Літаратура XVI — першай паловы XVII стст.

Іншае

   Найвышэйшага росквіту беларуская культура эпохі Адраджэння (XIV — першая палова XVII стст.) дасягнула ў XV — першай палове XVI стст. Першадаследчыкі «залатога веку» (Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Максім Гарэцкі) звязвалі яго з найбуйнейшым росквітам нашай старадаўняй культуры, найперш з дзейнасцю Францішка Скарыны, яго выданнем кнігу Празе (1517-1519) і ў Вільні. У актыў плёну прыгожага пісьменства нашага залатога веку залічваюць багатую спадчыну і на лаціне — мове ўсёй сярэднявечнай Еўропы: «Прускую вайну» (1516) Яна Вісліцкага і «Песню пра зубра» (1519) М. Гусоўскага.  

   Залатая пара нашай культуры была знітавана не толькі з Рэнесансам, але і з Рэфармацыяй, дзейнасцю такіх слынных асобаў, як Мікалай Радзівіл Чорны, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі.  

   У XVI ст. на Беларусі ўзнікла мноства навучальных устаноў, бо росквіт многіх гарадоў Беларусі быў непасрэдна звязаны з атрыманнем імі магдэбургскага права (права на самакіраванне).  

   У Вільні, Нясвіжы, Берасці, Лоску, Любчы, Цяпіне і Венграве былі заснаваны друкарні, вакол якіх утварыліся цэлыя літаратурныя школы. Прадукцыя нашых друкароў карысталася шырокім попытам не толькі ў ВКЛ, але і ў краінах Заходняй Еўропы.  

   Значнымі былі дасягненні нашых продкаў у навуцы, асабліва ў лінгвістыцы, гісторыі, геаграфіі, астраноміі, матэматыцы, медыцыне. А юрыдычная думка Беларусі ў XVI ст., як вядома, дасягнула найвышэйшага ў Еўропе ўзроўню. Ніводная з тагачасных краін не мела такога дасканалага заканадаўства, як Беларусь, аб чым красамоўна сведчыць змест Статутаў 1529, 1566 і 1588 гг.  

   Трэці Статут канчаткова замацаваў беларускую мову ў якасці афіцыйнай, дзяржаўнай мовы ВКЛ. Можна зразумець гонар Льва Сапегі, які ўрачыстымі словамі пісаў у прадмове да Статута: «Не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чаго нам потреба ку одпору всякое крывды ведати можем». Праца над Статутам і яго выданне ў Віленскай друкарні Мамонічаў — вялікая заслуга Льва Сапегі перад нашай культурай і народам.  

   Трэці Статут ВКЛ набыў шырокую еўрапейскую вядомасць. Ён перакладаўся на польскую, нямецкую, лацінскую, французскую мовы, выкарыстоўваўся на Маскоўскай Русі пры падрыхтоўцы Саборнага ўлажэння 1649 г., у судах Эстоніі і Латвіі. Статуту было наканавана доўгае жыццё. Ён дзейнічаў у XVII і XVIII стст., і толькі ў 1840 г. царскі загад скасаваў яго адначасова з афіцыйнай забаронай назваў «Беларусь» і «Літва», якія жорсткай фантазіяй рускага самадзержца ператварыліся ў «Северо-Западный край» неабсяжнай імперыі.  

   У залатую пару нашай дзяржавы надзвычай хуткімі тэмпамі развіваецца дойлідства. Менавіта тады былі пабудаваны жамчужыны нашай архітэктуры: Траецкі касцёл у Ішкалдзі, Святадухаўская царква ў Кодзені, Барысаглебская царква ў Новагародку, фарны касцёл у Гародні, касцёлы Святой Ганны і бернардзінцаў у Вільні, шэдэўры сусветнага дойлідства цытадэлі-бажніцы ў Супраслі, Мураванцы, Сынковічах, абарончыя сістэмы замкаў у Міры, Нясвіжы, Новагародку…  

   Асаблівасцю культурнага жыцця ВКЛ XVI ст. з’яўляецца мецэнацтва. Міхал Глінскі; мецэнат паэта-гуманіста Міколы Гусоўскага Эразм Вітэліус; радца Багдан Онкаў і бурмістр Якуб Бабіч, дзякуючы якім Ф. Скарына змог рэалізаваць сваю гістарычную задуму, — вось далёка не поўны пералік імёнаў тых, хто паспрыяў духоўнаму адраджэнню.  

   Характэрнай і вызначальнай асаблівасцю эпохі Адраджэння з’яўляецца гуманістычны пафас, абумоўлены трыма вядучымі прынцыпамі: вучэннем пра абсалютную свабоду і неабмежаваныя магчымасці чалавека; уяўленнем пра самакаштоўнасці чалавечага жыцця; натуралізмам. У культуры і светапоглядзе гуманістаў сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці. Свецкія элементы цесна перапляталіся з рэлігійнымі, хрысціянскія — з язычніцкімі, навуковыя — з містычнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах.

 

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений