэсіі, беззаконне не паўтарылася ў будучым.
У рамане некалькі сюжэтных ліній. Адна з іх — узаемаадносіны былых сааўтараў кнігі пра падполле, некалі сяброў, а цяпер непрымірымых ворагаў Шыковіча
Важнае значэнне мае сюжэтная лінія бацькоў і дзяцей, якая раскрывае адносіны паміж сталым і маладым пакаленнямі герояў.
Сюжэтная лінія "Яраш — Зося" звязвае сучаснае з мінулым, сведчыць пра імкненне сумленных людзей дапамагаць тым, хто трапляе ў бяду.
Галоўнай з’яўляецца лінія "Шыковіч — Гукан", астатнія, нібы галіны ад ствала, адыходзяць ад яе, падпарадкоўваючыся ёй, дапаўняюць і развіваюць асноўную. Чаму? Там, дзе адбываецца барацьба, абавязкова прысутнічае канфлікт, на якім базіруецца сюжэт. Канфлікт у рамане "Сэрца на далоні" — гэта барацьба паміж журналістам Шыковічам і старшынёй гарсавета Гуканам, якія калісьці разам напісалі кнігу пра падполле. Цяпер жа адзін з іх, Шыковіч, імкнецца перапрацаваць раней напісанае, таму што не ўсё ў ёй — праўда. Гукан усяк працівіцца гэтаму, ён не жадае раскрываць праўду пра мінулыя падзеі, бо гэта — праўда пра яго, такая праўда, якую яму не хочацца ні чуць, ні расказваць. Асабліва баіцца ён, што адкрыецца праўда пра доктара Савіча і яго дачку Зосю, што азначае маральную смерць для Гукана.
Такім чынам, сюжэтным цэнтрам рамана, вакол якога аб’ядноўваюцца ўсе падзеі, з’яўляецца справа доктара Савіча, вытокі якой схаваны ў ваенным часе, але яна яскрава выяўляе сутнасць грамадскага канфлікту. Доктар Савіч, абылганы фашыстамі, лічыўся здраднікам. Кляймо дачкі здрадніка ўсё жыццё нясе дачка Савіча — Зося. Шыковіч, Яраш дабіваюцца магчымасці сказаць праўду пра Савіча — мужнага чалавека, падпольшчыка, рэабілітаваць яго імя і імя яго дачкі, уступаючы ў барацьбу з Гуканам. Тыя ці іншыя адносіны да гэтай барацьбы маюць усе героі рамана.
"Сюжэтны каркас" рамана цэментуюць два галоўныя вобразы — доктар Яраш і журналіст Шыковіч. Гэта сябры, і Шамякін з цеплынёй і сімпатыяй гаворыць аб іх сяброўстве. Нельга не згадзіцца з Зосяй Савіч, якая, назіраючы адносіны Яраша і Шыковіча, зазначае: "Заўсёды хораша ад іх вось такой дружбы". Іх сяброўства пачалося з пісьма, якое малады доктар Яраш, які ў гады вайны быў падпольшчыкам, напісаў Шыковічу — аднаму з аўтараў кнігі пра падполле. Яраш выражаў у пісьме нязгоду з аўтарамі кнігі, бо ў ёй не было праўды. I Шыковіч, і Яраш — сумленныя людзі, якія прывыклі глядзець праўдзе ў вочы і ні ў чым не крывіць душой. Вось і цяпер абодва прыходзяць да адной думкі: трэба "варушыць мінулае", дабівацца праўды пра ролю доктара Савіча і іншых герояў падполля, трэба дапамагчы бязвіннай ахвяры паклёпнікаў Зосі Савіч, трэба перапісваць кнігу, каб людзі таксама ведалі праўду пра вайну. У новы перыяд жыцця, калі адбываецца пераацэнка сацыяльных і маральных каштоўнасцей, і той, і другі герой спадзяюцца на ўстанаўленне ў грамадстве дэмакратычных прынцыпаў, якія не дазволяць узнавіцца рэпрэсіям, беспрынцыповасці, прыстасаванству, фальшу, дэмагогіі — з’явам, якія абодва шчыра ненавідзяць.
I Антон Яраш, і Кірыла Шыковіч — па-сапраўднаму мужныя людзі, якім процістаіць цэлая сістэма — гуканаўшчына, з якой змагацца вельмі складана. Але ні той, ні другі не збіраюцца адступаць.
У сяброў актыўная жыццёвая пазіцыя, якая перш за ўсё выражаецца ва ўменні адстаяць свае прафесійныя інтарэсы (успомніце, як Яраш дабіваецца лепшага абсталявання ў хірургічнае аддзяленне, як ён крытыкуе непарадкі ў медыцынскіх справах горада і гаворыць пра гэта публічна). Шыковіч лічыць, што ён, як журналіст, павінен адстойваць праўду, нягледзячы ні на якія абставіны і час, што ён адказны за кожнае слова, напісанае ім.
Для аднаго і другога героя важнай каштоўнасцю з’яўляецца сям’я. Яны любяць сваіх жонак і дзяцей, і таму, калі ў сям’і нейкія нелады ці нехта імкнецца нашкодзіць іх сем’ям, і Яраш, і Шыковіч гатовы змагацца за тое, каб не парушылася такое тонкае,крыштальна чыстае пачуццё, як каханне, каб не парваліся далікатныя сямейныя сувязі.
Абодва героі любяць і разумеюць прыгожае, асабліва прыроду. Праўда, "Яраш не толькі ўмеў любавацца прыродай, ён стараўся… выявіць законы яе з’яў. Шыковіч… не любіў глыбока пранікаць у сутнасць гэтых з’яў… ён як бы выключаў свой розум, даючы поўную волю пачуццям".
Героі адрозніваюцца сваім тэмпераментам: Шыковіч больш імпульсіўны, Яраш — разважлівы, спакойны, хаця гэты спакон яму захоўваць цяжка.
Для мяне больш блізкі па сваіх поглядах і жыццёвых прынцыпах доктар Яраш — мужны і смелы чалавек, які не любіць шмат гаварыць, тым больш пра сябе, а сваю чалавечую і прафесійную годнасць мацуе толькі справамі.
Сямён Гукан — старшыня гарсавета, антыпод Шыковіча і Яраша не толькі па светапоглядных, але і па маральных прынцыпах. Аўтар рамана здолеў адразу ж заінтрыгаваць чытача, і мы разам з пісьменнікам пачынаем таксама шукаць адказ на пытанні: чаму Гукан так настойліва адмаўляецца ад пошуку ісціны, робіць усё магчымае, каб перашкодзіць журналісцкаму расследаванню Шыковіча? Паступова мы зразумеем, што не толькі амбіцыі і нежаданне падзяліцца славай з кім-небудзь, а нешта іншае з’яўляецца матывам таго, што Гукан, "каб яго воля, не дазволіў бы кожнаму пісаку корпацца ў мінулым ". Аў яго, старшыні гарсавета, ёсць улада і жаданне прымусіць замаўчаць "пісаку" Шыковіча. Зло становіцца ваяўнічым, калі яму нешта пагражае. Пагроза быць выкрытым прымушае Гукана праявіць самыя ганебныя якасці сваёй натуры. Каб уратаваць сваю кар’еру, ён не спыніцца ні перад чым, хітра скарыстоўваючы абставіны і сямейныя праблемы сваіх праціўнікаў, падман, паклёп. Ён гатовы сцерці Шыковіча і Яраша з твару зямлі, не спыняючыся нават перад тым, каб зрабіць іх "правакатарамі і агентамі гестапа". Гукан можа нават самыя высакародныя ўчынкі чалавека павярнуць супраць яго ж. Прафесійны і чалавечы подзвіг, удзячнасць доктара Яраша сваёй выратавальніцы Зосі Савіч, яго імкненне дазнацца праўды і змыць бруд з імён сапраўдных герояў падполля Гукан скарыстаў, каб распусціць плёткі пра "інтымнае жыццё" Яраша.
Ужо ў знешнім абліччы Гукана ёсць штосьці не проста непрыемнае, а нават страшнае, драпежнае, што праяўляецца ў яго паводзінах (нездарма аўтар у яго партрэце падкрэслівае яго падабенства з ястрабам). Ён, як ястраб, імкнецца не выпусціць сваю ахвяру, не грэбуючы ніякімі сродкамі. Аб’явіўшы калісьці сябе арганізатарам падполля, ён і цяпер не хоча адступаць ад сваёй версіі, бо тады трэба прызнацца ў сваёй подласці — даносе на людзей, якія яго выратавалі. Гукан не пакаяўся і не лічыць сябе вінаватым. Ён усё чакае вяртання мінулых часоў, калі можна было пакараць такіх, як Шыковіч і Яраш. Ён — прадстаўнік той сістэмы, якая адыходзіла разам са сталінскім часам. I ён адчувае сваё поўнае бяссілле перад усталяваннем новых адносін у грамадстве да гэтых людзей "за тое", што "яны не такія, як ён".
Старшыня гарсавета Гукан увасабляе сістэму чыноўніцкай усёдазволенасці, якая ў мінулым падтрымлівала сваё панаванне рэпрэсіямі супраць свайго народа. Прысуд Гукану — гэта прысуд усёй сістэме, якую можна назваць гуканаўшчынай. Пісьменнік сцвярджае непазбежнасць прысуду гісторыі ўсім тым, хто адступаў ад нормаў гуманізму і законнасці.
У сваім рамане "Сэрца на далоні" I. Шамякін надае ўвагу праблеме бацькоў і дзяцей, моладзі, яе жыццю ў такім няпростым свеце, таму што іменна моладзі будаваць новае грамадства, несці ў жыццё дэмакратычныя змены. Выбар свайго месца ў жыцці, магчымасць быць карыснымі грамадству, знайсці асабістае шчасце — вось пытанні, якія хвалююць Тараса Ганчарова і хлопцаў з яго брыгады, Машу і Ніну, Славіка і Ірыну Шыковічаў. Безумоўна, найбольш цікавымі з’яўляюцца вобразы Тараса Ганчарова і Славіка Шыковіча. Правільнасць ва ўсім — і на працы, і ў паводзінах — вызначальная рыса характару Тараса. Адукаваны, дасведчаны; ён да ўсяго ставіцца вельмі сур’ёзна. Стрыманы, разважлівы, ён як бы аглядваецца на сваё званне кіраўніка перадавой брыгады і баіцца зрабіць што-небудзь не так, як патрабуе гэтага званне. Часта герой здаецца ненатуральным, аўтар нібы падганяе героя пад эталон, ідэал "будаўніка камунізму". Асабліва гэта заўважаецца, калі мы чытаем пра Славіка Шыковіча. Наколькі зразумелы Тарас, настолькі непрадказальны Славік. Ён не хоча быць такім, як усе, і пакідае брыгаду Тараса, бо бачыць, што хлопцы, якія яго выхоўваюць, самі далёка не анёлы. Мне, як і пісьменніку, больш падабаецца Славік, які шукае сябе, памыляецца, падае і падымаецца, каб стаць лепшым. Славік увесь час бунтуе, пратэстуе супраць надуманай правільнасці ў жыцці, паводзінах людзей, ён не хоча жыць у свеце крывадушнасці, ханжаства, імкнецца да цеплыні і даверу ва ўзаемаадносінах людзей. Безумоўна, у яго характары шмат юнацкага максімалізму, нават дзяцінства. Але тое, што ён самакрытычны, умее ацаніць свае паводзіны і ўчынкі, што ён здольны да моцных пачуццяў, .— усё гэта сведчыць аб добрых чалавечых якасцях героя, аб станаўленні яго характару.
Цытатная характарыстыка Славіка Шыковіча:
— "Сумна. Злосны ён на бацькоў: збудавалі дачу, напіхалі панчоху грошай… А ён працуе і мусіць харчавацца ў рабочай сталоўцы…"
— "Славіку пры ўсёй яго беспрынцыповасці нялёгка было папрасіць грошай у Тараса".
— "Паводзіны Славіка і абуралі, і забаўлялі".
— "Я адрозніваюся ад цябе адным… Табе ўсё падабаецца, ты ўсім задаволены… А я крытыкую ўсё…"
— "Не люблю, як атлусцелыя дзядзькі пачынаюць мяне вучыць…"
— "Я рос пад бацькавай славай, як пад парасонам.."
— "Мне было ўсё дазволена".
— "Усё-такі ён цікавы хлопец, гэты Славік. Але ў галаве яго — куча смецця".
— "Шпіёніць прыехалі? Куды атамную бомбу скінуць? Дык мы на вас дзесяць скінем!"
— "Прачнуўся Славік у выцьвярэзніку… Напіўся, прыставаў да англійскіх турыстаў".
— "Мама, не трэба мне маралі! Я сыты па горла!"
— "У каго ён, такі чорт, удаўся?"
— "Пра што я мару? Ні пра што! Хачу паляцець у космас. У пустату. Дзе б ніхто не дапытваў і не чытаў "мараляў".
— "Шчанюк! Доўга ты яшчэ будзеш ганьбіць добрае імя бацькі, маці, сястры?"
— "Славік… уткнуўся тварам у матчыны рукі, якія хацелі падняць яго з падлогі, і… заплакаў".
— "Знешне грубаваты і цынічны, Славік быў уражлівы і па-дзявочы сентыментальны".
— "З’явіўся нейкі своеасаблівы гонар: дакажу, што і я не горшы за вас — за Тараса і яго брыгаднікаў…"
— "Усё-такі ён пацешны, гэты балбатліва-галантны хлопчык. З ім не засумуеш".
— "Яму ўсё абрыдла: піжоністыя сябры, модныя дзяўчаткі, пласцінкі з песнямі, рэстараны… Яму хораша было толькі з Машай".
— "Ну і характар! Не ведаеш, што ён выкіне праз хвіліну".
— "Адзін з нас сёння павінен памерці!" — сказаў ён злосна".
— "Зноў закіпала злосць на Машу і Тараса: як ім адпомсціць? "
— "Ён, Славік, доўгі час лічыў, што пазбавіўся ад такіх "перажыткаў і забабонаў, як сумленне, сорам, каханне… Не атрымалася…"
— "Я люблю яе, гэтую рыжую!"
У рамане "Сэрца на далоні", як і ў іншых творах, праявілася майстэрства I. Шамякіна — партрэтыста і пейзажыста. Ужо ў пачатку свайго твора пісьменнік малюе цудоўны пейзаж: "Луг не роўны і не гладкі, перарэзаны старыцамі-раўчукамі, берагі якіх зараслі лазняком, на ўзгорках стаяць дубы, у зарэчнай далечы сінее лес… Нідзе, нават у самым шырокім полі, няма такога адчування прасторы і неабсяжнасці, асабліва калі глядзець з такой вышыні…" Пейзаж нясе ў творах майстра вялікую псіхалагічную нагрузку, ён дапамагае раскрыць настрой герояў, перадае іх пачуцці: радасць ад таго, што так добра тут, за горадам, на дачы, дзе, як скажа Шыковіч, "нават паветра больш, чым дзе…. А якое неба!", ад таго, што побач сябры, блізкія людзі, ад таго, што проста вельмі хораша жыць на белым свеце. Прырода ў Шамякіна цалкам сугучна пачуццям і перажыванням герояў, адцяняе іх, як бы становіцца ўдзельнікам маральна-псіхалагічнай сітуацыі ці выступае як каментарый у адносінах да гэтых перажыванняў альбо падзей: "Сухое сена (на ўзгорку ляжалі першыя пакосы) разлівала далёка навокал не толькі густы водар, які п’яніў, але і асаблівую цяплынь, якая ўзнімала настрой, будзіла фантазію, уяўленні і ўспаміны маленства… Апынуўшыся на высокім беразе над вірыстай плынню, ён (Шыковіч) узмахнуў рукамі, быццам жадаючы паляцець, прагна ўдыхнуў рачную прахалоду і ад захаплення галёкнуў: "Хараство-о-о!" Героі вельмі добра адчуваюць прыроду, назіраюць за зменамі, якія ў ёй адбываюцца, суадносяць змены ва ўласным настроі, у пачуццях са зменамі ў прыродзе. Таму пейзажныя замалёўкі глыбока лірычныя. Як і пейзаж, партрэтны жывапіс I. Шамякіна лірычны: мы не толькі бачым знешні воблік героя, але і адчуваем яго настрой, спасцігаем унутраны мір, глыбіню пачуццяў і перажыванняў. Трэба адзначыць, што партрэты сваіх герояў Шамякін стварае па рысачках, адна да адной: " З акна высунулася лабастая галава з лысінамі-затокамі, што глыбока ўразалася ў доўгія, крыху кучаравыя і моцна ўскудлачаныя валасы" — так чытач упершыню знаёміцца з адным з галоўных герояў рамана Кірылам Шыковічам. Далей: "Праз момант Шыковіч з’явіўся ў зялёна-карычневай паласатай піжаме…", "Яраш быў вышэйшы на цэлую галаву…", "Шыковіч з асалодай пацягнуўся, выставіўшы з-пад піжамных штаноў валасатыя ногі", "ваяўніча выставіў пукаты жывот", "саркастычна прыжмурыў свае маленькія вочкі". Адна рысачка, другая — яны рассыпаны па тэксце, і гэта мае сваю рацыю: чытачу цікава разам з аўтарам "ствараць" партрэты дзеючых асоб, бачыць, як праз партрэтную дэталь аўтар раскрывае паводзіны герояў, іх характар.
Творы Iвана Шамякіна цікавяць чытача ў першую чаргу сваімі сюжэтамі, якія раскрываюць канфлікты паміж героямі, героямі і грамадствам, героямі і часам. У іх заўсёды ўздымаюцца вострыя праблемы, як сацыяльныя, так і маральна-этычныя. "Сэрца на далоні" таму пацвярджэнне. Гэта раман мнагапланавы. З мноства праблем паступова акрэсляцца дзве вядучыя: праблема недалёкага мінулага, ваеннага і пасляваеннага, асуджэнне культу асобы Сталіна і тых заганных сацыяльных з’яў, якія з ім былі звязаны, і праблема дэмакратызацыі ўсёй сістэмы грамадскага жыцця. Канфлікт у рамане — гэта рознае, часам супрацьлеглае разуменне персанажамі як падзей мінулага, так і шляхоў развіцця грамадства ў будучым. Галоўныя героі рамана, прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі — журналіст Шыковіч і доктар Яраш — імкнуцца дазнацца праўду пра мінулае, каб рэабілітаваць тых, хто быў незаконна рэпрэсіраваны, каб тым самым не дапусціць паўтарэння падобнага ў будучым. З вырашэннем праблем сацыяльных цесна звязаны праблемы маральныя, тыя, якія мы называем агульначалавечымі. Гэта праблемы адказнасці чалавека за сябе і свае ўчынкі; вернасці і здрадніцтва; чалавечнасці і ўдзячнасці; вернасці сваёй сям’і, сяброўству; праблема бацькоў і дзяцей, іх выхавання і адказнасці за будучыню нацыі — моладзь…
"Сэрца на далоні" — назва рамана, якая памагае зразумець аўтарскі падыход да вырашэння многіх з пастаўленых пісьменнікам праблем. Гэта падыход, якім Шамякін кіраваўся ўсё жыццё. "Быць чалавекам" заклікае сваіх герояў і чытачоў аўтар. Сцэна аперацыі, якую праводзіў доктар Яраш, з’яўляецца адной з цэнтральных у рамане, набываючы сімвалічнае значэнне. Гэта не толькі сэрца Зосі Савіч, якое яна даверыла хірургу, мужнаму чалавеку, які зараз імкнецца вярнуць ёй жыццё, як вярнуў добрае імя. Гэта яшчэ і аперацыя на хворым грамадстве, з якога патрэбна выдаліць усё хворае, дрэннае, што перашкаджае людзям жыць. Гэта сімвал грамадства, пазбаўленага страху і падазронасці, гэта сімвал шчырасці і адкрытасці, спагады і дабрыні. "Будзь чалавекам — і людзі давераць табе сваё сэрца, сваю любоў.