За некалькі дзён да трагічнай гібелі Кастусь Каліноўскі у змрочнай адзінокай камеры турэмнага каземата напісаў свой славуты зварот «Да беларускага народа» — дакумент надзвычайнай сілы, мужнасці і пачуцця.
«Пісьмо з-пад шыбеніцы» — гэта перадсмяротны наказ Кастуся Каліноўскага, яго запавет беларускаму народу, развітальнае слова:
«Прымі, народзе, на шчырасці мае слова прадсмертнае… Калі пачуеш, што браты твае б’юцца за праўду і свабоду, тады і ты не оставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, — за касу, сякеру — і цэлай грамадой ідзі ваяваць за свае чалавечае і народное права, за сваю зямлю родную…»
Заключныя радкі гэтага звароту перарастаюць у прачулы верш «Марыська чарнаброва, галубка мая!», дзе шчырая пяшчота да каханай Марысі Ямант змяняецца развітальным акордам:
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жывіў шчасці, жыві ў свабодзе…
Марозным веснім ранкам 22 красавіка 1864 г. на Лукішскай плошчы ў Вільні на царскай шыбеніцы загінуў найвыдатнейшы сын нашай зямлі, імя якога залатымі і агністымі літарамі ззяе ў гісторыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы.
Лёс наканаваў яму кароткую, але яркую жыццёвую дарогу рэвалюцыянера і творцы. Але ён, вялікі Араты і Сейбіт беларускай зямлі, зрабіў за свае 26 гадоў у многа разоў больш, чым усе яго папярэднікі, каб баявы кліч «За нашу і вашу свабоду!» сабраў у адзін саюз беларускі, рускі, польскі і літоўскі народы.
Кастусь Каліноўскі адзін з першых звярнуўся да беларускага слова, вывеў родную мову са сферы бытавога ўжывання, зрабіў яе моваю дзяржаўных дакументаў. Каб узняць беларускага селяніна на барацьбу, трэба было звярнуцца са словамі на яго матчынай мове.
Роднае слова хутчэй пранікне пад саламяную страху, лепш запаліць сэрца і дойдзе да разумення простага чалавека. Роднае слова заўсёды робіць цуды!
Грамадска-палітычныя перакананні Кастуся Каліноўскага пачалі складвацца яшчэ ў Свіслацкай гімназіі. З народных глыбінь, добра ведаючы рабскае жыццё беларускага селяніна, яго беззямелле і галечу, прыйшоў ён у 1855 г. у Маскоўскі універсітэт, адкуль восенню таго ж года перавёўся на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта.
Тут ён зблізіўся з рэвалюцыянерамі і стаў адным з кіраўнікоў антыўрадавай арганізацыі. У 1860 г. Каліноўскі, скончыўшы універсітэт са ступенню кандыдата права, вяртаецца на радзіму і становіцца рэвалюцыянерам-прафесіяналам, жывучы на нелегальным становішчы пад рознымі прозвішчамі. Ён згуртаваў у Гродне тайнае таварыства, хадзіў ад вёскі да вёскі, клікаў сялянства на барацьбу за зямлю і волю.
У ліпені 1862 г. чыноўніцкую машыну царскай Расіі затрэсла ліхаманка, на ногі была ўзнята ўся жандармерыя і паліцыя Гродзеншчыны. Ва ўсіх цыркулярах, загадах і данясеннях чарнілася і скланялася газета «Мужыцкая праўда», некалькі экзэмпляраў якой трапіла ў рукі царскіх апрычнікаў.
Усё ў гэтай газеце было неспадзявана крамольным: і бунтарскі дух, і антыцарскія настроі, і суровая крытыка «ўсеміласцівага» маніфеста. Была тут яшчэ адна немалаважная крамола: газета напісана на мове беларускага селяніна, на мове, якая афіцыйна забаронена.
«Гэту мужыцкую праўду напісаў і пісаць будзе Яська — гаспадар з-пад Вільні», — чыталі царскія чыноўнікі апошнія радкі і называлі яе ў даносах і рапартах: «бунтоўная брашура»; «разбуральная газета»; «дзёрзкая пракламацыя»; «лятучыя лісткі разбуральнага зместу»; «ганебная адозва»; «агідны лісток».
Аб тым, што «Мужыцкая праўда» — гэта менавіта газета (а не адозва ці пракламацыя), сведчыць перыядычнасць, нумарацыя і пастаянная назва выдання, цана нумара, знешні выгляд (тэкст друкаваўся на абедзвюх старонках), а таксама — што вельмі важна! — выказванне самога Кастуся Каліноўскага. У «Пісьме з-пад шыбеніцы» ён засведчыў: «і да нашага кутка даляцела газетка, і мы яе з увагай прачыталі…»
«Мужыцкая праўда» выдавалася на беларускай мове, друкавалася лацінкай; захавалася сем нумароў яе. Месца выдання газеты дакладна невядома. Некаторыя гісторыкі лічаць, што яна выдавалася ў Беластоку, другія — у Гродне, трэція — у Вільні, чацвёртыя — у Белавежскай пушчы. Некаторыя нумары (№ 5 і 7) выдаваліся двойчы. У напісанні і выданні газеты апрача Кастуся Каліноўскага прымалі ўдзел арганізатары паўстання 1863 г., паплечнікі Кастуся Каліноўскага — Валерый Урублеўскі, Фелікс Ражанскі. «Мужыцкая праўда» выклікала цікавасць і сярод перадавой эміграцыі. Пра рэпрэсіі за распаўсюджванне газеты пісаў герцэнаўскі «Колакал», назваўшы яе «лятучымі лісткамі», а яе шосты нумар быў цалкам перадрукаваны польскім часопісам «Glos Wolпy», што выходзіў у Лондане.
«Мужыцкая праўда» — узор палымянай публіцыстыкі, і па сённяшні дзень яна — прыклад уздзеяння на розумы і пачуцці. У ёй даступна і вобразна гаварылася пра складаныя палітычныя падзеі.
Кожны яе нумар — гэта палымяны маналог, звернуты да сялян-«дзецюкоў». Каліноўскі таленавіта выкарыстаў традыцыйную форму народнай гутаркі, фальклорную сімволіку (напрыклад, народнае паўстанне ў яго — сяўба), гістарычныя факты, якія могуць быць павучальнымі і пераканальнымі для чытача. Публіцыстыка Каліноўскага, насычаная яркімі параўнаннямі, народнымі фразеалагізмамі і трапнымі гутарковымі зваротамі, — мастацкая публіцыстыка. Кастусь Каліноўскі, дасканала валодаючы жывой беларускай мовай, вядзе простую і сардэчную размову з селянінам: «Працуе бацька цяжка на дзеткі свае, гадуе маці сына, ночанькі не спіць, а цар, сабача яго вера, як гэты воўк, закраўшыся, вяліць лавіці, у дубы скуці і гнаці ад радні далёка…»
Цэнтральная праблема ўсіх нумароў «Мужыцкай праўды» — праблема зямлі і волі. Кастусь Каліноўскі выкрываў хвалёны царскі маніфест, драпежніцкую сутнасць рэформы 1861 г., высмейваў наіўную веру ў «добрага» цара. «Шэсць гадоў ужо прайшло, — пісалася ў першым нумары газеты, — як пачалі гаварыць аб свабодзе мужыцкай. Гаварылі, вытлумачвалі і пісалі шмат, а нічога не зрабілі. А гэты маніфест, што цар з сенатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае, да чаго ён падобны, — ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці».
Выкрываючы антынародную палітыку царскай улады, Кастусь Каліноўскі гаворыць пра дэмакратычную сутнасць сапраўднага ўрада: «Не народ зроблены для ранду (урада), а ранд для народу».
Паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага — самая гераічная і трагічная старонка нашай гісторыі. Яно было патоплена ў крыві.
Мураўёў-вешальнік загадаў пакараць на Беларусі і ў Літве 128 чалавек, а каля 10 тысяч было рэпрэсавана на судзе. Беларускае слова, якое ўпершыню за доўгі час выйшла з-пад сялянскай страхі на шырокі грамадскі прастор, якім загаварылі маніфесты і адозвы часовага паўстанцкага ўрада Літвы і Беларусі, зноў было забаронена.
Жыццё і подзвіг Кастуся Каліноўскага сталі тэмай многіх твораў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў.