Уладзімір Бутрамееў — Чужыя грошы

Іншае

  У драме «Чужыя грошы» (1993) Уладзімір Бутрамееў праводзіць сацыяльна-псіхалагічнае і маральнае даследаванне людзей розных тыпаў. Рыгор і Генрых Іванавіч у псіхалагічным плане падкрэслена процілеглыя, што драматург адзначае ўжо ў характарыстыках дзейных асоб: калі першы «павольны, самапаглыблены, з нейкай тугой і адчаем у позірку, ураўнаважаным, упартым, унутрацэласным», то другі — «энергічны, самаўпэўнены, з наскокам, гарачы ў прамовах, увесь час жэстыкулюе». Рыгор жыве ва ўнутраных супярэчнасцях з рэчаіснасцю, прызнаецца жонцы, што не можа цярпець таго, што робіцца навокал. Ён замкнуўся ў сваім свеце, зразумелым толькі яму самому, страціў духоўную цэльнасць у жыцці, прычым у асабістым. «Навошта тады хата? Навошта будаваў, жыў?» — такія ён задае пытанні, адчувае нейкую беззмястоўнасць жыцця. Генрых Іванавіч, дырэктар школы, калега Рыгоравай жонкі, наадварот, з ліку тых, хто на любое пытанне адразу знаходзіць адказ, хто заўсёды ўсё ведае, не абцяжарвае сябе душэўнымі пакутамі. У яго пастаянныя прэтэнзіі да людзей, жыцця, у якім ён лічыць галоўнае — гэта барацьба. Барацьба, змаганне, па яго перакананні, непазбежнасць гістарычная, грамадская неабходнасць. За што ён хоча змагацца? За ідэі, якія перайначаць навакольную рэчаіснасць «до основанья». Генрых Іванавіч вяшчае прыгожыя, абстрактныя, часам проста авантурныя ідэі-погляды. Яго красамоўства асабліва ўражвае жонку Рыгора — Кацярыну Паўлаўну, для якой урэшце становяцца нічога не вартыя ўласная хата, сямейнае жыццё. «Гэтае жыццё, як у турме — гэтая хата… Вы цяпер для мяне ўсё. А жыць у гэтай турме — так далей нельга»,— кажа яна свайму куміру, які цалкам паланіў яе сэрца. Генрых Іванавіч верыць у месіянства ўласных ідэй, навязвае іх і сваю волю, калі апынаецца ў Рыгоравай хаце. Па сутнасці, тое, што ён прапагандуе, калі ўспрымаецца калектыўна, нясе разбурэнне, хаос, вялікія духоўныя і маральныя страты. Генрых Іванавіч увасабляе зло. У яго разважаннях чуваць пытанні, на якія наша шматпакутная гісторыя ўжо дала вычарпальныя адказы. Падмена сапраўдных каштоўнасцяў і ідэалаў хаваецца за словамі і жэстамі гэтага ілжэпрарока: «I яшчэ пытанне: калі б замест храмаў пабудавалі кватэры?»; «А калі людзі адзіныя, ці можа ў іх быць не адзіная хата, га? Вось таму праблема, дзе жыць, для мяне ніколі не існавала».
  Вельмі сімвалічным уяўляецца пачатак п’есы, калі героі гавораць пра хату, збудаваную на месцы кар’ера, і якая развалілася. Ні будучы гаспадар хаты дэмагог Генрых Іванавіч, ні тыя, хто будаваў яе, не думалі, як і дзе будаваць, не паклапаціліся пра падмурак. Вобраз хаты, а ён традыцыйны ў беларускай літаратуры, набывае прыкметнае алегарычнае і філасофскае гучанне. Генрых Іванавіч кліча «ў агульны свет, у нашу агульную хату». Але хіба ў яе можна ўвайсці, калі ім і падобнымі да яго разбураны свет асобнай хаты, калі ў людскіх душах і хатах няма ладу, мудрасці, разважлівасці? У фінале п’есы падчас валтузні з-за грошай раптоўна гіне Рыгор. Гэтыя чужыя грошы, выйграныя калісьці ў карты, нікому не прынеслі шчасця. Адносінамі да іх аўтар п’есы нібыта і правярае ўнутранае пачуванне герояў. А яшчэ — стаўленнем да Бога, адчуваннем Боскага, хрысціянскага ў чалавечай душы.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений