Час з 1901 да 1920 гг. — важны перыяд у станаўленні найноўшай беларускай літаратуры, якая ў ХХ ст. дасягнула свайго найвялікшага росквіту. Грамадска-палітычныя абставіны палітычнага жыцця спрыялі новаму этапу беларускага Адраджэння. Найвялікшым здабыткам для культурнага жыцця краю стала з’яўленне першых нелегальных беларускіх газет — "Нашай долі" і "Нашай нівы", вакол якіх згуртаваліся і тыя, хто ўжо меў даробак на літаратурнай ніве, і пачаткоўцы. "Нашаніўскі" перыяд беларускай літаратуры працягваўся ўсяго 10 гадоў (1906-1915), але менавіта тады былі закладзеныя асновы прафесійнай мастацкай літаратуры. Газета была не проста друкаваным органам, дзе кожны пачатковец мог змясціць свае першыя спробы: рэдакцыя "Нашай нівы" стала своеасаблівым штабам і кіравала літаратурным працэсам, дбаючы не толькі пра колькасць, але і пра якасць твораў. Толькі дзякуючы "Нашай ніве" беларуская літаратура мае такіх класікаў як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі. Менавіта газета спрыяла станаўленню таленту гэтых літаратараў.
Янка Купала (Іван Луцэвіч) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. у фальварку Вязынка ў сям’і беззямельнага шляхціца-арандатара. Веды набываў пераважна самастойна. Надрукаваўшы свой першы верш "Мужык" у газеце "Северо-Западный" край (1905), пачаў актыўна супрацоўнічаць з "Нашай нівай", дзе апублікаваў шмат твораў. Пэўны час быў рэдактарам газеты. У нашаніўскі перыяд выдаў зборнікі "Жалейка" (1908), "Гусляр" (1910), "Шляхам жыцця" (1913), шэраг рамантычных паэм — "Бандароўна", "Магіла льва", "Сон на кургане", "Курган", драматычныя творы — "Паўлінка", "Раскіданае гняздо", "Прымакі".
Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. у засценку Акінчыцы Мінскага павета ў сям’і малазямельных сялян. Закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам на Палессі. З 1907 г. працуе ў рэдакцыі "Нашай нівы". У 1908 г. за ўдзел у з’едзе настаўнікаў прыгавораны да 3 гадоў турмы. У час І Сусветнай вайны служыў у расійскім войску, толькі ў 1921 г. вярнуўся ў Беларусь. У першай чвэрці ХХ ст. выдаў зборнікі вершаў "Песні жальбы" (1910) і апавяданняў "Нёманаў дар" (1913), "Родныя з’явы" (1914), паэмы "Новая зямля" (1923), "Сымон-музыка" (1925), аповесць "У палескай глушы" (1922).
Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі) нарадзіўся 10 лютага 1868 г. у Табольску. З 1872 г. сям’я вярнулася на радзіму, жылі ў вёсцы Прымагілле ля Койданава. Самыя раннія творы пісьменніка датуюцца 1893 г. Апрацоўваў народныя паданні, пісаў вершы і апавяданні, драматычныя творы. Памёр 20 мая 1918 г.
Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) нарадзіўся 4 студзеня 1868 г. у маёнтку Добасня на Рагачоўшчыне, але дзяцінства будучага пісьменніка прайшло на Міншчыне, куды пераехала сям’я. Вучыўся ў прыватнай школцы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Люцінцы, Мінскай гімназіі, Маскоўскім універсітэце на медыцынскім факультэце. Літаратурную творчасць пачаў з перакладу на беларускую мову апавядання У. Гаршына "Сігнал", выдадзенага ў Маскве ў 1891 г. Але наступны яго твор — апавяданне "Суд" — з’явілася ў газеце "Наша ніва" толькі ў 1906 г. З гэтага часу ён актыўна супрацоўнічае з беларускамоўнымі выданнямі, друкуе зборнікі апавяданняў "Бярозка" (1912) і "Васількі" (1914). Лепшае ў творчай спадчыне Ядвігіна Ш. — алегарычныя апавяданні, у якіх пісьменнік закранае разнастайныя праблемы тагачаснага беларускага жыцця. Памёр 24 лютага 1922 г. у Вільні.
Цётка (Алаіза Пашкевіч) нарадзілася 3 ліпеня 1876 г. у фальварку Пешчын каля Ліды ў сям’і дробнага шляхціца. Вучыцца з-за сухотаў давялося з вялікімі перапынкамі і толькі ў 1902 г. атрымала пасведчанне хатняй настаўніцы. Адукацыю працягвала ў Пецярбурзе. Там удзельнічала ў працы "Круга беларускай народнай прасветы", што з’явілася вызначальным момантам у станаўленні Цёткі як дзяячкі нацыянальнага беларускага руху. Вярнуўшыся на радзіму, яна актыўна займаецца рэвалюцыйнай дзейнасцю, піша і з дапамогаю сяброў друкуе на шапірографе вершы "Хрэст на свабоду", "Пад штандарам", "Мора". У 1906 г. Цётка мусіла эмігрыраваць у Львоў, дзе падрыхтавала і выдала зборнікі "Хрэст на свабоду" і "Скрыпка беларуская". У 1910 г. яна вярнулася на радзіму. Прымае ўдзел у стварэнні беларускага тэатра, выступае як публіцыстка, рэдагуе часопіс для моладзі "Лучынка". Сваёй актыўнай дзейнасцю і творчасцю Цётка абуджала беларускі народ да свядомага нацыянальна-культурнага жыцця. Памерла ад тыфу 5 лютага 1916 г.
Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 1 снежня 1883 г. у засценку Калеснікі Дзісенскага павета ў беднай шляхецкай сям’і. З прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча веды мусіў набываць самаадукацыяй. У 1909 г. запрошаны на пасаду сакратара рэдакцыі "Нашай нівы". У літаратурнай творчасці актыўна раскрываў тэму гістарычнага мінулага беларусаў. У 1910 г. выдае "Кароткую гісторыю Беларусі". Выступае як літаратурны крытык, рэдагуе часопісы і газэты "Саха" (1911-1912), "Гоман" (1916-1917), "Беларускі сцяг" (1922), "Крывіч" (1923-1927). Прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. Арыштаваны на пачатку масавых рэпрэсій (1930), сасланы ў Сібір, расстраляны ў 1938 г.
Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 г. у сям’і педагога, беларускага этнографа-фалькларыста. Толькі першыя пяць гадоў жыў у Беларусі, бо пасля смерці маці бацька пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Вучыўся ў Яраслаўлі (1896-1916). У друку выступае з 1907 г. выдаў зборнік "Вянок" (1913), выступаў як публіцыст і літаратурны крытык, перакладаў на беларускую мову творы замежных аўтараў. З 1916 г. жыве ў Менску, працуе сакратаром губернскай харчовай камісіі. У лютым 1917 г. паехаў лячыцца ў Ялту, дзе і памёр 25 мая 1914 г.
Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 г у в. Малая Багацкаўка ў сялянскай сям’і. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча (1913), ваяваў на франтах І Сусветнай вайны. У 1919 г. прыехаў у Вільню, дзе займаўся выдавецкай і навуковай дзейнасцю. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1912 г.
Пісаў апавяданні, аповесці, раманы, драматычныя творы, выступаў як крытык і літаратуразнаўца.
У 1923 г. вярнуўся ў БССР, працаваў у Акадэміі навук. Арыштаваны ў 1930 г. высланы ў Вятку. Расстраляны 10 лютага 1938 г.
Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) нарадзіўся 23 красавіка 1886 г. у небагатай жыдоўскай сям’і ў мястэчку Пасадзец. Вучыўся ў школе рабінаў — ешыбоце. Знаёмства з "Нашай нівай" падштурхнула да творчасці па-беларуску. З 1914 г. працуе ў рэдакцыі "Нашай нівы" разам з Янкам Купалам. Выдаў зборнік апавяданняў "Абразкі" (1913). У сваіх творах адлюстраваў цяжкае жыццё беларусаў.
Алесь Гарун (Алесь Прушынскі) нарадзіўся 11 сакавіка 1887 г. у фальварку Новы Двор (цяпер у межах Мінска) у сям’і рабочага. З 1904 г. у партыі эсэраў, арыштаваны (1907) і сасланы ў Сібір. У Мінск вярнуўся ў 1917 г., быў сябрам Беларускай вайсковай камісіі. У друку выступіў у 1907 г. У "Нашай ніве" публікаваў вершы і апавяданні. Выдаў зборнік вершаў "Матчын дар" (1918). У 1920 г. цяжка хворага яго вывезлі ў Кракаў, дзе і памёр 28 ліпеня.
Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. у мястэчку Капыль у сялянскай сям’і. Працаваў у гарбарнай майстэрні. З 1913 г. у Пецярбургу ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. Старшыня ўраду Савецкай Беларусі (1919). У 20-я гг. працаваў рэдактарам часопіса "Полымя". Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. Пісаў вершы, аповесці, раман "Сокі цаліны". У 1928 г. абраны акадэмікам АН БССР. Арыштаваны ў часы рэпрэсій (1936). Памёр 11 красавіка 1937 г.